Дыялог вернікаў са святаром, малітва перад самай важнай часткай Літургіі - пра прэфацыю распавядае кс. Андрэй Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні над структурай святой Імшы ў рымскім абрадзе.
"Эўхарыстыя з’яўляецца вытокам кожнай формы святасці, і кожны з нас пакліканы да паўнаты жыцця ў Духу Святым. Цэлебрацыя і адарацыя Эўхарыстыі дазваляе нам наблізіцца да любові Бога і далучыцца да яе асабіста аж да з’яднання з умілаваным Панам".
Пасля падрыхтоўкі дароў, пра якія мы размаўлялі ў мінулых перадачах, распачынаецца цэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеяння: сама эўхарыстычная малітва, г.зн. малітва падзякі і асвячэння. Святар запрашае народ узнесці сэрцы да Пана ў малітве і складанні падзякі і яднае народ з сабою ў малітве, якую ён ад імя ўсёй супольнасці праз Езуса Хрыста ў Духу Святым скіроўвае да Бога Айца. Сэнс гэтай малітвы ў тым, каб уся супольнасць верных паядналася з Хрыстом у вызнаванні велічных справаў Божых і ў складанні ахвяры. Ад усіх патрабуецца слухаць эўхарыстычную малітву з пашанаю і ў маўчанні.
Дадзенае слова паходзіць ад двух лацінскіх словаў: «pre» і «factum», якія даслоўна абазначаюць «перад актам». Адкуль такая назва? Гэта тлумачыцца тым, што яна прамаўляецца непасрэдна перад самым важным момантам святой Імшы: эўхарыстычнай малітвай.
Прэфацыя – гэта дыялог вернікаў са святаром: «Угору сэрцы» − «Узносім іх да Пана». У прэфацыі дзякуем Богу, вызнаём Яго любоў і праслаўляем Яго. Усё гэта сапраўды ўзносіць нашыя сэрцы. Літургія вядзе нас да важнейшага моманту: калі Хрыстус стане прысутным у Яго Целе і Крыві.
Ёсць у нашым жыцці моманты, калі мы адчуваем патрэбу затрымацца, сабраць свае думкі і настроіць пачуцці. Звычайна адбываецца гэта тады, калі мы адчуваем набліжэнне нейкай важнай падзеі: экзамена, абвяшчэння вынікаў конкурса, важнай сустрэчы…
Літургія, мэтай якой з’яўляецца наша сустрэча з Панам, паступова набліжае нас да кульмінацыйнага моманту, але перш чым гэта адбудзецца, парадак Імшы таксама прадугледжвае своеасаблівую настройку нашых думак і памкненняў.
Такую ролю ў літургіі выконвае прэфацыя. Лацінскае слова prefatio азначае «прадмова». Мэта гэтага элементу эўхарыстычнай літургіі заключаецца менавіта ў тым, каб абудзіць у нас патрэбу падзякі.
148. На пачатку эўхарыстычнай малітвы святар, разводзячы рукі, спявае ці гаворыць: Пан з вамі, а народ адказвае: І з духам тваім. Святар працягвае: Угору сэрцы, уздымаючы рукі. Народ адказвае: Узносім іх да Пана. Потым святар, развёўшы рукі, дадае: Падзякуем Пану Богу нашаму. Народ адказвае: Годна гэта і справядліва. Затым святар з разведзенымі рукамі працягвае прэфацыю.
А вось як апісвае некаторыя моманты звязаныя з прэфацыяй, кс. Джон О’Браен у кнізе: “Гісторыя Імшы і яе абрадаў ва Усходняй і Заходняй Царкве”
святар кажа: “Dominus vobiscum” (аднак пры гэтым не паварочваецца да людзей) і пераходзіць да прэфацыі. Прычына, чаму святар, прамаўляючы ў гэтым месцы “Dominus vobiscum”, не паварочваецца да людзей, абгрунтоўваецца старажытным звычаем, які калісьці быў распаўсюджаны на Захадзе і ўсё яшчэ захоўваецца на Усходзе, закрываць прэзбітэрый заслонай, каб схаваць алтар ад вачэй сабраных вернікаў у пачатку прэфацыі. Паколькі тады не было каго вітаць, то не мела сэнсу і паварочвацца.
Пасля “Dominus vobiscum” святар уздымае рукі і кажа: “Sursum corda” — “Угору сэрцы”, гэта значыць “узнясіце свае думкі да неба”, на што прыслугоўваючы адказвае: “Habemus ad Dominum” — “Мы ўзнеслі іх да Пана”. Несумненна, выраз “Sursum corda” ўзяты з кнігі Плачу Ераміі:
⁴⁰ Выпрабуем і даследуем шляхі свае, і звернемся да Госпада. ⁴¹ Узнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах
Гэты дыялог сустракаецца ва ўсіх літургіях Усходу і Захаду. Урачысты жэст святара, калі ён уздымае рукі, прамаўляючы гэты святы заклік, літургічныя аўтары красамоўна параўноўваюць з рухам крылаў голуба, які рыхтуецца ўзляцець. Гэта нагадвае прыгожыя словы караля Давіда: “Хто даў бы мне крылы, як у голуба, каб паляцець і спачыць?” (Пс 54).
