
"Пакорна просім Цябе, Усемагутны Божа, загадай свайму святому Анёлу, занесці гэтую ахвяру на Твой нябесны алтар, прад Аблічча Тваёй Боскай Велічы, каб заўсёды ўсе мы, якія ўдзельнічаем у гэтай ахвяры алтара і прымаем Найсвяцейшае Цела і Кроў Сына Твайго, атрымалі шчодрае нябеснае благаслаўленне і ласку" - гэтую частку малітвы тлумачыць кс. Андрэй Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Папа Бэнэдыкт XVI зазначае: “Эўхарыстыя з’яўляецца надзвычайнай «таямніцай веры», «сутнасцю і падсумаваннем нашай веры». Вера Касцёла – гэта па сутнасці эўхарыстычная вера. Яна асаблівым чынам жывіцца пры эўхарыстычным стале. Вера і сакрамэнты – гэта два аспекты эклезіяльнага жыцця. Узбуджаная абвяшчэннем Божага слова, вера корміцца і ўзрастае ў спатканні з ласкай уваскрослага Пана, якое адбываецца ў сакрамэнтах: «Вера выражаецца ў абрадзе, а абрад узмацняе і ўмацоўвае веру». Таму сакрамэнт алтара заўсёды застаецца ў цэнтры жыцця Касцёла; «дзякуючы Эўхарыстыі Касцёл заўсёды нараджаецца наноў!»” («Sacramentum Caritatis», 6)
Працягваем нашыя разважанні над І Эўхарыстычнай малітвай – Рымскім Канонам. Сёння пазнаёмімся з чарговай малітвай, якія прамаўляецца ў ім.
МАЛІТВА “SUPPLICES TE ROGAMUS”
Гэтая малітва дапаўняе папярэднюю малітву “SUPRA QUAE PROPITIO”– разам яны складаюць другую эпіклезу Канона. Яна уключае просьбу аб пасрэдніцтве анёла пры прыняцці эўхарыстычнай ахвяры, падобна як у александрыйскім абрадзе ў малітве перад Святы, Святы, Святы...
Як адбываецца прамаўленне гэтай малітвы? Святар схіляецца і з зведзенымі рукамі прамаўляе:
Súpplices te rogamus, omnipotens Deus: iube hæc perférri per mánus sáncti Ángeli tui in sublíme altáre túum, in conspéctu divínae maiestátis túae; ut, quotquot ex hac altáris participatióne sacrosánctum Fílii tui Córpus et Sánguinem sumpsérimus.
Пакорна просім Цябе, усемагутны Божа, загадай свайму святому Анёлу занесці гэтую ахвяру на Твой нябесны алтар прад аблічча Тваёй боскай велічы, каб заўсёды ўсе мы, якія ўдзельнічаем у гэтай ахвяры алтара i прымаем Найсвяцейшае Цела i Кроў Сына Твайго.
Святар выпростваецца і робіць знак крыжа са словамі:
ómni benedictióne caelésti et grátia repleámur.
Што азнача просьбу, атрымалі шчодрае нябеснае благаслаўленне i ласку.
Святар зводзіць рукі:
Per Christum Dóminum nostrum. Amen.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Раней, чытаючы першую частку гэтай малітвы, святар нізка схіляўся, паклаўшы зведзеныя рукі на алтары, і калі ён даходзіў да слоў “ex hac altaris participatione”, ён цалаваў алтар і, выпрастаўшыся, рабіў на сабе знак крыжа, адначасова прамаўляючы словы “omni benedictione cælesti et gratia repleamur”.
Адносна таго, што за святы анёл згадваецца тут, існуюць розныя меркаванні.
Некаторыя кажуць, што гэта анёл, якога Бог пасылае назіраць за Ахвярай, падобна як за ахвярамі старога закону таксама назіралі анёлы, як мы бачым гэта ў розных частках Святога Пісання (гл. Быц 22:11; Суд 6 і 13; Лк 1).
