Пра ўбранне, у якім святар цэлебруе Святую Імшу, распавядае кс. Андрэй Кеўліч. 

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Канешне, для таго, каб святая Імша была адслужана належным чынам, да гэтага трэба падрыхтавацца. Гэта і падрыхтоўка алтара і ўсяго неабходнага для Эўхарыстыі. І канешне ж, перад усім рыхтуецца святар, які будзе здзяйсняць святыя таямніцы нашай веры.
І гэтая падрыхтоўка распачынаецца ад малітвы святара, якія прадугледжаныя ў імшале, а таксама апранання літургічных шатаў. Пра іх мы і пагаворым сёння а таксама ў некалькіх наступных перадачах.
Пры цэлебрацыі Святой Ахвяры святар спачатку апранае амікт.
Амікт атрымаў сваю назву ад лацінскага слова amicere, апранаць або пакрываць. Гэта прастакутны кавалак тканіны даўжынею каля 1 м і шырынёю каля 60 см. Пры двух верхніх кутках амікт мае два матузкі, пры дапамозе якіх ён абвязваецца вакол плячэй таго, хто яго носіць, а пасярэдзіне верхняй грані на ім ёсць маленькі крыжык, які святар цалуе, калі апранаецца.
З-за свайго выкарыстання амікт атрымаў розныя назвы, такія як гумерал (ад лацінскага humerus, плячо); Anabolagium (ад грэцкага αναβολή, плашч, покрыва); і эфод (з-за падабенства да аналагічнага прадмету ўбрання Аарона).
Грэцкі Касцёл не выкарыстоўвае аналагічнага прадмету адзення, хоць раней выкарыстоўваў. Святары амбразіянскага, альбо міланскага, абраду, а таксама канонікі катэдры Ліёна накладаюць амікт пасля альбы, а не перад ёю, як гэта робім мы. Такая ж дысцыпліна назіраецца ў маранітаў гары Ліван.
Армянскі амікт называецца vakass і мае на сабе нагрудны знак, на якім напісаныя імёны дванаццаці апосталаў, падобна як габрэйскі эфод цудоўнымі колерамі адлюстроўваў імёны дванаццаці пакаленняў Ізраіля (Neale, Holy Eastern Church, vol. i. p. 306).
Ранняя гісторыя амікта. — Літургічныя аўтары кажуць, што ў ранейшыя дні амікт выкарыстоўваўся як пакрыццё для галавы і шыі і што так адбывалася да прыкладна дзесятага стагоддзя, калі на ягонае месца прыйшоў касцёльны галаўны ўбор — бірэта (Bouvry, Expositio Rubricarum, vol. ii. 216).
Містычнае значэнне амікта. — Містычнае значэнне амікта можна дазнацца з малітвы, якая прамаўляецца падчас яго апранання: “Impone, Domine, capiti meo galeam salutis, ad ex pugnandos diabolico sincursus.
“Ускладзі, Госпадзе, на маю галаву шлем збаўлення, для адбіцця нападкаў сатаны.” Такім чынам, амікт з’яўляецца часткай даспехаў жаўнера Хрыста і служыць, каб нагадваць святару пра ягоны абавязак быць падрыхтаваным у кожную гадзіну весці добрую бітву, паводле святога закліку Апостала язычнікаў: “Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла… і шлем збаўлення вазьміце” (Эф 6:11, 17).
Другі элемент убрання, які апранае на сябе святар, — гэта альба, якая бярэ назву ад свайго белага колеру: albus па-лацінску азначае белы. Гэта шырокае, свабоднае адзенне з чыстага ільну, якое цалкам закрывае цела, а каля горла завязваецца матузкамі.
Выкарыстанне ўбрання такога тыпу паходзіць з вельмі старажытных часоў, бо мы знаходзім яго ва ўсіх народаў у адпаведных рэлігійных цырымоніях. Гэта тое самае ільняное ўбранне, якое было загадана насіць святарам Старога Закону (Зых 28; Лев 8). Кароль Давід насіў ільняную альбу (1 Кр 15:27).
