
Паглыбляйце свае веды па Літургіі разам з Радыё Марыя! Сэнс слоў Першай Эўхарыстычнай малітвы тлумачыць кс. Андрэй Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні над І Эўхарыстычнай малітвай – Рымскім Канонам. Сёння пазнаёмімся з чарговымі малітвамі, якія прамаўляюцца ў ёй.
МАЛІТВА “UNDE ET MEMORES”
Гэта першая малітва, якую святар прамаўляе пасля акламацыі пасля кансэкрацыі.
развёўшы рукі, святар кажа:
Unde et mémores, Dómine, nos servi tui, sed et plebs tua sáncta, eiúsdem Christi, Filii tui, Dómini nóstri, tam beátae passiónis, nec non et ab inféris resurrectiónis, sed et in caélos gloriósae ascensiónis: offérimus praeclárae maiestáti túae de tuis dónis ac dátis hóstiam púram, hóstiam sánctam, hóstiam immaculátam,
Pánem sánctum vítæ ætérnæ et Cálicem salútis perpétuæ.
Афіцыйны пераклад на беларускую мову гучыць наступным чынам: "Пане, мы, слугі Твае, i Твой люд святы, успамінаючы благаслаўлёную муку i ўваскрасенне, а таксама хвалебнае ўнебаўшэсце Езуса Хрыста, Сына Твайго, Пана нашага, складаем найсвяцейшай велічы Тваёй
3 Тваіх дароў i шчадротаў ахвяру чыстую, ахвяру святую, ахвяру беззаганную, Хлеб святы жыцця вечнага і Келіх вечнага збаўлення".
Святар прамаўляе гэтую малітву, развёўшы рукі, як падчас калекты. Картузіянцы, дамініканцы і кармеліты раней прамаўлялі гэтую малітву, выцягнуўшы рукі ў бакі ў форме крыжа. Таксама гэты звычай існуе ў сарумскім абрадзе.
Раней на словы “ахвяру чыстую, ахвяру святую, ахвяру беззаганную, хлеб святы жыцця вечнага і келіх вечнага збаўлення” рабілася пяць асобных знакаў крыжа: тры разы на Гостыяй і келіхам разам і па адным знаку крыжа над імі паасобку. Наконт гэтых знакаў крыжа ісеуюць шматлікія версіі.
Усе згаджаюцца, што яны не азначалі благаслаўлення, бо ані Гостыя, ані келіх благаслаўлення не патрабуюць. Аднак наконт іх дакладнага сэнсу меркаванні разыходзяцца.
Частка літургістаў лічаць, што іх трэба цалкам успрымаць у містычным значэнні, як напамін пра муку нашага Пана. Св. Тамаш кажа, а іншыя за ім паўтараюць, што гэтыя крыжы сімвалізуюць пяць ранаў. Айцец Лебрэн у сваёй сапраўды цудоўнай працы “Explication des Prières et des Cérémonies de la Messe” (том ІІ, с. 232) прыводзіць найбольш прыгожае тлумачэнне сэнсу гэтых знакаў крыжа: “Калі падчас гэтай малітвы мы робім пяць знакаў крыжа, то першы — на словы “hostiam puram” — паказвае, што тут ляжыць чыстая Ахвяра, якая была прыбіта да крыжа; другі — на словы “hostiam sanctam” — паказвае, што тут ляжыць Ахвяра, якая была прынесена на крыжы; трэці — на словы “hostiam immaculatam” — паказвае, што гэта беззаганная Ахвяра, якая была забіта на крыжы; чацвёрты — на словы “panem sanctum” — паказвае, што перад намі знаходзіцца святы хлеб жыцця, гэта значыць Той, хто сказаў: “Я сапраўдны Хлеб жыцця, які сышоў з нябёсаў і памёр на крыжы, каб даць вам жыццё”; а пяты — на словы “calicem salutis” — паказвае, што Кроў, якая знаходзіцца ў келіху, гэта тая самая Кроў, якая была праліта на крыжы дзеля збаўлення свету”. Словам, знакі крыжа перад кансэкрацыяй або здзяйсняюць благаслаўленне, або сімвалізуюць яго; пасля кансэкрацыі яны паказваюць, што на алтары знаходзіцца Найсвяцейшая Ахвяра, прынесеная на крыжы.
