1 і 2 красавіка

Дарагія радыёслухачы, прапануем Вам канферэнцыю ад а. Канстанціна Анашка пра свята Змёртвыхпаўстання Пана. Каб прачытаць поўны тэкс катэхезы, націсніце "Падрабязней".
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Дарагія браты і сёстры, шаноўныя радыёслухачы, ад усяго сэрца віншую вас з такім радасным, такім чаканым і такім цудоўным Святам – Уваскрасеннем Хрыста! Няхай словы пасхальнага вітання гучаць сёння не толькі на хвалях Радыё Марыя, не толькі ў беларускіх касцёлах, але таксама ў вашых сэрцах і на вуснах, у вашых дамах і семьях, па ўсёй нашай роднай Беларусі! Запрашаю вас разам задумацца, чым з’яўляецца для нас, католікаў, гэты важны дзень – Пасха.
Назва
Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, Уваскрасенне Хрыста, Пасха, Вялікдзень – беларускія назвы самага галоўнага і старажытнага хрысціянскага свята. Як гаворыць сама назва, гэта Вялікі Дзень перамогі Хрыста над шатанам, жыцця над смерцю, любові над нянавісцю. Назва Вялікі Дзень больш характэрная для традыцыі ўсходніх славянаў. Заходнія славянскія народы называюць гэтае свята Вялікая Ноч (Wielkanoc – pl, Velikonoce – cz). Сапраўды, найбольш узнёслы момант святкавання прыпадае на Урачыстую Пасхальную Вігілію. О, сапраўды благаслаўлёная Ноч (Exultet) – увесь Касцёл у радасным чуванні сустракае момант, калі Хрыстос паўстаў з мёртвых. Гэта ноч Змёртвыхпаўстання, Вялікая Ноч. Вялікі Дзень – гэта час радасці, удзячнасці, святкавання і абвяшчэння ўсяму свету, што Бог жывы! Калі ноччу мы перажываем асабістую сустрэчу з Хрыстом, які спаўняе нашае велікапоснае чаканне, дазваляем Яму ўваскрэснуць ў сваім сэрцы, то дзень – гэта час падзяліцца гэтай радасцю, Божай ласкай уваскрасення, з усім светам. Ноч – гэта час нашай сустрэчы з Богам і Яго любоўю, дзень – час, калі я гэтай любоўю дзялюся з бліжнім. Калі я не перажыву радасць Вялікай Ночы, мне не будзе чым дзяліцца, а калі не буду ў Вялікі Дзень абвяшчаць Уваскрасенне Хрыста, то змарную Божыя дары і ласкі, якія атрымаў.
Яшчэ больш папулярная назва сённяшняй урачыстасці – Пасха. Такая назва – грэцкі пераклад на базе арамейскай мовы габрэйскага слова pesah.
Пасха ў Старым Запавеце
Pesach/Pascha – азначае адначасова старазапаветнае габрэйскае свята з яго абрадамі, а таксама важны элемент гэтага рытуала – пасхальнага ягняці (без заганы самец гадавалы, узяты ад авечак альбо коз, Зых 12,5). Калі казаць вельмі агульна, Пасха звязаная з выхадам Ізраіля з Егіпта. Назоўнік pesah паходзіць, як бачна з кантэксту (Зых 12,1-13,6), ад дзеяслова pasah – пераскокваць, асцярожна праходзіць, сцерагчы. Калі Анёл Пана забіваў усё першароднае ў Егіпце, кроў ягняці была знакам на дзвярах дамоў ізраільцянаў. Анёл, убачыўшы такі знак, прайшоў міма (pasah). Такі чынам, слова “пасха” азначае пераход, 1) пераход Яхвэ праз Егіпет, калі Ён пакінуў жывымі габрэяў 2) пераход народа ад няволі да свабоды. Гэты момант назаўжды ўвайшоў у рэлігійную памяць выбранага народа: А дзень гэты стане вам памятным днём, і святкаваць яго будзеце як урачыстасць у гонар Пана ў вашых пакаленнях як вечны звычай (Зых 12,14).