Айцец Мацей Захара MIC заўважае, што няма вялікага значэння, ці павінен успамінацца адзін анёл, ці некалькі (як нп. у тзв. Каноне Амброзія ідзе гаворка пра некалькіх - праз рукі Тваіх Анёлаў), бо ў тэксце ідзе гаворка перад усім аб анёльскім служэнні. На працягу гісторыі шматлікія літургісты ідэнтыфікавалі ўзгаданага Анёла з постаццю самаго Хрыста, а таксама з Духам Святым.
Кармеліты і дамініканцы, прамаўляючы першую частку гэтай малітвы, раней мелі звычай схіляцца і скрыжоўваць рукі адна на адной на грудзях (гэты жэст называўся brachiis cancellatis).
Калі на Фларэнтыйскім саборы ў 1439 годзе ў грэкаў запатрабавалі тлумачэння наконт іхняй малітвы, якая просіць Бога зрабіць хлеб Найсвяцейшым Целам, а віно ў келіху — Найдаражэйшай Крывёю Хрыста, тады як яны ўжо былі пераменены падчас кансэкрацыі, тыя выказалі пратэст супраць слоў малітвы, якую мы цяпер разглядаем, а менавіта супраць малітвы “Supplices te rogamus”, сцвердзіўшы, што яны могуць абараніць сваю малітву настолькі ж лёгка, як мы сваю. Аднак, паколькі яны цалкам прызналі, што адзінай дзейснай прычынай транссубстанцыяцыі з’яўляюцца словы кансэкрацыі, Айцы Лацінскага Касцёла не палічылі патрэбным усчынаць дадатковы рух перад усім Саборам і дазволілі застацца гэтай малітве ў грэцкіх літургіях там, дзе яна была, не пераносячы яе ў якое-небудзь ранейшае месца Канона.
У грэцкай літургіі распаўсюджаны яшчэ адзін незвычайны абрад: дамешванне цёплай вады ў келіх пасля кансэкрацыі.
Напачатку Імшы яны дадаюць у віно некалькі кропель звычайнай вады, як гэта робім і мы, прыводзячы тыя самыя літаральныя і містычныя прычыны для гэтага. Аднак дадаванне цёплай вады, ды яшчэ і пасля таго, як адбылася кансэкрацыя, па меншай меры, выглядае дзіўна, калі не сказаць абуральна.
На Фларэнтыйскім саборы наконт гэтага абраду ішла вельмі гарачая дыскусія, бо лацінскія Айцы сурова асуджалі яго і спярша мелі намер прымусіць грэкаў адмовіцца ад яго, каб можна было напісаць і зацвердзіць дэкрэт аб уз’яднанні з імі.
Аднак Даратэй, біскуп Міцілены, прадставіў настолькі красамоўную і здавальняючую прамову ў абарону гэтай практыкі, што перацягнуў усіх Айцоў на свой бок. Нават сам Папа выказаў захапленне гэтай абаронай, а звычай быў зацверджаны і дагэтуль захоўваецца грэкамі.
Словы, якія прамаўляюцца пры гэтым дамешванні цёплай вады, указваюць на містычнае значэнне абраду: “Цеплыня веры, поўная Духа Святога. Амінь”. Гэта паўтараюць тройчы, а ваду ўліваюць у келіх у форме крыжа. Кажучы пра гэты абрад, св. Герман піша: “Паколькі з бока Хрыста разам праліліся кроў і цёплая вада, то гарачая вада, якая наліваецца ў келіх пасля кансэкрацыі, дае поўнае прадстаўленне пра таямніцу тым, хто п’е гэтую святую вадкасць з келіха, быццам з жыццядайнага бока нашага Пана” (Neale, Littledale, Translation of the Primitive Liturgies, с. 120; Goar, Euchol. Graec., c. 148).
Апошні з названых аўтараў падае поўную гісторыю гэтага абраду, таму да яго можна смела звяртацца.
Заканчэнне Per Christum Dóminum nostrum паводле сучасных літургічных прадпісанняў з’яўляецца неабавязковым, факультатыўным, хоць, канешне, мы не можам забывацца пра тое, што мы менавіта і атрымліваем ласкі праз нашага Пана, які ёсць Адзіным Збавіцелям свету.
У наступнай перадачы мы працягнем разважанні над Першай эўхарыстычнай малітвай. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!