12 красавіка / 11:10 і 21:10

«Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д'ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці.» (1П 5, 8)
Шмат духоўнай небяспекі існуе ў сучасным свеце, рознымі шляхамі, нават самі таго не заўважаючы, мы можам патрапіць у пастку зла.
Але ў сувязі з гэтым таксама з'явілася шмат міфаў і фэйкаў, калі людзі прыпісваюць д'яблу тое, што насамрэч нічога злога і не нясе.
Цяпер вельмі папулярным стала чытаць кнігі па самаразвіцці, глядзець матывуючыя ролікі. «Тэорыя поспеху» - рэкламуецца на кожным шляху.
Але, калі зазірнуць глыбей, то часам у аснове гэтых метадаў па самаразвіцці ляжаць не зусім хрысціянскія каштоўнасці. Альбо самі аўтары - гэта не хрысціяне, а людзі, якія практыкуюць Кабалу, паслядоўнікі Нью-эйджа і г.д. Што ў такіх выпадках рабіць хрысціяніну? Метады ж добрыя, дапамагаюць развівацца, ды і мы ж толькі метадамі карыстаемся, у тэалогію не ўваходзім...
З іншага боку ўзнікае яшчэ адно пытанне. Культура Усходу трапіла на Захад і прынесла з сабою шмат новых кірункаў і практык - ёга, цігун, - якія дапамагаюць знайсці гармонію і раўнавагу. А таксама да гэтага дадаем ўсходнія адзінаборствы - каратэ, айкідо і іншыя.
Калі адкінуць духоўны складнік, дык чаму б і не паспрабаваць іх? Гэта ж нашае здароўе і фізічнае развіццё...
Зусім нядаўна падымалася пытанне наконт вядомага спеву "Сансара", які можна чуць не толькі на свецкіх канцэртах, але любяць яго і выконаюць таксама хрысціяне. Ёсць тыя, хто кажа, што нічога злога няма, бо сэнс песні - перадаць традыцыі будучым пакаленням. А іншыя катэгарычна супраць такіх спеваў.
Прыкладаў яшчэ можна прывесці шмат і складваецца ўражанне, што паўсюль нас чакаюць нейкія падманы і зло. Ці трэба ў жыцці ўсё правяраць?
Дзе міф, а дзе сапраўдная небяспека, разбіраемся разам з а. Аляксандрам Жарнасекам, марыянінам.