
Над глыбенёй слоў малітвы “NOBIS QUOQUE PECCATORIBUS”, якой молімся ў першай малітве Эўхарыстычнай разважае кс. Андрэй Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні над І Эўхарыстычнай малітвай – Рымскім Канонам. Сёння пазнаёмімся з чарговай малітвай, якія прамаўляецца ў ёй, а менавіта
МАЛІТВА “NOBIS QUOQUE PECCATORIBUS”
Праваю рукою ўдарае сябе ў грудзі, кажучы:
Nóbis quoque peccatóribus fámulis tuis, Таксама i нам, грэшным слугам Тваім,
развёўшы рукі, працягвае: de multitúdine miseratiónum tuarum sperántibus, pártem áliquam et societátem donáre dignéris cum tuis sanctis Apóstolis et Martýribus: cum Ioánne, Stéphano, Matthía, Bárnaba, Ignátio, Alexándro, Marcellíno, Pétro, Felicitáte, Perpétua, Agatha, Lúcia, Agnéte, Caecília, Anastásia et ómnibus Sánctis tuis: intra quorum nos consórtium, non aestimátor mériti, sed véniae, quaésumus, largítor admitte.
якія спадзяюцца на вялікую міласэрнасць Тваю, будзь ласкавы даць удзел у еднасці з Тваімі святымі апосталамі i мучанікамі: з Янам, Стэфанам, Мацеем, Барнабам, Ігнацыем, Аляксандрам, Марцэлінам, Пятром, Фэліцытай, Пэрпэтуяй, Агатай, Люцыяй, Агнешкай, Цэцыліяй, Анастасіяй i ўсімі святымі Тваімі. Увядзі, просім, i нас у ix супольнасць не дзеля нашых заслугаў, але дзякуючы Твайму прабачэнню.
Раней, калі малітва эўхарыстычная прамаўлялася ў цішыні, пры першых словах гэтай малітвы святар парушаў цішыню, якая ўстанавілася ад пачатку Канона, гучна прамаўляючы словы “Nobis quoque peccatoribus” — “Таксама і нам, грэшным”. Гэтае біццё сябе ў грудзі, многія літургісты адносілі перад усім да паставы беднага мытніка з Евангелля, калі пайшоў у святыню памаліцца. А ў Ірландыі існаваў звычай, калі прыслугоўваючы адказваў на гэтыя словы “Parce nobis, Domine” — “Пашкадуй нас, Пане”.
Адносна таго, чаму прыпынялася ў гэты момант цішыня, некаторыя аўтары заўважалі, што гэта робіцца, каб узгадаць пакорны крык аб міласэрнасці добрага злачынцы на крыжы.
Значэнне слова “quoque”, “таксама”, якое выкарыстоўваецца ў гэтай малітве, заснавана на сувязі гэтай малітвы з папярэдняй. Яно нібыта кажа: мы памаліліся аб месцы адпачынку і спакоі для нашых памерлых братоў; мы таксама молімся аб гэтай ласцы для саміх сябе, каб мы з’ядналіся са святымі апосталамі і мучанікамі.
Святару неабходна ведаць, якія святыя пералічваюцца ў гэтай частцы Канона, а таксама ў малітве “Communicantes”, каб магчы зрабіць паклон, калі Імша цэлебруецца ў дзень іх свята або калі робіцца іх успамін. З гэтай прычыны мы палічылі неабходным даць кароткі нарыс іх жыцця.
Першым у гэтым спісе згадваецца св. Ян. Доўгі час не было зразумела, св. Ян Евангеліст гэта ці св. Ян Хрысціцель, прычым аўтарытэтныя меркаванні выступалі за розныя варыянты. Гэтае пытанне заставалася нявырашаным на працягу доўгага часу, а абодва Яны мелі аргументы на сваім баку пакуль, нарэшце, аб гэтым не спыталіся меркавання Святой Кангрэгацыі абрадаў. У сакавіку 1824 года яна адказала, што ў гэтым месцы згадваецца св. Ян Хрысціцель і што менавіта на ягоныя святы тут трэба рабіць паклон.
Касцёл устанавіў два святы ў гонар св. Яна Хрысціцеля: свята яго нараджэння (24 чэрвеня) і свята яго мучаніцтва (29 жніўня). Сцвярджаецца, што частка галавы гэтага святога знаходзіцца ў касцёле св. Сільвестра ў Рыме, а іншая частка — у Ам’ене, у Францыі.
Св. Стэфан (26 снежня). — Гэтаму святому зазвычай надаецца тытул першамучаніка, бо ён быў першым мучанікам Новага Запавету, які публічна пацярпеў за веру. Ягоныя рэліквіі былі перанесены з Ерузалема ў Рым прыкладна праз чатырыста гадоў пасля смерці.
