
Успамін памерлых у першай малітве Эўхарыстычнай - гэта выраз таго, што Эўхарыстыя цэлебруецца ў лучнасці з усім Касцёлам, як нябесным, так і зямным - катэхеза кс. Андрэя Кеўліча.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні над І Эўхарыстычнай малітвай – Рымскім Канонам. Сёння пазнаёмімся з чарговай малітвай, якія прамаўляецца ў ёй, а менавіта “MEMENTO” ЗА ПАМЕРЛЫХ (успамін памерлых).
Літургія, праз якую — асабліва ў боскай эўхарыстычнай Ахвяры — «здзяйсняецца справа нашага адкуплення», найбольш спрыяе таму, каб вернікі сваім жыццём выяўлялі і паказвалі іншым таямніцу Хрыста і сапраўдную сутнасць праўдзівага Касцёла - навучае ІІ Ватыканскі Сабор. І канешне ж, важную ролю ў Эўхарыстычнай малітве займаюць малітвы заступніцтва, праз якія выражаецца тое, што Эўхарыстыя цэлебруецца ў лучнасці з усім Касцёлам — як нябесным, так і зямным — і што ахвяра складаецца за яго і за ўсіх яго членаў, жывых і памерлых, якія былі пакліканыя да ўдзелу ў адкупленні і збаўленні, здабытым праз Цела і Кроў Хрыста.
Эўхарыстычную ахвяру Пасхі Хрыста Касцёл складае за памерлых дзеля таго, каб яна дапамагла ўсім членам Хрыста, якія яднаюцца між сабою; адным — прыносячы духоўную дапамогу, а іншым — даючы суцяшэнне надзеі – чытаем у Агульных Уводзінах да рымскага імшала.
Касцёл прыносіць за памерлых эўхарыстычную Ахвяру Пасхі Хрыстовай, узносіць за іх малітоўныя просьбы. Гэтак Касцёл жадае выпрасіць для памерлых духоўную дапамогу, а для жывых — суцяшальную надзею, паколькі ўсе члены Хрыста злучаны паміж сабой. – чытаем ва Ўводзінах да Парадку пахавання.
“MEMENTO” ЗА ПАМЕРЛЫХ
З разведзенымі рукамі святар прамаўляе:
Meménto etiam, Dómine, famulórum famularúmque tuárum N. et N., qui nos praecessérunt cum signo fídei, et dórmiunt in sómno pácis.
на беларускай мове гэтая малітва гучыць: Памятай, Пане, таксама пра слугаў Тваіх N. і N., якія адышлі перад намі са знакам веры i спяць у супакоі.
Затым святар зводзіць рукі і пэўны час моліцца за тых памерлых, за якіх мае намер маліцца. Потым, развёўшы рукі, працягвае:
Ípsis, Dómine, et ómnibus in Christo quiescéntibus, lócum refrigérii, lúcis et pácis, ut indúlgeas, deprecámur.
Просім Цябе, Пане, дай ім i ўсім, хто спачывае ў Хрысце, прабываць у месцы суцяшэння, святла i супакою.
На заканчэнне святар зводзіць рукі:
Per Christum Dóminum nostrum. Amen.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Канешне ж, літургісты кажуць таксама аб пэўнай сімволіцы жэстаў у гэтай малітве.
Раней, пачынаючы прамаўляць гэтую малітву, святар павольна зводзіў рукі перад сабою так, каб скончыць гэты рух на словы “in somno pacis”. Гэты павольны жэст сімвалізуе павольны, пакутны рух душы, якая рыхтуецца пакінуць цела, а злучэнне рук нагадвае пахаванне цела ў яго ціхае месца адпачынку ў зямлі.
У старажытныя часы ў тым месцы, дзе знаходзяцца літары “N. і N.”, было прынята чытаць з дыптыхаў імёны тых памерлых, за якіх маліліся асаблівым чынам. Сёння на месцы гэтых літар святар таксама мае магчымасць успомніць імёны тых памерлых, у інтэнцыі якіх ахвяравана святая Імша, а таксама робіць паўзу пасля слоў “спяць у супакоі”, каб прыватна згадаць тых, за каго ён хоча памаліцца.