Пасхальныя ўрачыстасці трывалі цэлы тыдзень (свята праснакоў), а іх кульмінацыя прыпадала на 14-ы дзень габрэйскага месяца Нісан альбо Абіб (нашыя сакавік-красавік). Габрэі карысталіся месяцавым календаром, таму Свята (як у юдаізме, так і ў хрысціянаў) з’яўляецца рухомым (не прыпадае на нейкую пэўную дату), і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Пасха належала да 3х пілігрымковых святаў (таксама свята тыдняў і свята шатроў).
Дарэчы, вылічэннем даты хрысціянскай Пасхі займаецца спецыяльная навука – кампустыка (лац. computare – лічыць). Такім чынам Пасха можа прыпадаць на дату у межах 35 дзён: ад 22 сакавіка да 25 красавіка (правасл. 4 красавіка да 8 мая).
Габрэйская Пасха – гэта не проста пасілак у рэлігійнай атмасферы, гэта цэлая літургія, якая складалася з устаноўленых стагодззямі малітваў, абрадаў і страваў лучше з глыбокай сімволікай. Дзялілася яна на дзве часткі: 1) ахвярапрынашэнне ў святыні і 2) вячэра дома, з сям’ёй ці супольнасцю.
- 14 нісан у святыню вялі баранка. Ён павінен быў быць даскналы, без заганы, маўчаў, калі яго вялі на зарэз. Забіць трэба было так, каб не зламаць косткі. Таму пасхальны баранак стаў вобразам Хрыста – Божага Баранка. У пасляабедніх гадзінах святары забівалі баранка так, каб уся кроў сцякала перад алтаром. Тлушч і вантробы спальваліся, а мяса забіралі дадому. Яго нельга было варыць, толькі пячы, прычым, зноў такі, так, каб не зламаць ніводнай косткі. Апісанне Мукі Пана ў Евангеллі ад Яна мае шмат аднясенняў да Старога Запавету, з якіх некаторыя датычаць менавіта гэтага рытуалу святкавання Пасхі.
- Ноччу распачыналася вячэра, на якой кожны жыхар дому меў сваю акрэсленую ролю. У раннім юдаізме пасілак спажывалі стоячы перапаясанымі і з кіем у руках на ўспамін паспешнага выхаду з Егіпта. У часы Езуса згодна з грэка-рымскім звычаем падчас вячэры ўзлягалі пры нізкіх сталах. Парадак свята (Сэдэр) быў такі: наймалодшы задаваў рытуальнае пытанне пра значэнне такой вячэры. Бацька сям’і адказваў у форме haggady – катэхэзы пра гісторыю Збаўлення – апавядання пра тое, што “Бог нам учыніў”. Гэтую прыгожую традыцыю сямейнай катэхэзы варта было б ўводзіць і ў нашу хрысціянскую культуру. Пасля прамаўлення першага благаслаўлення спажывалі прэсны хлеб, абмакнуўшы яго ў чырвоным соусе званым haroszet. Абавязкова павінен быў быць прэсны хлеб (маца). Перад Пасхай кожны габрэй павінен быў ачысціць свой дом ад усяго квашанага, якое было сімвалам егіпецкай грахоўнасці (Ці не нагадвае нам гэта велікапосную споведзь?). Пасля спявалі псальм 114, які апавядаў пра выхад Ізраіля з Егіпта, і выпівалі глыток салёнай вады на ўспамін слёз, пралітых у няволі. Каб памятаць пра іх горкі лёс, спажывалі мяса баранка з горкімі зёламі. Пасілак суправаджаўся рытуалам піцця віна (4 келіхі), Трэці келіх (келіх благаслаўлення) меў найбольш урачысты характар. Пасля яго распачынаўся спеў песні Hallelu (псальмы 112-118). Талмуд кажа, што гэты радасны спеў "павінен знасіць дахі дамоў".