МАЛІТВА “SUPRA QUAE PROPITIO”
Súpra quæ propítio ac seréno vultu respícere dignéris: et accépta habére, sícuti accépta habére dignátus es múnera puéri tui iusti Ábel, et sacrifícium Patriárchae nóstri Abráhae, et quod tíbi óbtulit súmmus sacérdos túus Melchísedech, sańctum sacrifícium, immaculátam hóstiam.
Узглянь на яе міласціва i спагадна i ласкава прымі яе, як прыняў дары праведнага слугі Твайго Абэля, ахвяру патрыярха нашага Абрагама i святую ды беззаганную ахвяру, якую прынёс Табе найвышэйшы святар Твой Мельхізэдэк.
Перадусім рэч, якая заслугоўвае ўвагі ў гэтай малітве , гэта алюзія да ахвяраў Абэля, Абрагама і Мельхізэдэка. Яны згадваюцца ў гэтым месцы, бо сярод усіх ахвяраў Старога Запавету яны маюць найбольш простае дачыненне да той ахвяры, якая прыносіцца падчас Імшы.
Па-першае, кроў справядлівага Абэля, наўмысна пралітая ягоным братам Каінам, вельмі моцна нагадвае тое, што беззаконныя габрэі пралілі кроў нашага нявіннага Збаўцы, які паводле цела быў іхнім суайчыннікам. Зноў жа, тое, што Абэль ахвяраваў Богу першынцаў свайго статку (Быц 4:4), вельмі добра сімвалізуе нашага Пана, Які, па словах св. Паўла, “быў першародным між многімі братамі” (Рым 8:29).
Святы Патрыярх Абрагам, які веў свайго адзінага сына Ісаака, каб прынесці яго ў ахвяру на гары, з’яўляецца правобразам Спрадвечнага Айца, Які аддаў у ахвяру свайго Адзінароднага Сына, нашага Пана і Бога, дзеля нашага збаўлення. Ісаак жа, які нёс на сабе дрэва, на якім ён павінен быў быць спалены, прадстаўляе нашага Збаўцу, Які нёс свой крыж на Кальварыю.
Згадка пра ахвяру Мельхізэдэка мае шмат значэнняў. Мельхізэдэк згадваецца ў Пісанні як святар Найвышэйшага, прытым не падаецца імёнаў ягоных маці і бацькі, увогуле аніякай генеалогіі, а таксама ані пачатку, ані канца ягоных дзён. Тут праяўляецца самая цікавая сувязь з нашым Панам, пра Якога Святое Пісанне кажа: “І хто раскажа пра ягоны род?” (Іс 53:8). Аднак падабенства паміж Мельхізэдэкам і нашым Панам яшчэ большае. Першы быў адначасова каралём і святаром. Наш Пан таксама з’яўляецца каралём і святаром. Кароль Салема ахвяраваў хлеб і віно, бо быў святаром Найвышэйшага. Наш Пан ахвяруе сябе ў святой Імшы пад тымі самымі постацямі; каралеўскі псальміст называе Яго “святаром навекі на ўзор Мельхізэдэка” (Пс 109).
Апошнія словы гэтай малітвы (“ахвяру святую, беззаганную гостыю”) былі дададзены Папам Львом Вялікім (V ст.). Відавочна, яны адносяцца не да згаданых тут ахвяраў старога закону, а да святой Ахвяры Імшы, дзе беззаганным ахвярным Ягнём з’яўляецца наш Пан.
У наступнай перадачы мы працягнем разважанні над Першай эўхарыстычнай малітвай. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!