Мы сказалі, што альба вырабляецца з ільну; прынамсі, такая цяпер практыка ў дачыненні да яе, але раней яе выраблялі з шоўку і ўпрыгожвалі залатым арнаментам. Кароль Этэльвульф з англасаксонскіх часоў, бацька Альфрэда Вялікага, у 855 годзе падарыў касцёлу св. Пятра ў Рыме некалькі шаўковых альбаў з такім багатым арнаментам (Dr. Rock, Church of Our Fathers, vol. i. p. 426). Старажытны рымскі абрад, які апісвае Хіторп [Hittorp], прадпісвае шаўковыя альбы на Вялікі Чацвер і Вялікую Суботу (ibid.).
Таксама альба змяняла свой колер у залежнасці ад асаблівых нагодаў. На спяваных Імшах у вялікія святы манахі ў Клюні насілі альбу з чыстай залатой тканіны. А ў сховішчах знакамітага кляштара Пітэрсбора ў Англіі мы знаходзім зялёныя, блакітныя і чырвоныя альбы (ibid., pp. 430-433 et passim).
Папа Бенедыкт XIV ў дакуменце De Sacr. Missae пацвярджае нашыя словы пра тое, што адзенне такога кшталту, але чорнага колеру, раней выкарыстоўвалі ў Вялікую Пятніцу.
Метафарычнае значэнне альбы. — Паводле Папы Інакенція ІІІ (De Sacr. Altaris Mysterio, 57), чысціня колеру альбы абазначае новае жыццё і нагадвае нам пра заклік св. Паўла да Эфесцаў, раздзел 4: “Адкіньце ранейшыя паводзіны старога чалавека… апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды”. Гэтая прыгожая ідэя новага жыцця, якое сімвалізуе альба, з моцай праяўляецца ў святым хросце, дзе новаахрышчаны атрымлівае белае адзенне.
Святары лацінскага Касцёла апранаюць альбу са словамі малітвы: “Dealba me, Domine, et munda cor meum; ut, in sanguine Agni dealbatus, gaudiis perfruar sempiternis.” “Выбелі мяне, Госпадзе, і ачысці маё сэрца; так каб, выбелены крывёй Ягняці, цешыўся вечнай радасцю.”У Рускай Царкве малітва наступная: “Усцешыцца душа мая пра Пана, Які апрануў мяне ў шаты збаўлення” (Romanoff, Greco-Russian Church, p. 89).
Грэкі называюць альбу poderis, бо яна даходзіць да ступняў (Bona, Rer. Liturg., 281). Але гэта не тая назва, пад якой яна вядомая, бо амаль ва ўсіх усходніх літургіях яе называюць стыхаром (Stoicharion) (Denzinger, Ritus Orientalium, pp. 129-405; Renaudot, Liturg. Orient., i. 161). Гэта першы элемент убрання для клерыкаў усіх ступеняў, і хоць раней стыхар выраблялі з ільну, цяпер у многіх усходніх Касцёлах яго вырабляюць выключна з белага шоўку (Denzinger, 129).
У Рускай Царкве ва ўсе дні Вялікага посту, акрамя свята Звеставання, Пальмавай нядзелі і Вялікай суботы, прадпісаны стыхар фіялетавага колеру (Neale, Holy Eastern Church, vol. i. p. 307).
У копта-якабітаў (альбо егіпецкіх монафізітаў) альба вядомая пад назвамі jabat і touniat, а ў сірыйцаў — koutino, відавочна, ад грэцкага χιτωνιον — бялізна (Renaudot, i. 161, ii. 54). Копты таксама часам называюць яе kamis (Denzinger, 129) ад лацінскага camisia і французскага chemise [1] — кашуля. Яны вельмі дысцыплінавана ставяцца да яе ўжывання. Ніводзін святар не асмеліцца ўвайсці ў прэзбітэрый без яе. Калі ён падыдзе, каб прыступіць да святой Камуніі, і не будзе мець на сабе гэтага ўбрання, яму скажуць выйсці і прымаць Камунію каля балюстрады са звычайнымі людзьмі. Адзін з дысцыплінарных канонаў на гэты конт кажа наступнае: “Святар не можа маліцца або прымаць святую Камунію [2] не апранутым у хітон. Гэта непрыстойна і разыходзіцца з канонам святой веры”. І іншы: “Святар няхай не прыступае да святой Камуніі на прыступках алтара, калі ён не апрануты ў стыхар. Калі ён не мае яго, ён павінен прымаць Камунію за загародай” (Renaudot, Liturg. Orient., i. 160).
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем разважанне над літургічным адзеннем, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00