28 красавіка а 20 гадз.
Дарагія радыёслухачы! У межах XIV фестывалю духоўнай музыкі «Залатагорская ліра» запрашаем Вас на канцэрт фальклорнага ансамбля украінскай песні і абраду "Ватра" з праграмай "З Христом дорогою Христа".
Фальклорны ансамбль ўкраінскай песні і абраду «Ватра» быў заснаваны ў кастрычніку 1996 года пры Мінскім гарадскім культурна-асветніцкім грамадскім аб'яднанні ўкраінцаў «Заповiт» і фінансавай падтрымцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. З 2012 года калектывам кіруе Аляксандр Валодчанка. Удзельнікамі ансамбля з'яўляюцца спевакі-аматары, этнічныя ўкраінцы, якія пражываюць у горадзе Мінску і беларусы, якія маюць ўкраінскія карані і любяць ўкраінскую песню.
Калектыў неаднаразова паказваў сваё мастацтва ў самых розных кутках Беларусі і Украіны, сярод якіх найбольш паспяховымі выступленнямі былі паказы на фестывалі нацыянальных культур у Гродне, у Віцебску на фестывалі «Славянскі базар», у Роўна і Жытоміры на міжнародным фестывалі зімовых абрадавых святаў «Каляда», у Каламыі на фестывалі «Коломыйка». У 2010 годзе ансамбль «Ватра» прымаў удзел і быў узнагароджаны ганаровай граматай на III ўсеўкраінскім з'ездзе украінцаў замежжа ў горадзе Львове. У 2016 - 2018 гадах у Львове калектыў таксама ўдзельнічаў у Калядным фестывале «Вялікая Каляда». У верасні 2017 ансамбль атрымаў першую прэмію на Усеўкраінскім фестывалі - конкурсе аматарскага мастацтва «Пісенні візерунки» ў горадзе Буча Кіеўскай вобласці.
Ансамбль узнагароджаны ганаровай граматай Нацыянальнага Усеўкраінскага саюза музыкантаў за выдатныя дасягненні ў адраджэнні лепшых традыцый ўкраінскай вакальна-харавой культуры і шматгадовую самаадданую музычна-творчую дзейнасць.