16 снежня / 16.10

У нашым эфіры зусім нядаўна ішла гаворка пра разнастайныя гаджэты і тое, якое месца яны павінны займаць у жыцці дзяцей.

Тэма настолькі важная і актуальная, што мы вырашылі нагадаць некаторыя асноўныя моманты з размовы пра гэтую праблему. 

Колькі часу дзіця павінна праводзіць каля экрана? Што можна глядзець, а што не? Якія ёсць «карысныя» і «шкодныя» гульні? І як увогуле быць з камп’ютарнымі гульнямі?

Давайце разбяромся.

Гаджэты — гэта частка нашага жыцця, іх можна зрабіць вельмі добраю прыладаю для адукацыі і гульняў як для дарослых, так і для дзяцей. Але каб сучасныя тэхналогіі не прыносілі разладу між людзьмі і не выклікалі залежнасцяў, трэба іх выкарыстоўваць з розумам. З чаго ж пачаць?

Важна памятаць, што дзеці хочуць быць актыўнымі, пазнаваць навакольны свет. Мульцікі — гэта адзін са спосабаў пазнавання наваколля. Калі вы абмяжоўваеце дзяцей у праглядзе мультфільмаў, то ім трэба прапанаваць якую-небудзь альтэрнатыву, бо да пэўнага ўзросту дзеці не ўмеюць прыдумваць самі сабе заняткі, іх трэба скіраваць і дапамагчы. Менавіта на бацьках ляжыць адказнасць за разнастайнасць развівальных забаваў і заняткаў. На жаль, на практыцы так атрымоўваецца, што бацькі забіраюць гульню, але альтэрнатывы не прапануюць.

Пры выбары развівальных гульняў ці заняткаў у гаджэтах, па-першае, неабходна памятаць, што для кожнага дзіцяці ўсё вельмі індывідуальна і залежыць ад узросту і тыпу характару. Таму змест кампутарных гульняў і мультфільмаў абавязкова павінен адпавядаць узроўню развіцця дзіцяці. Па-другое, трэба выконваць усе санітарныя нормы (гэтую інфармацыю вельмі лёгка знасці ў інтэрнэце). Па-трэцяе, варта разам з дзецьмі абмяркоўваць тое, што яны глядзелі, і тое, у што яны гуляліся.



Псіхолаг раіць звярнуць увагу на такія мультфільмы, як «Лунтик», «Смешарики» (першыя сезоны), «Йоналу» (ням.), савецкія мульцікі і інш. Пажадана, каб усе мультфільмы дарослыя загадзя праглядзелі самі. Не трэба паказваць дзецям мульцік «Маша и медведь» і тыя, дзе паказваюць жорсткасць і насілле.

Тэма камп’ютарных гульняў больш складаная. Тут варта памятаць, што калі ў дзіцяці ёсць парушэнні з ЦНС і калі ўжо ёсць залежнасць, не трэба ўвогуле гуляць у гульні на камп’ютары ці тэлефоне. Трэба звярнуць увагу на тып камп’ютарных гульняў, пазбягаць гульняў, у якіх патрэбна хуткая сударгавая рэакцыя, дзе трэба хутка і нервова «тыкаць» у экран, нешта лавіць і г.д.

Лепей знайсці гульні на ўважлівасць, а для дзяцей больш старэйшага ўзросту ідэальна падыдуць гульні-стратэгіі (напр. «Europa Universalis», «Crusader Kings» (рус. «Крестоносцы»), «Heroes of Might and Magic» («Героі»), «Anno» і інш.), квэсты (напр. «Machinarium» — займальная фізіка, механіка; «Kerbal Space Programm» — трэба збіраць касмічную ракету і адпраўляць на арбіту), гульні-загадкі.

Некаторыя бацькі баяцца сучасных тэхналогій з-за таго, што ў дзяцей і падлеткаў вельмі часта фарміруецца залежнасць ад гаджэтаў. І з часам для дзяцей гэта становіцца асноўным заняткам. Але калі прагляд мультфільмаў не з'яўляецца адзінаю актыўнасцю дзіцяці, калі гэтага не вельмі шмат, і калі гэта дапушчальныя перадачы, то яны ніякай моцнай шкоды дзіцяці не зробяць. Галоўнае — падыходзіць да ўсяго з розумам.

Больш падрабязна можна паслухаць у нядзелю 16 снежня ў 16.10

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00