У падобнай атмасферы спажывалі сваю Апошнюю Вячэру Езус і Апосталы. Таксама, паводле Евангелля ад Лукі, судовы працэс і смяротнае пакаранне Хрыста датуем на 14 нісан – габрэйскую Пасху.
Пасха ў Новым Запавеце
Езус разам з вучнямі святкуе Пасху паводле традыцыйнага габрэйскага абраду. Ён з’яўляецца галавой супольнасці (спаўняе ролю бацькі сям’і). Езус дапаўняе і аднаўляе святочны абрад, жэстамі і словамі надае яму новае непаўторнае значэнне і чыніць пасхальную вячэру напамінам Яго ахвяры за нашае збаўленне. Пераход (pesah) атрымоўвае яшчэ адно значэнне – пераход да Айца. Пасля першага келіха Езус прамаўляе новую haggadu – усталёўвае новы і вечны запавет. Як Найвышэйшы Арцысвятар, Хрыстос пераўтварае габрэйскія пасхальныя знакі (хлеб і віно) ў свае Цела і Кроў, а словы, якія Ён пры гэтым кажа, будуць адгэтуль паўтарацца хрысціянскімі святарамі штодня па ўсім свеце.
Калі ў Старым Запавеце Пасха нагадвае пра выхад габрэяў з Егіпта ў Зямлю Абяцаную, то ў Новым – азначае Смерць, Уваскрасенне і Ўнебаўшэсце Хрыста, праз якія адбыўся збаўленны пераход ад смерці да жыцця. Габрэі святкуюць пасху зямную, хрысціяне – Пасху Нябесную. Для габрэяў Пасха – сімвал уратавання першародных сыноў ізраільскіх (якіх уратавала кроў ягнят), хрысціянская Пасха прывяла да Збаўлення ўсіх людзей, пачынаючы ад Адама, праз Ахвярную Кроў Хрыста. Для габрэяў Пасха – ўспамін вызвалення з няволі Егіпта, для нас – вызваленне з больш страшнай няволі – няволі граху і смерці. Так, як выхад з Егіпту меў важнае значэнне для фарміравання выбранага народу, так Смерць і Ўваскрасенне Езуса паслужылі ўстанаўленню супольнасці Касцёла – Люду Божага.
У пачатку хрысціянства Вялікдзень быў не адным са святаў, але „святам святаў”. Яго цэлебравалі пераважна ў ноч чування, а кульмінацыяй была Імша Змёртвыхпаўстання. Таксама сёння памылковым з’яўляецца распаўсюджаны сярод некатолікаў погляд, што для нас больш важнае Божае Нараджэнне. Гэта істотная Ўрачыстасць, але ў табліцы першынства каталіцкіх святаў яна стаіць на другім месцы пасля святога пасхальнага Трыдуума. Новая Пасха здзяйсняецца падчас кожнай Эўхарыстыі. Усходнія хрысціяне Рымскай Імперыі, як правіла, святкавалі гэты дзень незалежна ад дня тыдня, на які ён прыпадаў. На захадзе успамін Змёртвыхпаўстання адзначалі ў першую нядзелю пасля вылічанай даты. Паколькі пасля Ўваскрасення Хрыста нядзеля замяніла габрэйскі шабат і стала святым днём, першыя хрысціяне дайшлі да еднасці і прынялі заходнюю версію, што канчаткова было пацверджана Нікейскім Саборам у 325г. Адметным з’яўляецца, што Пасхальная Вігілія ў Вялікую Ноч стала асаблівым момантам правядзення сакраманту Хросту для катэхуменаў. Варта падкрэсліць, што святкаванне Вялікадня ўжо тады расцягвалася на 50 дзён, аж да Спаслання Святога Духа (сёння – велікодны перыяд).
