кастрычнік
У кастрычніку мы працягваем заглыбляцца ў ружанцовую малітву.
Ружанец – гэта праслаўленне Хрыста разам з Марыяй, гэта магчымасць зноў прыглядзецца да вялікіх справаў, якія Бог учыніў на працягу гісторыі збаўлення.
На пачатку XV ст. у кляштары картузаў у Трэвіжы адзін з манахаў, Дамінік з Прус, да кожнай са 150 «Вітай, Марыя» пасля слова «Езус» пачаў дадаваць кароткі сказ, які нагадваў пра розныя эпізоды з жыцця Хрыста і Яго Маці (напрыклад: «якога Ты, Пані, з Духа Святога пачала», «якога св. Ян ахрысціў у Ярдане і назваў Баранкам Божым», «які на гары Табор перамяніўся на вачах у апосталаў»). Праўда, гэтыя «клаўзулы» з картузскага Ружанца Благаслаўлёнай Марыі не замацаваліся ў паўсюдным Ружанцы, які сёння практыкуецца.
Аднак падчас I Ружанцовага кангрэсу, які прайшоў у 2017 годзе ў Магілёве, айцы дамінікане нагадалі пра такую форму малітвы на Ружанцы. А таксама падрыхтавалі і выдалі тэксты разважанняў і прыклады дадаткаў. У нашым эфіры святы Ружанец з дадаткамі будзе гучаць штодня ў 22.15, а таксама ў суботу і нядзелю а 13-й гадзіне. Запрашаем!