Набажэнства і Літургія - ці гэта адно і тое ж: разважае кс. Андрэй Кеўліч. 

Laudetur Jesus Christus! Вітаем, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Мінулым разам мы разважалі над тым, што азначае паняцце “Літургія”. Казалі аб тым, што літургія - кожнае богаслужэнне, якое здзяйсняецца ў Касцёле і ад імя Касцёла.
Сёння мы паспрабуем разгледзець значэнне слова “набажэнства”, а таксама ці можна яго ўжываць як сінонім для слова “літургія”.
Многіх думаю можа нават трошкі здзівіць пытанне аб мэтазгоднасці ўжывання гэтага слова: як жа так – “расклад набажэнстваў”, “прыняў удзел у набажэнстве” – здаецца, гэтая практыка стала настолькі ўстойлівай, што нават няма сэнсу з ёй спрачацца. Ды і навошта? Ўсё ж ў парадку, каму гэта перашкаджае?
Але як кажуць, не ўсё золата, што блісціць. калі мы захочам знайсці азначэнне слова “набажэнства”, будзем мець пэўныя складанасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы:
набажэнства, -а, ніякі род: Царкоўная служба, богаслужэнне. Сёння ў касцёле першае набажэнства. Колас. Як пачалося набажэнства і выпаў час адпачыць, .. [званар] прысеў на невялікі ўслон.. і закурыў. Лупсякоў.
богаслужэнне, -я, ніякі род Адпраўленне ў царкве рэлігійных абрадаў служыцелямі культу; набажэнства.
Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы (Мінск, 2013) не дае нам азначэння слова “набажэнства”. У ім ёсць тлумачэнне слоў “набожнасць” (уласцівасць набожнага) , “набожны” (які верыць у Бога і выконвае ўсе рэлігійныя абрады)
Той жа слоўнік дае азначэнне слова “богаслужэнне” – сукупнасць культавых абрадаў, дзеянняў, цырымоній, звязаных з сістэмай рэлігійных уяўленняў і прызначаных у эмацыянальна-вобразнай форме адлюстроўваць той ці іншы аспект веравызнання.
А што кажа аб набажэнстве навучанне Каталіцкага Касцёла? Адказ знаходзім у Кастытуцыі аб літургіі ІІ Ватыканскага Сабору. У 13 пункце гэтага дакумента чытаем выразна:
“Вельмі рэкамендуюцца набажэнствы хрысціянскага народу, што адпавядаюць законам і нормам Касцёла. У першую чаргу тыя, якія адбываюцца з дазволу Апостальскай Сталіцы.
Асаблівую вартасць маюць тыя набажэнствы мясцовых Касцёлаў, якія цэлебруюцца з даручэння біскупаў паводле звычаяў і законна зацверджаных кніг.
Прымаючы пад увагу літургічныя перыяды, гэтыя набажэнствы трэба так уладкаваць, каб яны адпавядалі Літургіі, як бы вынікалі з яе і скіроўвалі да яе народ, бо Літургія па сваёй сутнасці значна пераўзыходзіць іх.”
Калі б мы чыталі гэты ўрывах на лацінскай мове, то мы б заўважылі што словазлучэнне “набажэнства хрысціянскага народу” з’яўляецца перакладам “Pia populi christiani exercitia”, якое і паказвае нам адрозненне набажэнства ў каталіцкім значэнні ад літургіі. Набажэнства – супольныя малітвы, якія з’яўляюцца характарыстычнымі для рэлігійнасці лакальнай супольнасці вернікаў. У адрозненні ад літургіі, набажэнствы не з’яўляюцца афіцыйнымі цырымоніямі касцёла, хоць могуць целебравацца з дазволу Папы ці біскупа месца. Сутнасць набажэнстваў заключаецца ў тым, каб глыбей перажываць літургію: сакрамэнты і сакрамэнталіі.
Сярод набажэнстваў ( у каталіцкім значэнні) можна выдзеліць:
Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
Святая гадзіна
Набажэнства да Духа Святога
Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Набажэнства да Божай Міласэрнасці
Набажэнствы на ўшанаванне мукі Пана
Набажэнствы да Маці Божай
Варта зазначыць, што Каталіцкі Касцёл вельмі клапоціцца аб гэтай справе ў сваім навучанні – нават у 2002 г. Кангрэгацыя выдала адмысловы дакумент на гэтую тэму “DIRETTORIO
SU PIETÀ POPOLARE E LITURGIA” (можна перакласці як “Дырэкторый аб народнай набожнасці і літургіі”) Нажаль, да гэтага часу перакладу на беларускую мову гэтага дакументу няма.
Такім чынам, можам зрабіць вынік: пры ўжыванні слова “набажэнства” мы павінны памятаць, да чаго яно адносіцца і што азначае ў нашым, каталіцкім значэнні.
Дарагія радыёслухачы, у наступных сустрэчах мы паспрабуем паразважаць над тым, якім павінен быць наш удзел у літургічных дзеяннях, а на сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласкага дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00