8 ліпеня / 09.40

«Радыё Марыя» будзе весці прамую трансляцыю са святкавання. Пачатак - у 9.40.

Парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы запрашаюць на «Купалаў фэст».

Янка Купала, які ў далёкім 1882 годзе нарадзіўся ў Вязынцы, быў ахрышчаны ў касцёле старадаўняга мястэчка Радашкавічы. На ўспамін свайго дзеда і ў гонар найвялікшага прарока будучы паэт атрымаў сваё імя Іван, і для свайго народа стаў паэтам-вестуном нацыянальнага адраджэння.


Сёлета тэма фэсту абумоўлена падзеямі 100-гадовай даўніны, калі Беларусь, як і многія народы Еўропы, зрабіла першы крок да незалежнасці: у 1918 годзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Ад выхаду ў свет першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка» ў сакавіку 1908 года да 25 сакавіка 1918 года паэт крочыў разам з народам праз мірныя і ваенныя гады. Яго паэзія жывіла душы і заклікала да аднаўлення годнасці чалавека і годнасці народа. Пасля маўчання ў час Першай сусветнай вайны у творчым лёсе Янкі Купалы новы этап пачаўся словамі «Для Бацькаўчыны-Маці буду йграць!»

Як адзначае пробашч парафіі ў Радашковічах ксёндз Юрый Быкаў: «Іван Дамінікавіч Луцэвіч паходзіць з каталіцкай сям'і, дзе глыбока захоўвалася вера. Шмат людзей ведае паэта, але не ўсе звяртаюць увагу на хрысціянскі бок яго творчасці. Калі ўважліва пачытаць, то можна заўважыць, што практычна ўся творчасць Купалы насычана хрысціянскай тэматыкай. Тэма сёлетняга фэсту - "Янка Купала - прарок Беларусі". Творы, якія пісаліся яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, з'яўляюцца сапраўды прароцкімі: для Беларусі, для жыцця людзей, духоўнага развіцця.
Добра адпачываць - гэта адпачываць з Богам! Таму шчыра запрашаем усіх добра правесці час у гэтую нядзелю».


Праграма фэсту:
10:00 – святая Імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы у Радашковічах.
11:20 – культурна-грамадская акцыя «Чытаем Купалу разам»: чытанне ўсімі жадаючымі патрыятычных вершаў Янкі Купалы.
12:20 – перапынак на гарбатку.
12. 45 – канцэртная праграма: выступ гуртоў “Miareža”, “Ubi Caritas”.
14.00 – малітва на завяршэнне ў касцёле.

«Радыё Марыя» будзе весці прамую трансляцыю са святкавання. Пачатак - у 9.40.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00