Калі пачынаецца літургічны год, з чаго ён складаецца - катэхеза сястры Дар'і Галубковай OV. Азбука хрысціянства.

Хвала Хрысту! Дарагія сябры, вітаю вас на катэхезе “Азбука хрысціянства” ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. 

Гэта, дарэчы, адно з самых маладых святаў у каталіцкім Касцёле. Яго ўстанавіў Папа Пій Ⅺ у 1925 годзе. Гэта быў святы Юбілейны Год і да таго ж -  1600 гадавіна Першага сусветнага Сабору ў Нікеі. Між іншым, гэты Сабор абараніў вучэнне аб роўнасці Асобаў Святой Тройцы. Спачатку ўрачыстасць Хрыста Валадара адзначалася ў апошнюю нядзелю кастрычніка, але ў 1970 годзе святкаванне было перанесена на апошнюю нядзелю літургічнага году, нібыта на завяршэнне шляху, які сустракае сваю мэту ў Валадарстве Езуса Хрыста – таго, хто ёсць альфай і амегай, першым і апошнім, пачаткам і канцом. Думаю, сённяшняя нядзеля – добрая нагода, каб крыху ўзгадаць, чым з’яўляецца літургічны год і з якіх перыядаў ён складаецца. 

Як вядома, Літургія – гэта афіцыйны Божы культ Касцёла. А літургічны год – гэта сумяшчэнне звычайнага гадавога цыкла з таямніцай Хрыста, якая ў гэтай Літургіі цэлебруецца. Таямніца Хрыста раскрываецца на працягу ўсяго літургічнага года, пачынаючы ад Уцелаўлення і Нараджэння, аж да Ўваскрэсення і спаслання Духа Святога, і чакання шчаслівай надзеі прыйсця Пана. 

Дзякуючы дзеянню Духа Святога, збаўчыя здарэнніі і чыны Езуса Хрыста актуалізуюцца, рэалізуюцца ў Літургіі тут і цяпер, бо яны па над часам і па над гісторыяй. У Хрысце мы можам жыць поўняй часу, часам,  напоўненым вечнасцю. Гэта непроста прадстаўленнямі новых спраў – гэта сам Хрыстос, які знаходзіцца ў сваім Касцёле. 

Літургічны год таксама дэманструе асаблівую ролю Найсвяцейшай Панны Марыі ў таямніцы Хрыста. Марыйныя святы падкрэсліваюць прывілеі, якімі Бог яе адараваў, каб падрыхтаваць да ўдзелу ў гэтай таямніцы. 

У сваю чаргу, святы анёлаў паказваюць на іх ролю ў гісторыі збаўлення на розных этапах, ад пачатку да трыумфу апакаліпсіса. 

Успаміны святых і благаслаўлёных праслаўляюць вялікія справы, якія Бог здейсніў ў іх, паказваюць плён, які  прыносіць у Касцёле таямніца Хрыста. 

Літургія імкнецца да таго, каб хрысціянін удзельнічаў у звышнатуральным жыцці, узрастаў у веры і Божай любові. Можна сказаць, гэта найбольш эффектыўная форма абвяшчэння веры, бясконцая катэхеза, якая ўзмацняе нас у надзеі падчас зямнога пілігрымавання. І не важна, што Літургія цыклічна паўтараецца, бо жыццё і таямніцы Езуса Хрыста невычэрпныя. 

Парадак і склад літургічнага году фарміраваўся стагоддзямі пад уплывам шматлікіх фактараў. Перад усім, гэта гісторыя збаўлення і гісторыя Касцёла. Уплыў таксама аказаў габрэйскі каляндар, які абапіраецца на фазы месяца і кручэнні Зямлі вакол Сонца. А старазапаветныя, нават язычніцкія святы праходзілі працэс хрысціянізацыі. Замест язычніцкіх святаў Касцёл пачаў святкаваць урачыстасці, звязаныя са збаўчымі здарэннямі. Такія, як напрыклад, Нараджэнне Пана. Літургічны год таксама пераплятаўся з культурай, абрадамі, звычаямі, натуральным рытмам жыцця чалавека.

Літургічны год у Касцёле распачынаецца ў першую нядзелю Адвэнта. Гэткі тэрмін усталяваўся на мяжы Ⅹ-Ⅺ стагоддзяў. Паводле ранейшага разліку часу, літургічны год пачынаўся першага сакавіка ці ў іншыя дні. Напрыклад, 25 сакавіка, у дзень Звеставання напачатку зямнога жыцця Езуса Хрыста ва ўлонні Марыі. Аднак гэтыя даты ўмоўныя, бо Літургія адбываецца тут і цяпер. 

З якіх жа перыядаў складаецца літургічны год? Коратка ўзгадаем кожны з іх.

Пачнём з самага галоўнага – гэта Святы Пасхальны Трыдуум. Пасхальная таямніца Хрыста – гэта сэрца літургічнага года, яго кульмінацыя. Так як нядзеля вылучаецца сярод іншых дзён тыдня, так і Пасхальны Трыдуум сярод іншых перыядаў літургічнага года, ён распачынаецца з вечаровай Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер і трывае аж да нешпараў нядзелі Уваскрэсення Пана. 

Далей. Велікодны перыяд – 50 дзён ад нядзелі Уваскрэсення да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія цэлебруюцца з радасцю,  як адна вялікая нядзеля. На саракавы дзень пасля Пасхі святкуецца Унебаўшэсце Пана.

Падрыхтоўкай да Пасхі служыць перыяд Вялікага Посту. Велікапосная Літургія чыніць гэта праз хрысціянскае ўтаямнічанне катэхумэнаў праз пакаянне вернікаў і разважанне над пакутамі Хрыста. Пачынаецца Вялікі Пост у Папяльцовую сераду і трывае аж да Імшы Вячэры Пана. У ім шэсць нядзель. Шостая нядзеля, якая распачынае вялікі тыдзень, называецца Пальмовая або Вербная. 

Перыяд Нараджэння Пана. Распачынаецца ён вечарам у вігілію ўрачыстасці Нараджэння Пана, найбольш важны пасля Вялікання, і трывае да нядзелі Хросту Пана. Гэта заўжды нядзеля пасля 6 студзеня - урачыстасці Аб’яўлення Пана або Трох Каралёў. 

Адвэнт – гэта час, які папярэджвае Нараджэнне Пана, час, калі праз успамін першага прыйсця Пана, мы кіруем спадзяванні нашых душ на Яго другое прыйсце ў канцы часоў. Гэта час пабожнага і радаснага чакання. Адвэнт распачынаецца ў нядзелю  30 лістапада, або ў бліжэйшую да гэтай даты нядзелю. Ён заўджы мае чатыры нядзелі, хоць апошні тыдзень можа быць няпоўны.

Урэшце, час звычайны. Застаюцца яшчэ 33 або 34 тыдні, калі не святкуецца нейкая асаблівая таямніца. Яны змяшчаюцца паміж перыядам Божага Нараджэння і Вялікім постам і потым зноў працягваюцца пасля нядзелі Спаслання Духа Святога аж да канца літургічнага года. 

Прыгажосць літургічнага года праяўляецца тады, калі любіш і ім жывеш. Зычу вам, дарагія сябры, інтэнсіўна спасцігаць збаўчыя таямніцы і яшчэ больш наблізіцца да Бога ў новым літургічным годзе.  

Шчыры дзякуй за расшыфроўку аўдыёзапісу Наталлі Бабко і Ядзвізе Бабко

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00