Тут выконваюцца тыя ж правілы, як і ў “memento” за жывых, толькі што тут ён не можа маліцца аб навяртанні людзей, бо гэтая малітва датычыцца толькі тых памерлых, якія знаходзяцца ў чысцы. У тым выпадку, калі Найсвяцейшая Ахвяра прыносіцца за тую душу памерлага, якая не можа атрымаць з яе карысці (альбо з-за страты вечнага збаўлення, альбо з-за атрымання вечнай радасці неба), тэолагі супольна навучаюць, што плёны гэтай Імшы далучаюцца да скарбу Касцёла і потым удзяляюцца ў адпустах паводле волі Усемагутнага Бога.
Варта звярнуць асаблівую ўвагу яшчэ на адну рэч: выраз “et dórmiunt in sómno pácis” афіцыйна пераладзены проста як “спяць у супакоі”, хоць літаральна больш карэктна было б “i спяць сном супакою”. Карысна будзе заўважыць, што тое жорсткае слова “смерць”, якое мы выкарыстоўваем сёння, першыя хрысціяне амаль ніколі не ўжывалі пры размове пра сваіх памерлых. Смерць для іх была не чым іншым, як сном да вялікага дня ўваскрасення, калі ўсе зноў падымуцца на гук трубы анёла. Гэтая светлая думка займала іх розумы і ажыўляла іхнюю надзею падчас размовы са сваімі адсутнымі сябрамі ў малітве.
Падобна і з месцам пахавання: яго не называлі суровай назвай “могілкі”, а выкарыстоўвалі больш мяккую назву “цвінтар”, якая паходзіць з грэцкай мовы і азначае месца сну. Таксама і слова “хаваць” сімвалізавала скарб, які адкладалі да таго часу, калі Богу спадабаецца надаць яму лепшае выкарыстанне ў апошні дзень. Такое дарэчнае прымяненне слова “заснуць” да смерці часта сустракаецца і ў Святым Пісанні, дзе мы часта знаходзім такія выразы.
“Memento” за памерлых прысутнае і на Усходзе. Малітвы ўсходніх хрысціянаў за памерлых вельмі кранальныя. У копцкай літургіі св. Базыля “memento” мае наступную форму: “Падобным чынам, о Пане, узгадай таксама пра ўсіх тых, што ўжо заснулі ў святарстве і сярод свецкага люду; будзь міласцівы даць іхнім душам адпачынак на лоне нашых святых патрыярхаў Абрагама, Ісаака і Якуба; па водах суцяшэння прывядзі іх у месца зеляніны, у райскае месца асалоды, дзе няма смутку, тугі і ўздыхання, у святло святых”.
На Усходзе існуе вялікая прывязанасць да старажытнай фразеалогіі, таму там можна часта бачыць згадкі пра “лона Абрагама” ў значэнні прамежкавага стану ачышчэння ў наступным жыцці, які мы зазвычай называем чысцам.
У сіра-якабіцкай літургіі Бар-Маадана частка “memento” гучыць наступным чынам: “Залічы іх да колькасці Тваіх выбраных; накрый іх зыркім воблакам Тваіх святых; пастаў іх па сваёй правіцы разам з авечкамі і ўвядзі іх у Твае сялібы”.
Наступная частка ўзята з літургіі св. Яна Хрызастома, якою, як мы казалі раней, карыстаюцца ўсе каталіцкія і схізматычныя грэкі Усходу: “Успомні, Госпадзе, усіх, у надзеі ўваскрасення, жыцця вечнага і еднасці з Табою заснулых, айцоў, братоў і сёстраў нашых, Чалавекалюбны Уладару”.
У наступнай перадачы мы працягнем разважанні над Першай эўхарыстычнай малітвай. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!