Смерць, і што далей? Пра апошнія рэчы чалавека расказвае с. Дар'я Галубкова OV.
Хвала Хрысту! Вітаю вас, дарагія сябры! Сёння ўжо другая нядзеля лістапада, месяца, у якім Касцёл асаблівым чынам моліцца за памерлых.
Успаміны пра нашых родных, сяброў, якія адышлі ў вечнасць, наведванне могілак, набажэнствы і святыя Імшы за памерлых пагружаюць нас у разважанні над тым, што такое смерць, што чакае нас па тым баку.Таму прапаную падчас сёняшняй катэхезы таксама засяродзіцца на гэтай тэме.
Калі мы адкрыем звычайны малітоўнік, то ў раздзеле “агульны катэхізіс” пабачым загаловак “Апошні лёс чалавека”. Загаловак, які мяне асабіста, заўжды інтрыгаваў.
І ў ім тры пункты: смерць, Суд Божы, чысцец, неба або пекла.
Думаю, варта патроху спыніцца на кожным з іх.
Смерць. Чым жа ў хрысціянскім разуменні з’яўляецца смерць?
Незалежна ад таго, якім чынам чалавек памёр, смерць – гэта аддзяленне душы ад цела. Гэта канец ягонага існавання ў часовай гісторыі і, адначасова, пачатак так званых апошніх рэчаў: Суду Божага, ачышчэння, уваскрасення.
Асноўнае, што трэба ведаць пра смерць – гэта тое, што, па-першае, кожны чалавек смяротны. Мы нараджаемся, каб памерці. І нармальна, што гэта можа нас засмучаць, асабліва людзей няверуючых. Бо мы баімся знішчэння, пусткі, бессэнсоўнасці.
Па-другое, смерць – гэта заканчэнне стану пілігрымавання. З смерці ўжо няма вяртання да зямнога жыцця.
Хрысціянства не прызнае рэінкарнацыю, перасяленне душ у іншыя істоты, так званае, мінулае жыццё і г. т. Падчас зямнога жыцця мы прымаем канчатковае рашэнне: дабро ці зло,
Божую волю ці сваю ўласную волю і кіруемся ў выбраным накірунку.
Па-трэцяе, смерць – гэта вынік граху. Гэта сцверджанне аднак не азначае, што першыя людзі ў раі былі несмяротныя.
Несмяротнасць – гэта дар Божай ласкі, а не натуральны стан чалавека. Яны мелі смяротную натуру, але маглі б памерці і без цяперашняга трагічнага досведу смерці, як ворага.
Гэта магло б быць проста перамяненне, нараджэнне да новага жыцця ў любові і даверы к Богу.
Аднак, праз грэх чалавек аддаліўся ад Бога. Вынікам стала балеснае ўспрыманне смерці як ворага, які не толькі знішчае зямное жыццё, але і ставіць яго сэнс пад пытанне. Бог не карае нас смерцю. Толькі мы самі ўспрымаем яе, як вынік атруты граху, недахоп даверу і любові да Бога. Бо менавіта давер і любоў перамагаюць боязь і бессэнсоўнасць смерці,
робячы яе збаўчай таямніцай. І з гэтага вынікае далей, што смерць – гэта адданне сябе Богу.
Смерць можна ўспрымаць як здзяйсненне нашага існавання, Пасху, пераход, унутранае адданне ў рукі Айца. Езус Хрыстус, будучы цалкам паслухмяным волі Айца, перамяніў праклён смерці ў благаславенства.
Што ж адбываецца пасля смерці?
Наступны пункт апошніх рэчаў – Суд Божы. Навучанне Касцёла адрознівае Суд індывідуальны, асабісты, які адбываецца у смерці, і Суд апошні, на канцы часоў, калі Пан прыйдзе судзіць неба і зямлю. Лічыцца, што пасля смерці чалавека, яго несмяротная душа існуе далей ажно да апошняга Суда, калі будуць увасрошаны ўсе целы і аб’яднаюцца з душамі.
У тэалогіі існуюць розныя гіпотэзы наконт Суда і ўваскрашэння цел.
Некаторыя лічаць, што ўваскрашэнне адбываецца ўжо адразу ў смерці, бо ў вечнасці няма часу і прасторы, а значыць няма нейкага перыяду чакання.
Увесь чалавек памірае і адразу ўвесь уваскрашаецца Богам. Падобнае меркаванне існуе і пра Суд: а менавіта, што Суд ёсць толькі адзін, у час смерці, а апошні Суд, у сваю чаргу, будзе такім адкрыццём, абвяшчэннем, калі кожнае стварэнне будзе, як на далоні, і стануць яўнымі учынкі кожнага.
Так ці інакш, усе гэтыя гіпотэзы аб’ядноўвае адно: чалавек, жывучы на зямлі, кажа сваё так альбо не ў ласцы Божай і ў адпаведнасці з гэтым атрымлівае пасля смерці вечную заплату, узнагароду або пакаранне, якія ён спазнае ў поўнай меры пасля ўваскрашэння цела.
