"Час напружанага і радаснага чакання, час паміж "ужо" і "яшчэ не", час, які захаваў найбольш традыцыйных спеваў і элементаў рымскай літургіі, час, калі нібыта ажываюць і праходзяць перад вачыма місіянскія прароцтвы Старога Запавету". Катэхеза сястры Дар'і Галубковай OV пра Адвэнт.
Распачаўся Адвэнт – самы таямнічы перыяд літургічнага года. Шчыра прызнаюся, што гэта мой улюбёны час у літургіі Касцёла. Час, напоўнены напружаным і радасным чаканнем, час паміж “ужо” і “яшчэ не”.
Час, які захаваў найбольш традыцыйных спеваў і элементаў рымскай літургіі. Час, калі нібыта ажываюць і праходзяць перад вачыма місіянскія прароцтвы Старога Запавету. Раратнія Імшы на світанні, адвэнтавы вянок, які пры набліжэнні Божага Нараджэння гарыць усё ярчэй - ўсё гэта мяне дужа захапляе.
І сёння, і на наступнай катэхезе я хачу падзяліцца з вамі разважаннямі пра перыяд Адвэнту.
Само слова “адвэнт” лацінскага паходжання. У Рыме яно азначала афіцыйнае прыбыццё ў горад важнага чыноўніка. У рэлігійным значэнні гэта было ўрачыстае, сімвалічнае прыбыццё язычніцкіх багоў у святыні. Яно святкавалася штогод. Іншымі словамі – гэта была ўрачыстасць, прысвечаная нейкаму з гэтых багоў.
У хрысціянстве “адвент” стаў класічным словам для азначэння прыйсця Езуса Хрыста, як таго першага, праз уцелаўленне і нараджэнне з Дзевы, так і паўторнага прыйсця - у хвале. Адвэнтавая літургія - гэта нібыта каментар да другой просьбы малітвы Панскай: прыйдзі Валадарства Тваё.
На папярэдняй катэхезе мы ўзгадвалі, што таямніца Езуса Хрыста, таямніца нашага адкуплення, пачынаецца ва ўцелаўленні і нараджэнні, рэалізуецца праз Крыж і Ўваскрэсенне, квінтее ў жыцці Касцёла і імкнецца да прыйсця Пана ў канцы часоў. Дык вось, у Адвэнце сустракаецца першая і апошняя фаза гэтай таямніцы.
З радасцю чакаючы нараджэння Сына Божага, нашага Адкупіцеля, мы адначасова рыхтуемся да таго, каб стаць перад Ім, калі Ён прыбудзе судзіць жывых і памерлых.
Гэтымі двума прыйсцямі тлумачыцца падвоены характар Адвэнту. Гэта адначасова перыяд радаснага чакання і пакутнага прыгатавання. Матывы падвоенага прыйсця ў міласэрнасці і ў справядлівасці, у Бэтлеееме і на Апошнім судзе праходзяць праз Адвэнтавую літургію калі па чарзе, калі побач.
Гэта можна заўважыць нават не паглыбляючыся ў вывучэнне літургічных тэкстаў. З аднаго боку, маем элементы, характэрныя для перыяду Вялікага Посту: фіялетавы колер літургічнага адзення, колер пакаяння, не спяваецца гімн “Хвала на вышынях Богу”.
А з іншага боку, з надзеяй гучыць спеў “Аллелюя”. Мы ўсклікаем: “Будзь суцешаны, мой народзе! Хутка прыйдзе тваё збаўленне!”. І гэта, не гаворачы ўжо пра раратнюю святую Імшу. Першае прыйсце Пана абвяшчае прарок Ісая. Ягоны заклік да Бога: “О, каб Ты адчыніў нябёсы і зышоў”, з’яўляецца лейтматывам усяго Адвэнту.
Другое ж прыйсце абвяшчае святы Ян Хрысціцель. Ён узносіць свой голас: “Падрыхтуйце дарогу Пану! Чыніце простымі сцежкі Яму!”
