У чым сэнс адпустаў? Якія ўмовы атрымання? За каго можна ахвяраваць адпуст? Расказвае с. Дар'я Галубкова OV.

Тэмай сёняшняй катэхэзы будзе адпуст. Некаторыя вернікі няслушна блытаюць адпуст з адпушчэннем грахоў падчас сакрамэнту пакаяння і паяднання. Хаця, безумоўна, адпуст цесна з ім звязаны.

Многім, нават нехрысціянам, з заняткаў па гісторыі вядома лацінская назва адпусту – індульгенцыя. Звычайна яна выклікае негатыўныя асацыяцыі з гандлям

індульгенцыямі, які моцна асуджаў Марцін Лютар. Дык што ж такое адпуст? І ці на самай справе, гэта лёгкі спосаб адкупіцца ад Пана Бога? Будзем высвятляць гэтыя пытанні.

Пачнём з таго, што кожны ўчынены грэх, мае падвоены вынік. Возьмем прыклад: школьнік сваволіў і размаляваў сваю парту. Пасля ён зразумеў, што зрабіў дрэнна, і папрасіў прабачэння ў настаўніцы, сказаўшы, што больш так не будзе. Добрая настаўніца прабачыла яму, але ад гэтага парта не стала чыстай. Яна папрасіла, каб вучань застаўся пасля заняткаў і яе адмыў.

Падобна і з грахом. Хоць падчас споведзі мы ізноў яднаемся з Богам і атрымліваем Яго прабачэнне, аднак грэх з’яўляецца прычынай таго, што чалавек становіцца даўжніком заўжды перад Богам і часта перад чалавекам. І павінен кампенсаваць гэты доўг. Такім чынам, прабачэнне граху і вяртанне Камуніяй з Богам у сакрамэнце пакаяння - азначаюць адпушчэнне вечнага пакарання, але не адмяняюць часовае. Таму праз малітвы і ўчынкі міласэрнасці хрысціянін павінен старацца выправіць тое зло, што ўчыніў праз грэх. У гэтым яму таксама дапамагаюць адпусты.

Паводле катэхізісу каталіцкага касцёла: адпуст – гэта дараванне перад Богам часовага пакарання за грахі, віна за якія была адпушчана падчас споведзі. Хрысціянін атрымлівае яго пад пэўнымі ўмовамі праз пасрэдніцтва Касцёла, які ён, як распарадчык плёну адкуплення, раздае і правамоцна кампенсіруе са скарбніцы заслуг Хрыста і святых.

Адпуст бывае частковы або поўны ў залежнасці ад таго, ці ён даруе пакаранне часткова або цалкам.

Чаму поўны адпуст мае такое важнае значэнне? Таму што вернік, які памёр адразу пасля атрымання такога адпусту, адразу з’яднаўся б з Богам і святымі ў Нябесным Валадарстве. Памерлыя, якія пакутуюць у чыстцы, таксама належаць да супольнасці Касцёла. Таму мы можам атрымаць адпуст і за іх. Як піша святы Павел у пасланні да Галатаў: “Цяжары адзін аднаго насіце і так выканаеце закон Хрыстовы”.

Узгадаем цяпер, як з’явіліся адпусты і крыху фактаў з гісторыі развіцця вучэння Касцёла аб адпустах.

З самага пачатку свайго існавання Касцёл атрымаў уладу адпушчэння не толькі грахоў, але і пакарання за грэх. На грэшніка, які каецца, Касцёл накладае цяжар пакуты. У старажытным Касцёле пакута была фактычна толькі адна – публічная, да канца жыцця.

Таму, дарэчы, людзі стараліся прыняць хрост як найбліжэй да смерці, каб не паспець награшыць. З цягам часу, аднак, пакутная практыка развівалася і не кожны мог вытрываць цяжкую пакуту. Да таго ж біскупы пераканаліся, што пакута, якую атрымліваюць вернікі на споведзі, не ідзе ні ў якое параўнанне з сапраўдным пакараннем, якое чалавек заслугоўвае за грахі.