Сімволіка пасхальнай літургіі
Што датычыць Літургіі найважнейшага хрысціянскага Свята, то яна вельмі насычаная і багатая ў сваёй сімволіцы. Мы толькі што перажылі Святы Пасхальны Трыдуум, і ў нашых сэрцах яшчэ жыве глыбокая атмасфера гэтых дзён. Таму мы не будзем разглядаць усю багатую сімволіку трыдуума, але падкрэслім значэнне некалькіх элементаў Начной Літургіі. Пасхальная Вігілія Урачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана – галоўная Святая Імша напрацягу ўсяго літургічнага года, складаецца з чатырох частак: Літургія Святла, Слова, Хросту і Эўхарыстыі. У кожнай з іх на першы план выходзіць пэўны істотны сімвал.
Святло – у першай частцы вельмі багата прадстаўлена: вогнішча, асвячэнне Пасхала, запальванне святла ў касцёле, распаленыя вуглі і дым кадзіла. Усё гэта сімвалізуе Езуса Хрыста, які ёсць “Святлом свету” (Ян 8,12). Стварэнне святла – першы творчы акт Бога. Святло мае сваю моц, якая паходзіць ад Бога. У святле становіцца магчымым жыццё, святло – адзін з элементаў будучага збаўлення. У гэтай цудоўнай Літургіі Касцёл яшчэ раз прыпамінае нам, што Хрыстос сваёй Смерцю і Ўваскрасеннем перамог цемру нашага граху, вярнуў нам жыццё, асвятліў шлях да Бога і паказаў сэнс нашага існавання і пакліканне да вечнай радасці. Адначасова агонь мае моц – сагравае, спальвае, сімвалізуе прысутнасць Бога. Пасхал – свяча з натуральнага воску, які спальваецца, знікае, каб даць агонь, – паказвае ахвяру Хрыста і сутнасць нашага жыцця – спальвацца з любові для Бога і бліжняга.
Слова – у семіцкай культуры азначае нешта большае, чым проста камунікацыя і артыкуляцыя. Само слова з’яўляецца рэчаіснасцю, выдарэннем. Мае моц: можа благаслаўляць і можа праклінаць, ажыўляць і нішчыць. Бог стварае свет Словам. Чалавечае слова таксама жывое і дынамічнае, таму звязана з адказнасцю. Словы адкрываюць, кім ёсць чалавек. Словы – гэта выраз сэрца, яны паказваюць тое, што ўнутры, сутнасць нашай свабоды. У яшчэ большай ступені гэта датычыць Бога. Ён сам дзейнічае словам, Езус Хрыстус – гэта найпрыгажэйшае Слова Бога. Праз сваё слова Бог кіруе дзеямі свету і лёсам чалавека. Адказам чалавека павінна быць у першую чаргу слуханне. Падчас пасхальнай літургіі мы чуем сінтэз гісторыі нашага збаўлення. 9 чытанняў старога і новага запаветаў паказваюць, як Бог прамаўляў, прамаўляе і будзе прамаўляць да кожнага з нас.
Вада – са старажытных часоў сімвал жыцця і аснова існавання свету. Яна змывае бруд з чалавека, таму заўсёды ва ўсіх культурах была сімвалам ачышчэння. Абмытыя ў вадзе Хросту, мы разам з Хрыстом паміраем для граху і паўстаем да новага жыцця (акунанне і паўставанне з вады – смерць і ўваскрасенне). С першых вякоў Касцёла і да сённяшняга дня Пасхальная Вігілія з’яўляецца найбольш адпаведным момантам для прыняцця сакрамэнту Хросту. Ахрышчаны, стаўшы новым чалавекам, павінен і жыццё сваё аднавіць. Таму вызваленыя ад няволі граху, мы аднаўляем абяцанні, складзеныя падчас нашага Хросту, каб яшчэ раз прыпомніць сабе, што Пан майго жыцця – не сатана і грэх, а Адзіны Бог ў Тройцы Святой.