Калі ўявіць сабе адвэнтавы трыпціх – гэта значыць абраз, які мае цантральную частку і два крылы па баках, то можна з упэўненасцю сказаць, што на гэтых крылах будуць прарок Ісая і Ян Хрысціцель.
А хто ж тады будзе на цэнтральнай выяве? Аб гэтым крыху пазней…
А пакуль некалькі словаў пра структуру літургічнага перыяду. Адвэнт распачынаецца ад першых нешпараў нядзелі, якая прыпадае паміж 28 лістапада і 3 снежня, і трывае да першых нешпараў Нараджэння Пана.
Нешпары – гэта вечаровая малітва Касцёла. А першыя нешпары – гэта малітва ўвечары, у вігілію, напярэдадні.
Адвэнт доўжыцца каля чатырох тыдняў. Звычайна апошні тыдзень бывае няпоўны, але нядзель заўжды ёсць чатыры. Кожная з іх адметная, непаўторная.
Трэцяя нядзеля Адвэнту носіць традыцыйную назву «Gaudete» - “радуйцеся”, бо гэтым словам пачынаецца антыфона на ўваход. У гэтую нядзелю святар апранае арнат светла-фіялетавага ці ружовага колеру. Мы радуемся, бо ўжо хутка Збавіцель будзе сярод нас.
Другая частка Адвэнту, пачынаючы з 17 снежня, гэта фактычна непасрэдная падрыхтоўка да Нараджэння Пана. Кожны дзень з 17 па 24 снежня мае асобныя, адмысловыя літургічныя малітвы, чытанні і антыфоны.
На апошніх хацелася б крыху затрымацца. Увогуле антыфона – гэта рэфрэн, які выконваецца перад і пасля псальму ці спеву ў хрысціянскай літургіі. Антыфоны да песні Марыі “Магніфікат”, які ўжываецца ў Адвэнтавых нешпарах з 17 па 23 снежня, а пасля 1970 года і ў спевах перад Евангеллем падчас Літургіі Слова, называюцца Вялікімі антыфонамі або
антыфонамі “О”. Чаму так? Бо яны пачынаюцца з тужлівага выклічніка “О” і аднаго з тытулоў Збавіцеля: О, Мудрасць! О, Аданай! О, Корань Есэя! О,Ключ Давідаў! О, Усход! О, Валадар народаў! О, Эммануэль!
Кожны з гэтых тытулаў спасылаецца на словы ўжо знаёмага нам героя Адвэнту - прарока Ісаі, аб прыйсці Месіі.
Хрыстос – гэта Мудрасць. Ісая кажа пра Яго: “І спачне на Ім Дух Пана, Дух мудрасці і розуму”.
Хрыстос – гэта Аданай, гэта значыць, Госпад, Пан! Ісая кажа: “Бо Пан – наш суддзя! Пан - наш заканадаўца! Пан – Валадар наш, Ён збавіць нас!”
Хрыстос – гэта Корань Есэя. Есэй быў бацькам караля Давіда, з роду якога паходзіць Езус Хрыстус. Прарок Ісая гаворыць пра Мессію: “І выйдзе парастак з корня Есэя!” і таксама, што Ён стане, як знак для народу.
Хрыстос – гэта ключ Давіда. “ І ключ дому Давіда ўскладу на рамёны яго. Ён адчыніць - і ніхто не зачыніць. Зачыніць Ён - і ніхто не адчыніць”
Хрыстос – гэта Ўсход. У прарока чытаем: “Народ, які ходзіць у цемры, убачыць Святло вялікае. Над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяе Святло!” І ў іншым месцы: “Паўстань, ззяй, Ерузалем, бо прыйшло Святло тваё і Слава Пана ўзышла над табою!”
Хрыстос – гэта Валадар народаў! “Бо дзіця нарадзілася нам! Сын дадзены нам! Валадарства на плячах Ягоных! І дадуць імя Яму – Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Валадар вякоў, Князь супакою!” – так кажа прарок.