Ітак, у адзінаццатым стагодзі нарадзілася ідэя свайго роду грамадскай кампенсацыі ўсяго Касцёла, якая магла б працаваць на карысць усіх грэшнікаў. У ахвяры

жыцця і сведчанні веры святых Касцёл пабачыў крыніцу ласкаў, якімі можна распараджацца на карысць грэшнікаў, якія прагнуць аддаць часовы доўг за свае правіны. Гэта і ёсць тое, што пазней стала называцца скарбніцай Касцёла: усе заслугі Езуса Хрыста, ахвяраваныя, каб чалавецтва было вызвалена ад граху, а таксама малітвы і добрыя ўчынкі Панны Марыі і ўсіх святых. Ключы ад гэтай скарбніцы маюць пастыры Касцёла.

Першым вядомым нам адпустам у сучаснай форме быў адпуст, удзелены ў 1019 годзе пілігрымам, якія прыбылі ў абатства Мон Мажур.

Далей былі адпусты для ўдзельнікаў Крыжовых паходаў.

А ў 1300 годзе Папа Баніфацый Ⅷ абвясціў першы ў гісторыі Касцёла Юбілейны год, у сувязі з якім ўдзяліў адпусту ўсім, хто пілігрымуе да месца пахавання Апостала Пятра. З гэтай пары, дарэчы, Юбілейныя гады рэгулярна адзначаюцца ў Каталіцкім Касцёле.

Цёмная старонка гісторыі адпустаў наступіла напачатку шаснаццатага стагодзя, калі арцыбіскуп Магдэбурга Альбрэхт, які не супраць быў прыўласціць матэрыальныя даброты, і яго супрацоўнік дамініканін Ян Тэццель распрацавалі спосаб зарабіць гандлем адпустовымі лістамі. Яны былі быццам бы не толькі доказам адпушчэння часовага пакарання, але і

гарантыяй збаўлення, якое можна набыць за грошы. Вядома, гаворка тут не ішла ні пра споведзь, ні пра іншыя ўмовы атрымання адпусту. Гэта, канешне, узбудзіла агульнае згаршэнне. У выніку 31 кастрычніка 1517 года святар Марцін Лютар вывясіў на дзвярах катэдры ў Вітэнбэргу 95 тэзісаў супраць гандлю адпустамі, што лічыцца пачаткам рэфармацыі і расколу заходняга Касцёла.

У 1563 годзе на Трыдэнскім Саборы, які быў скліканы ў адказ на рэфармацыю, Папа Пій Ⅳ выдаў Дэкрэт аб адпустах, падкрэсліўшы парадак атрымання адпустаў, права Касцёла ў галіне распараджэння адпустамі і права да сапраўднага пажытку вернікаў, якія імі карыстаюцца.

А ў 1967 годзе Папа Павел Ⅵ зрабіў важныя змены ў пытанні адпустаў.

Па-першае, ён зменшыў колькасць поўных адпустаў і магчымасць атрымаць іх да аднаго раза ў дзень. Папа пакінуў адно выключэнне: другі поўны адпуст у гэты ж самы дзень можна атрымаць у гадзіну смерці.

Частковы жа адпуст можна атрымаць некалькі разоў у дзень.

Па-другое, была адменена мера часу для частковых адпустаў. Калі мы возьмем стары малітоўнік, то пабачым заўвагі да некаторых малітваў.

Напрыклад, адзін год адпустоў ці трыццаць дзён адпусту. Дык вось, гэта мера была адменена. Бо час належыць толькі да зямной рэчаіснасці. У вечнасці няма часу. І таму цяжка казаць аб ім у выпадку чыстца.

Велічыня частковага адпусту залежыць ад таго, наколькі вялікую вартасць мае ўчынак і любоў чалавека, які гэты ўчынак выконвае.

Што трэба каб атрымаць адпуст? Калі і як гэта можна зрабіць? Зараз мы паспрабуем адказаць і на гэтыя практычныя пытанні.

За складанне і публікацыю адпустаў адказвае такі орган Рымскай курыі, як Трыбунал Апостальскай Пенітэнцыярыі. Толькі Папа можа акрэсліваць умовы атрымання адпустаў або дэлегаваць (перадаваць) гэтую ўладу іншым.

Адпуст можна ахвяраваць за сябе або за кагосьці з памерлых. Нельга ахвяраваць адпуст за іншую асобу, якая жыве.

Каб атрымаць адпуст неабходна: па-першае, быць ахрышчаным і ў стане асвячальнай ласкі. Гэта значыць - не мець смяротнага граху.

Па-другое, мець адпаведны намер.