Св. Мацей (24 лютага). — Калі з-за вераадступніцтва Юды сярод апосталаў з’явілася вольнае месца, на яго лёсаваннем быў выбраны Мацей. Як ён памёр, дакладна не вядома, але лічыцца, што ён скончыў свае дні ўкрыжаваннем. Гэты апостал не называецца разам з іншымі апосталамі ў малітве “Communicantes”, таму што ён увайшоў у іхнюю групу толькі пасля Мукі нашага Пана; не называецца ён і ні ў водным з Евангелляў.
Св. Барнаба (11 чэрвеня). — Св. Барнаба нарадзіўся на Кіпры. Спачатку яго звалі Ёсіем, аднак потым ён змяніў імя на Барнаба, што з арамейскай мовы азначае “сын суцяшэння”. Ён быў сябром і таварышам св. Паўла ў святым служэнні.
Св. Ігнацый (1 лютага). — Згодна з пабожнай традыцыяй, гэта менавіта той святы, якога ўзяў на рукі наш Пан, калі сказаў апосталам: “Хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае”. У пачатку ІІ ст. ён стаў біскупам Антыёхіі і пацярпеў мучаніцтва ў 107 годзе пры Траяне. Кажуць, што ён заснаваў у Касцёле традыцыю спяваць наперамен, даведаўшыся пра такую практыку ад анёлаў, спеў якіх ён часта чуў.
Св. Аляксандр (3 мая). — Гэты святы стаў Папам у 100 годзе. Яго называе мучанікам Сакрамэнтарый св. Грыгорыя Вялікага.
Св. Марцэлін (2 чэрвеня). — Марцэлін быў святаром у Рыме і падчас пераследу Дыяклецыяна ў 304 годзе прыняў мучаніцтва разам са св. Пятром Экзарцыстам.
Св. Пётр (2 чэрвеня). — Гэтага святога зазвычай называюць св. Пятром Экзарцыстам, бо ён не прыняў усіх пасвячэнняў. Ён прыняў мучаніцтва разам са св. Марцэлінам у 304 годзе.
Св. Пэрпэтуя (7 сакавіка). — Св. Пэрпэтуя пацярпела мучаніцтва ў Карфагене, у Афрыцы, у 202 годзе, ва ўзросце 22 гадоў. Забіла яе дзікая карова, якую на яе выпусцілі і якая раскідала яе па амфітэатры. Яе імя і імя яе сяброўкі св. Фэліцыты ў Рымскі Канон дадаў Папа Грыгорый Вялікі.
Св. Фэліцыта (7 сакавіка). — Пра гэтую святую можна сказаць толькі тое, што яна прыняла мучаніцтва разам са св. Пэрпэтуяй. Не варта блытаць яе са св. Фэліцытай, якая была закатавана пры імператары Антоніі Піі.
Св. Агата (5 лютага). — Кажуць, што яна нарадзілася на Сіцыліі. Св. Агата прыняла мучаніцтва ў 251 годзе пры пераследзе Дэцыя.
Св. Люцыя (13 снежня). — Св. Люцыя нарадзілася ў Сіракузах і прыняла мучаніцтва каля 304 года. Кажуць, што яе цела захоўваецца ў Мецы, дзе пры некаторых нагодах выстаўляецца для пакланення. У мастацтве яе часта выяўляюць з пальмавай галінкай у адной руцэ і лямпай у другой руцэ. Светач лямпы сімвалізуе яе імя, якое паходзіць ад лацінскага “lux”, святло.
Св. Агнешка (21 студзеня). — У календары ёсць дзве святыя, якія носяць гэтае імя, аднак пра адну кажуць значна часцей за іншую. Св. Агнешка прыняла мучаніцтва каля 305 года. Яе касцёл пры Наментанскай дарозе надае тытул кардыналу і штогод рыхтуе авечак, з воўны якіх потым робяць арцыбіскупскія паліі. У старажытным мастацтве яе выяўляюць у цудоўным беласнежным убранні, а побач стаіць кат з алебардай.
Св. Цэцылія (22 лістапада). — Згодна з найлепшымі крыніцамі, гэтая святая прыняла мучаніцтва ў 230 годзе. Яе зазвычай называюць апякункай музыкі і выяўляюць на абразах з лірай у руках. У старажытным Касцёле гэтая святая была настолькі шанаваная, што для яе свята была ўкладзена адмысловая прэфацыя, якую потым дадалі ў Сакрамэнтарый Папы Грыгорыя Вялікага. Кажуць, што яна заўсёды насіла з сабою копію Евангелляў.
Св. Анастасія (25 снежня). — Кажуць, што гэтая святая сустрэла сваю смерць у агні, бо ў 304 годзе, падчас пераследу Дыяклецыяна, яе загадаў спаліць прэфект Ілірыі.
У наступнай перадачы мы працягнем разважанні над Першай эўхарыстычнай малітвай. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!