І вось мы дайшлі да трэцяга пункта.
Каталіцкая тэалогія гаворыць пра тры магчымасці існавання чалавека пасля цялеснай смерці – гэта чысцец, Неба або пекла.
Неба. Канчатковый мэтай існавання чалавека з’яўляецца поўная камунія – яднанне стварэння са Стварыцелем, камунія са святой Тройцай і з усімі анёламі і святымі. Таямніца гэтай Камуніі пераўзыходзіць усе магчымасці нашага разумення і ўяўлення.
Як кажа святы Павел, а ні вока не бачыла, а ні вуха не чула і не пазнала сэрца чалавека таго, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Але ўжо тут, на зямлі, мы атрымліваем
прадчуванне, папярэдні смак неба ў Эўхарыстыі, святых сакрамантах і братняй любові. Тыя, хто памірае ў Божай ласцы і сяброўстве з Богам, дасканала ачышчаны, валадараць з Хрыстом у Небе на векі вечныя, аглядаючы Бога тварам у твар.
Уваскрослае цела будзе прычынай новай якасці шчасця чалавека, як адзінства душы і цела ў Валадарстві Нябесным.
Іншы стан душы пасля смерці – гэта пекла. Чалавек, аднак, не можа з’яднацца з Богам, калі сам гэтага не захоча. Бог ёсць бясконца добрым і міласэрным, але чалавек у сваёй вольнай волі можа замест Яго дабрыні і любові выбраць супрацьлегласць – самога сябе. І, такім чынам, сам сябе прысуджае на аддзяленне супольнасці з Богам.
Бог нікога не хоча кідаць у пекла, чалавек сам паварочваецца супраць збаўчай волі Бога і адкідае Яго любоў. Гэта ўласны выбар чалавека. Пекла з’яўляецца вынікам граху, які
звяртаецца супраць самого грэшніка. Пакаранне пеклам заключаецца перад усім у адсутнасці Бога, адсутнасці ўдзелу ў пазнанні і любові Бога, а таксама ў разуменні абсалютнай бессэнсоўнасці свайго існавання.
І, урэшці, некалькі слоў пра чысцец. Як ужо была ўзгадана, кожны чалавек у сваім зямным жыцці мае асноўную альтэрнатыву: быць з Богам альбо супраць Бога.
Першы выбар азначае адкрытасць на Бога, хаця гэтая адкрытасць можа быць і не дасканалай. Таму дасягненне поўнага шчасця быцця з Богам можа перабываць ачышчэнне. Чысцец – гэта канчатковае ачышчэнне выбраных. Гэта стан жыцця пасля смерці, у якім Хрыстова любоў ачышчае і падымае чалавека з рэшты яго недасканаласці.
Таксама любоў іншых асобаў, як на зямлі, так і на небе, вядзе да ачышчэння чалавека праз малітвы і адпусты. Дасягнуць дасканалай чысціні для сустрэчы з Богам можна і тут, на зямлі, але не кожнаму гэта ўдаецца. Тады такі чалавек павінен прайсці праз ачышчэнне.
Чалавек становіццца вольным ад сваіх заганоў, каб увайсці ў шчасце неба. Менавіта таму Касцёл моліцца за памерлых і падкрэслівае важнасць гэтай малітвы. Душы, якія праходзяць праз цярпенне чысца не могуць самі за сябе ўзносіць малітвы, але ім дапамагае заступніцтва Касцёла зямнога і нябеснага.
Хрысціяне павінны заўжды памятаць пра неабходнасць малітвы за памерлых. Акрамя святых Імшаў, адмысловых набажэнстваў за памерлых існуе шмат малітваў і пабожных учынкаў, якія можна ахвяраваць у інтэнцыі памерлых.
Благаслаўлёны Ганарат Казмінскі, адзін з заснавальнікаў апостальства дапамогі душам чысцовым, сцвярджаў, што дапамога памерлым самая простая і амаль нічога не каштуе, бо амаль кожную справу, нават найменшую і выкананую з абавязку, мы можам ахвяраваць за гытыя душы з вялікай карысцю для іх.
І сапраўды, узяць хаця б даўнюю традыцыю адгаворваць Анёл Панскі тройчы на дзень або рабіць знак крыжа, выходзячы з дому або праходзячы міма могілак.
Да таго ж існуе магчымасць, асабліва ў лістападзе, ахвяраваць за памерлых адпусты. Дарэчы, тэме адпустаў будзе прысвечана наша наступная катэхеза.
А на сёння, сябры, я з вамі развітваюся і зычу, каб у зямной пілігрымцы вы заўжды рабілі правільны выбар, выбар на карысць Бога і Ягонай любові.
Да сустрэчы праз тыдзень! Пахвалёны Езус Хрыстус!
Шчыры дзякуй за расшыфроўку аўдыёзапісу Наталлі Бабко і Ядзвізе Бабко