Хлеб – Эўхарыстыя дапаўняе ў нас Божую справу, распачатую ў святым Хросце. Хлеб - гэта асноўны від ежы, часта сінонім пасілку, мінімум, неабходны для выжывання. Як мы ўжо казалі, на Пасху ужываўся толькі прэсны хлеб – праснакі, якія былі памяткай паспешнага выхаду з Егіпту. У ім не магло быць ніякай закваскі ці засолкі. Свята Пасхі лучылася з 7-дзённым Святам Праснакоў. Такі хлеб – сімвал выбрання і прыналежнасці да Люду Божага, знак, які абавязваў да адпаведнага маральнага жыцця. Хлеб указвае на супольнасць: есці з некім хлеб (дзяліцца) – значыць ствараць з ім супольнасць стала і жыцця, таксама гэта знак гасціннасці, які нараджае ўзаемную сувязь. Хлеб стаў фундаментам новай рэчаіснасці, хлебам жыцця для кожнага, хто хоча стаць удзельнікам новага Божага жыцця. Такі хлеб дае Езус, які сам называе сябе хлебам жывым (Ян 6,48) і сапраўдным хлебам з неба (Ян 6,32). Падчас Апошняй вячэры Ён ламае (дзеліць) хлеб з вучнямі і чыніць яго сваім Целам, Целам Адзінага пасхальнага Баранка. Прымаючы св. Камунію, памятаем пра словы Хрыста: Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі (Ян 6,58).
Рэзурэкцыйная працэсія – у большасці касцёлаў Беларусі сам Вялікдзень пасля начной літургіі распачынаецца рэзурэкцыйнай працэсіяй (у некаторых – адразу пасля). Resurrectio – з лац. Уваскрасенне. Кожная працэсія ў літургіі азначае пілігрымаванне. Сімалізуе падарожжа Ізраіля 40 гадоў па пустыні ў Зямлю Абяцаную і нагадвае нам, што жыццё чалавека – гэта пілігрымка да Нябеснай Айчыны. Гэтая велікодная працэсія – радаснае абвяшчэнне ўсяму свету праўды пра Змёртвыхпаўстанне Пана. Адбываецца яна зазвычай вельмі рана, суправаджаецца званамі і радаснымі спевамі. Рухаецца яна даволі хутка, так, як хутка беглі жанчыны, каб абвясціць Апосталам пра тое, што бачылі. Давайце зноў усведамім сабе, што дар Увакрасення і Божая Любоў дадзены нам не для таго, каб мы іх захавалі для сябе, але каб дзяліліся імі з людзьмі вакол нас. У Вялікдзень па традыцыі ў Ватыкане Папа ўдзяляе адмысловае благаслаўленне Urbi et Orbi – гораду і Свету.
На заканчэнне варта прыпомніць, што традыцыйным Вялікодным сімвалам з’яўляецца яйка. Часта свецкія СМІ распаўсюджваюць міф, што галоўным каталіцкім сімвалам Пасхі з’яўляецца заяц. Гэта тыпова свецкая і народная традыцыя, якая прыйшла да нас з Германіі і не адлюстроўвае сутнасці Вялікадня. Пасхальнае яйка – сімвал нашага нараджэння да новага жыцця, знак, які выразна адлюстроўвае багатае біблійнае значэнне Пасхі і падкрэслівае сутнасць Уваскрасення.
Дарагія браты і сёстры, шаноўныя слухачы Радыё Марыя! Ад усяго сэрца жадаю вам яшчэ раз акунуцца ва ўсю глыбіню гэтых цудоўных Велікодных святаў! Няхай Хрыстус Уваскрослы ўвойдзе ў вашыя сэрцы і вашыя дамы! Няхай благаславіць вас, вашыя сем’і, гарады і вёскі! Няхай адновіць і напоўніць сапраўднай верай, надзеяй і любоўю усю нашу Беларусь!
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
А. Канстанцін Анашка МІС