У самой прэфацыі святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення альбо за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята альбо перыяду.
На Усходзе ўвогуле няма зменных прэфацый. Кожная літургія мае сваю асаблівую прэфацыю, і яна выкарыстоўваецца на працягу ўсяго года без усялякіх зменаў. Усходнія хрысціяне называюць яе анафарай (хоць гэтае слова ўключае ў сябе таксама Канон Імшы); яна пачынаецца і заканчваецца амаль дакладна так жа, як і наша. Згодна з рытуалам Патрыярха Александрыйскага Габрыэля, на “Sursum corda” святар павінен тройчы зрабіць знак крыжа: першы на сабе, другі на прысутных дыяканах, трэці на сабраным людзе (Renaudot, І, с. 206). На Усходзе, таксама як і на Захадзе, прынята падымацца на гэтую частку Імшы. Гэта звязана з вялікай пашанай, якая ёй належыць.
У масарабскай літургіі прэфацыя называецца “inlatio” (заключэнне), бо святар робіць лагічнае заключэнне са словаў людзей, што дзякаваць Пану — гэта годна і справядліва. У некаторых старажытных манускрыптах яна называецца ахвяраваннем, бо гэта ўводзіны да найбольш святой часткі Імшы, дзе Хрыстус, наш Пан, Беззаганнае Ягня, зноў ахвяруецца, як калісьці на Кальварыі.
Як сцвярджаюць найбольш аўтарытэтныя аўтары, выкарыстанне прэфацыі ў Імшы мае апостальскае паходжанне. На працягу даволі доўгага часу было прынята мець прэфацыю для кожнага свята, таму калісьці іх колькасць была вельмі вялікай. Некторыя даследчыкі сцвярджаюць, што іх захавалася ажно 240.
У масарабскім абрадзе і цяпер ёсць уласная прэфацыя на кожную нядзелю і свята, а ў амбразіянскім абрадзе прэфацыя змяняецца кожны дзень тыдня (Neale, Holy Eastern Church, І, с. 467). Да ХІ ст. Рымскі Касцёл скараціў колькасць прэфацый да дзевяці, да якіх потым дадалося дзве і праз даволі працяглы час ужывалася менавіта адзінаццаць прэфацый. У выніку апошняй літургічнай рэформы (у 70х гадах ХХ ст.) на сённяшні дзень у рымскім імшале змешчана шмат розных прэфацый. Іх выкарыстанне абумоўлена не толькі перыядам літургічнага году. Мы можам знайсці прэфацыі, прызначаныя на дні, калі мы адзначаем тыя ці іншыя збаўчыя падзеі, а таксама прэфацыі на ўспамін таго ці іншага святога. Ёсць таксама прэфацыі для Імшаў, якія цэлебруюцца з нагоды той ці іншай падзеі ў жыцці нашай літургічнай супольнасці, напрыклад, заключэння сужэнства, сакрамэнту пасвячэння альбо хрысціянскага пахавання. Такім чынам, заданне прэфацыі — звярнуць нашу ўвагу на бясконцую шматлікасць праяўленняў Божай любові як у справе стварэння, так (пасля) у справе збаўлення, а таксама ў абставінах нашага штодзённага жыцця. Прэфацыя дапамагае нам заўважыць Божую любоў у гісторыі чалавецтва і ў сваёй уласнай гісторыі. Яна — яшчэ адзін пункт, які надзвычай набліжае літургію да жыцця кожнага з нас і нашае асабістае жыццё ператварае ў частку літургіі.
Як ужо было узгадана, змест прэфацыі заключае ў сабе падзяку, скіраваную праз Езуса Хрыста да Айца за Яго цудоўную справу стварэння і адкуплення. Можам у кожнай прэфэцыі вылучыць наступыя моманты (зробім гэта на прыкладзе прэфацыі ІІ Эўхарыстычнай малітвы:
- агульнае праслаўленне Бога: Сапраўды, годна гэта і справядліва, слушна і збавенна, каб мы Табе, святы Ойча, заўсёды і ўсюды складалі падзяку праз умілаванага Сына Твайго Езуса Хрыста. (ІІ ЭМ)
- прычына асаблівага праслаўлення: Ён — Слова Тваё, праз якое Ты ўсё стварыў. Яго, уцелаўлёнага ад Духа Святога і народжанага з Панны Марыі, Ты паслаў нам як Збаўцу і Адкупіцеля. Ён, спаўняючы Тваю волю, набыў для Цябе народ святы, распасцёр на крыжы свае рукі, каб смерць перамагчы і аб’явіць змёртвыхпаўстанне. (ІІ ЭМ)
- навязанне лучнасці з анёльскімі хорамі і пераход да гімна Святы, Святы Святы… Таму з анёламі і з усімі святымі мы праслаўляем Цябе, разам з імі ўсклікаючы: (ІІ ЭМ)
Праслаўляем і дзякуем, і пры гэтым прызнаёмся у нашай немачы адносна Таго, які ёсць Панам сусвету. Дзякуем за ласку веры і просім заступніцтва анёлаў і святых.
Усе прэфацыі завяршаюцца словамі гімна: “Святы, Святы, Святы”, аб якім мы працягнем гаворку ў наступнай сустрэчы.
Дарагія радыёслухачы, на сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!








