5 верасня / 12.00 і 18.00
У нядзелю, 2 верасня, падчас малітвы «Анёл Панскі», на плошчы святога Пятра, Папа Францішак традыцыйна звярнуўся да вернікаў.
«Дарагія браты і сёстры, добры дзень!
У гэтую нядзелю працягваем чытаць Евангелле паводле Марка. У сённяшнім урыўку (гл. Мк 7, 1-8. 14-15. 21-23), Езус звяртаецца з вельмі важнай тэмай для ўсіх вернікаў: нашая паслухмянасць Божаму слову, а таксама Ён выступае супраць негатыўнага свецкага ўплыву на нашыя сэрцы і залішняга фармалізму.
Аповед пачынаецца з абурэння, з якім кніжнікі і фарысеі звяртаюцца да Езуса, абвінавачваючы яго вучняў у невыкананні рытуалаў у адпаведнасці з традыцыямі. Такім чынам, суразмоўцы мелі намер падарваць давер і аўтарытэт Езуса як Настаўніка, таму казалі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых <...> ?». Але Езус супрацьстаіць ім, адказваючы: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана:
“Гэты народ шануе Мяне вуснамі,
а сэрца іх далёка ад Мяне.
Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы людскім запаведзям"».
Так кажа Езус. Словы Яго зразумелыя і моцныя! Крывадушнік - гэта адзін з наймацнейшых прыметнікаў, які Езус выкарыстоўвае ў Евангеллі, звяртаючыся да рэлігійных настаўнікаў: кніжнікаў, фарысеяў... «Крывадушнік», - кажа Езус. Езус на самай справе хоча, каб гэтыя людзі зразумелі памылку, у якую яны трапілі. Але што гэта за памылка? Яна ў тым, каб парушаць волю Бога, пагарджаючы Яго запаведзямі, дзеля чалавечых традыцый. Рэакцыя Езуса рэзкая, таму што на вазе вялікія рэчы: гэта праўда пра адносіны паміж чалавекам і Богам, праўдзівасць рэлігійнага жыцця. Крывадушнік - гэта ашуканец, ён не з'яўляецца сумленным чалавекам.
І сёння Пан Бог заклікае нас бегчы ад гэтай небяспекі, калі мы звяртаем больш увагі на форму, а не на змест. Ён заклікае наc заўсёды распазнаваць новае, тое, што з'яўляецца сапраўднай крыніцай веры, г. зн. любоў да Бога і любоў да бліжняга, ачышчаючы яе ад крывадушнасці, фармалізму і абраднасці.
Сёння Евангелле нават узмацняецца голасам апостала Якуба, які кажа нам у сціслай форме, якой павінна быць сапраўдная пабожнасць: «Гэта наведванне сіротаў і ўдоваў у іхняй нядолі і захаванне сябе незаплямленым светам» (Як 1, 27).
«Наведванне сіротаў і ўдоваў» азначае міласэрнасць да бліжняга, у першую чаргу да людзей, якія знаходзяцца ў вялікай патрэбе, да слабых, якія знаходзяцца «на мяжы». Гэта людзі, пра якіх Бог клапоціцца асаблівым чынам і просіць нас рабіць тое ж самае.
«Захаванне сябе незаплямленым светам» - гэта не значыць ізалявацца і зачыніццца ад рэчаістнасці. Не. Таксама і тут не павінна быць знешнега выканання гэтых словаў, але ўнутранае, выкананне зместу, г. зн. быць пільнымі, каб на наш спосаб мыслення і нашыя дзеянні не ўплывала негатыўна свецкае жыццё, г. зн., пыхлівасць, сквапнасць, ганарлівасць. На самай справе, мужчына ці жанчына, які жыве ў пыхлівасці, прагнасці, у ганарлівасці і ў той жа час на людзях паводзіць сябе як пабожны чалавек, а потым асуджае іншых, з'яўляецца крывадушнікам.
Цяпер зробім самааналіз, каб убачыць, як мы слухаем Божае слова. У нядзелю мы слухаем яго падчас св. Імшы. Калі слухаць Святое Пісанне павярхоўна, то гэта не прынясе вялікай карысці. Мы павінны прымаць і слухаць Слова з адкрытым розумам і сэрцам, як добрая глеба, якую апрацоўваюць - і яна прыносіць плён. Езус кажа, што слова Божае - гэта зерне, гэта насенне, якое павінна расці ў сэрцы канкрэтнага чалавека. Такім чынам, само Слова ачышчае нашае сэрца і ўчынкі, нашы адносіны з Богам і з усімі іншымі людзьмі, вызваляючы нас ад крывадушнасці.
Няхай прыклад і заступніцтва Панны Марыі дапаможа нам заўсёды шанаваць Пана нашым сэрцам, быць сведкамі нашай любові да Яго ў канкрэтных сітуацыях на карысць нашых братоў».
Нагадаем, што ў эфіры «Анёл Панскі» са Святым Айцом выходзіць кожную сераду і пятніцу.