І па-трэцяе, вядома выканаць некалькі ўмоваў. Самая складаная для выканання ўмова (гэта заўвага для тых, хто лічыў адпуст чымсці простым) - гэта ўвесці сваю душу ў стан поўнай падрыхтоўкі: не толькі быць у стане ласкі, але і не мець прывязаннасці да ніякага граху, нават лёгкага. Далей трэба выканаць учынак, звязаны з адпустам. Напрыклад, памаліцца на Ружанцы, прыступіць да сакрамэнту споведзі, прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыі Папы Рымскага.

Тры апошнія ўмовы можна выканаць на некалькі дзён раней або пасля выканання ўчынку, звязанага з адпустам, калі гэта неабходна. Пасля адной споведзі можна атрымаць некалькі поўных адпустаў, але пасля адной Камуніі - толькі адзін поўны адпуст.

У выпадку часовага адпусту неабходны толькі сам учынак і, прынамсі, скруха сэрца.

Кожны дзень можна атрымаць поўны адпуст за паўгадзіную Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях і разважанне Мукі Пана перад адпаведнымі стацыямі, малітву часткай Ружанца (гэта пяць Таямніц) у касцёле, публічнай капліцы, у сям’і, манацкай ці іншай супольнасці, разважаючы над Таямніцамі і называючы Таямніцы згодна з прынятым

звычаем. Таксама поўны адпуст можна атрымаць у вызначаныя дні. Вось прыклады толькі некаторых з іх:

1 студзеня і ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога за публічнае чытанне або спяванне гімна “О Творца Дух Святы прыйдзі” у Вялікую пятніцу за Адарацыю і цалаванне Крыжа падчас Літургіі ў Пасхальную Вігілію ці ў гадавіну ўласнага хросту за аднаўленне абяцанняў Хросту ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста за ўдзел ва Эўхарыстычнай працэсіі.

У нядзелю Хрыста Валадара Сусвету за публічнае чытанне “Акту прысвячэння чалавецтва Езусу Хрысту”. Ён пачынаецца словамі: “О Езу Наймілейшы - адкупіцель роду людскога” і 31снежня за публічнае чытанне або спяванне гімна “Цябе Бога праслаўляем”.

Існуе таксама магчымасць атрымання поўнага адпусту ў асаблівых абставінах. Вось некалькі прыкладаў:

за прыняцце благаслаўлення Папы Рымскага Urbi et оrbi (гораду і свету) ў тым ліку з дапамогай сродкаў масавай камунікацы;

за ўдзел у рэкалекцыях, духоўных практыкаваннях, якія працягваюцца прынамсі тры дні ў дзень Першай Камуніі;

за ўдзел у Прыміцыйнай Імшы новапасвечанага святара;

і вядома ж, адзін з найбольш папулярных адпустаў - за пабожнае наведванне касцёла і малітвы “Ойча наш” і “Веру ў Бога” у дзень цітулярнай урачыстасці касцёла ў свята парафіі.

Менавіта таму часта гэту урачыстасць так і называюць – адпуст.

Поўны адпуст у гадзіну смерці удзяляе святар разам з Апостальскім благаславенствам, або яго можна атрымаць без удзелу святара пад звычайнымі ўмовамі.

Выключна за памерлых поўны адпуст можна атрымаць у днях ад першага да восьмага лістапада, актаве ўсіх святых, за наведванне могілак і малітву за душы ў чыстцы. А таксама другога лістапада ва ўспамін усіх памерлых вернікаў за пабожнае наведванне касцёла або капліцы і малітву “Ойча наш” і “Веру ў Бога”. Аднак, у бягучым годзе з увагі на пандэмію

каронавіруса гэта можна зрабіць і на працягу ўсяго лістапада. А тыя, хто знаходзіцца на ізаляцыі, могуць атрымаць адпуст, не выходзячы з дому на спецыяльных умовах, аб якіх можна знайсці інфармацыю ў інтэрнэце.

Заахвочваю Вас, сябры, скарыстацца гэтым вялікім скарбам Касцёла, якім з’яўляецца адпуст і за сябе, і за ўсе душы ў чыстцы, якім так патрэбна наша дапамога.

І няха добры Бог прыме ўсіх памерлых у Сваё Валадарства.

Шчыры дзякуй за расшыфроўку аўдыёзапісу Наталлі Бабко і Ядзвізе Бабко

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00