Хрыстос – гэта Эммануэль! Гэта азначае: Бог з намі! Ісая гаворыць: “Пан сам дасць вам знак: вось Дзева зачне ва ўлонні і народзіць Сына і дадуць імя яму – Эммануэль!”
У Вялікіх антыфонах Адвэнтавае чаканне дасягае сваёй кульмінацыі. Цікава, што першыя літары тытулаў Езуса Хрыста, калі чытаць іх у арыгінале, на лацінскай мове, ад канца да пачатку ствараюць акраверш Erokras, што азначае: я буду заўтра, я прыду заўтра.
Пан Езус, да прыйсця якога мы рыхтуемся ў Адвэнце і да якога звяртаемся ў Вялікіх антыфонах, цяпер ужо запэўнівае нас, што хутка прыйдзе. Такім чынам антыфоны “О” не толькі прыўносяць інтэнсіўнасць у адвэнтавую падрыхтоўку, але і вядуць яе да радаснага завяршэння.
Калі казаць пра найбольш папулярны (і не толькі ў рэлігійных колах) сімвал Адвэнту, то вядома гэта будзе адвэнтавы вянок. Ужо амаль пару стагодзяў існуе традыцыя ўпрыгожваць ім касцёлы, дамы.
Ідэя вянка належыць пратэстанскаму пастыру Іогану Віхэрну з Гамбурга, які аднойчы разам з дзеткамі з прытулку для сіротаў прыдумаў запальваць па адной свечцы кожны дзень Адвэнту падчас малітвы.
Пазней лічба свечак была зменшана да чатырох – па адной на кожную нядзелю.
Чым больш святла, тым бліжэй свята Божага Нараджэння нашага Пана.
Калісьці у адной сям’і я бачыла цудоўны адвэнтавы падсвечнік. Ён быў адметны тым, што меў наверсе анёлкаў са званочкамі, якія круціліся ад цёплага паветра, якое выдзялялася ад гарэння свечак, і такім чынам утваралі звон. З кожнай чарговай свечкай анёлкі круціліся ўсё хутчэй і хутчэй, а радасны звон станавіўся ўсё гучней, нагадваючы пра набліжэнне Божага нараджэння.
Надышоў урэшце час нагадаць пра наш адвэнтавы трыпціх. Побач з прарокам Ісаем і Янам Хрысціцелем на яго галоўнай выяве знаходзіцца, як вы ўжо напэўна здагадаліся, Найсвяцейшая Панна Марыя – благаслаўлёная, якая паверыла, што збудзецца абяцанае ёй Панам.
Пра Марыю, галоўную гераіню Адвэнту, а таксама пра спецыяльную Імшу, падчас якой мы яе ўшаноўваем, пагаворым з вамі ў наступную нядзелю.
У Велікодным часе мы вельмі часта спяваем і паўтараем вокліч “Аллелюя”, што па-габрэйску азначае “ Хваліце Пана! Будзь праслаўлёны!”
Можна сказаць, што “Аллелюя” – гэта галоўнае пасхальнае слова. Чымсьці падобным у Адвэнце з’яўляецца слова MARANA THA, што па-грэцку азначае – прыйдзі, Пане Езу. Няхай жа і мы, як мудрыя панны, разам з усім Касцёлам будзем трымаць нашы светачы напоўненымі алеем любові, каб сустрэць жаніха, калі ён прыйдзе.
Прыйдзі, Пане Езу, каб нас збавіць!
Прыйдзі нас вызваліць і не спазняйся!
MARANA THA!
Дзякую ўсім за ўдзел у катэхезе, і да сустрэчы праз тыдзень.
Пахвалёны Езус Хрыстус!
Шчыры дзякуй за расшыфроўку аўдыёзапісу Наталлі Бабко і Ядзвізе Бабко








