
Тры погляды на тое, што такое палітыка, разглядае а. Станіслаў Вашкевіч SAC у праграме Сацыяльнае вучэнне Касцёла. Што такое палітыка? (Лекцыя 4, 11.2020)
Пахвалёны Езус Хрыстус! Паважаныя браты і сёстры, паважаныя радыёслухачы Радыё Марыя! Зноў вітае вас айцец Станіслаў Вашкевіч. Зноў катэхеза Сацыяльнага вучэння Касцёла. І напачатку дзякую вам за вашую актыўнасць, за вашую зацікаўленасць. За тое, што дасылаеце пытанні і пытаецеся адносна не толькі нашага хрысціянскага жыцця, не толькі жыцця, скажам так, у святле маральных прынцыпаў. Але таксама цікавіцеся і сацыяльным жыццём – як Касцёл ставіцца да сацыяльных справаў. Да тых справаў, якія знаходзяцца, калі мы выходзім з дзвярэй і пераходзім парог нашых святыняў. Вось, менавіта, пытанне, аб якім мы будзем у бліжэйшы час разважаць, яно датычыць палітыкі. І гучыць наступным чынам – Што такое палітыка? І ці хрысціянін можа займацца палітыкай? Дзякуй вам за гэтае пытанне. Скажам так, не хацелася бы сказаць, што яно вельмі актуальнае, але ўсё ж такі яно вельмі важнае. Увогуле ў жыцці кожнага чалавека і ў жыцці хрысціяніна. Бо мы жывем у свеце. І ў гэтым свеце мы павінны ведаць, якой дарогай пайсці, адкуль што ўзялося, калі быў нейкі пачатак і ўвогуле, што гэта такое – як нам да гэтага ставіцца. Прапаную гэтае пытанне падзяліць на дзве часткі. І сёння заняцца першай часткай пытання, а, менавіта, што такое палітыка.
Ітак, паважаныя браты і сёстры, у свеце існуюць тры палітычныя канцэпцыі. Больш няма. Многія могуць спрачацца, можа, нават знойдзеце ў розных падручніках, у рознай навуковай літаратуры, што існуе яшчэ некалькі розных канцэпцый. Гэта ўсё не так. Рэальна існуюць тры палітычныя канцэпцыі. Калі вы знойдзеце нейкую большую колькасць, то запрашаю гэта ўсё прааналізаваць. І пераканаецеся, што ўсё гэта такія гібрыдныя меркаванні з розных канцэпцый нешта ўзята, нешта склеена і атрымоўваецца штосьці. Хтосьці хваліцца, што з’яўляецца аўтарам яшчэ адной канцэпцыі, якая з’явілася ў свеце, альбо на працягу гісторыі з’яўлялася. Пераходзім да нашай канцэпцыі.
Ітак, паважаныя браты і сёстры. Першая канцэпцыя, на якую я запрашаю звярнуць нашу ўвагу, гэта Канцэпцыя сафістаў. Сафістычная канцэпцыя – гэта група філосафаў (калі ўзяць значэнне слова “софус”, то но азначае “настаўнік, мудрэц”), якія абазвалі сябе, у пазітыўным значэнні гэтага слова, “сафістамі” – тымі настаўнікамі і мудрацамі. Яны з’яўляюцца таксама рэлятывістамі. І яны казалі, што праўда з’яўляецца вельмі ўмоўным момантам, і яна можа змяняцца. Усё залежыць ад таго, хто і пры якіх акалічнасцях яе прамаўляе ці выказвае. Каб было яшчэ больш зразумела – яны казалі, што кожны з нас мае сваю праўду. Такую ці іншую. Гэта можа змяняцца ў залежнасці ад умоваў, пры якіх я выказваюся. Сёння магу адно вызнаваць за праўду. Альбо прызнаваць за праўду. А заўтра іншае. Бо, напрыклад, змяніліся ўмовы. У сувязі з гэтым, якую палітычную канцэпцыю яны прапануюць? Менавіта сафісты. Яны кажуць, што палітыка з’яўляецца мастацтвам, каб здабываць і атрымоўваць уладу. Улада з’яўляецца нейкім момантам, за які павінны змагацца ў грамадскім жыцці. І яны таксама ідуць далей, выказваюць і абасноўваюць – у які спосаб змаганне павінна адбывацца. І, па-першае, яны кажуць, што гэтыя змаганні павінны выкарыстоўваць грамадскую прапаганду, І другі спосаб, якім, на іх думку, хтосьці павінен змагацца ў грамадскім жыцці за ўдзел у палітыцы, - гэта выкарыстоўванне маніпуляцыі. Па-першае, выкарыстоўваць грамадскую прапаганду ў шырокім значэнні і выкарыстоўваць маніпуляцыю.
Сафісты з’яўляліся вынаходнікамі рыторыкі, мастакамі прыгожа прамаўляць. Але, калі дакладна прыглядзецца, то можна заўважыць, што іх рыторыка – гэта мастацтва маніпуляцый. Менавіта, адкуль узялося слова “маніпуляцыя” – “манус” – рука. Хуткі рух рукой. Такія фокусы мы можам назіраць у тэатры, калі выступае фокуснік. І вось паўстае пытанне: а навошта маніпуляцыя? А яна патрэбная для таго, каб у свайго апанента ўзбудзіць ілюзію праўды. Каб яго пераканаць, што тое, аб чым цяпер слухае, з’яўляецца праўдай. Каб мець яго голас і падтрымку.
Якімі яшчэ сродкамі маніпуляцыі яны карысталіся? Тое, што, напрыклад, я з’яўляюся чалавекам вельмі разумным, адукаваным, здольным. Магу ахвяраваць - і на гэта пайду – жыццё за іншых, за грамадства альбо за нейкую супольнасць, апаніруючы сябе вельмі шляхетным і дастойным чалавекам. Ну і, канешне, той, хто супраць мяне, або з кім я змагаюся за ўладу, гэта супраціўны мне, гэта нейкі негатыўны, які пакушаецца на ўладу і ўсё, што звязана з уладай. Варта яшчэ дадаць, што сафісты – вынаходнікі дэмакратыі. Гэты тэрмін упершыню паяўляецца менавіта ў навучанні сафістаў. Калі будзем разглядаць этымалогію гэтага слова – дэмакратыя, - то варта ведаць, што “дэмас” – гэта “народ”, “кратос” – гэта “улада”. І сафісты ўпершыню прамовілі і вучылі дэмакратыі – што гэта народная ўлада. Вось гэта некалькі слоў адносна першай канцэпцыі. Канцэпцыі сафістаў.
Друга палітычная канцэпцыя, або аўтарам другой палітычнай канцэпцыі з’яўляецца Платон. Мяркую, што гэта знаёмая фігура ў гісторыі чалавецтва. Паводле яго меркаванняў, палітыка – гэта мастацтва будавання дасканалага грамадства або дзяржавы. Платон быў рацыяналістам. Гэта значыць, што ён сцвярджаў, што розум чалавека сам у сабе, незалежна ад людскога досвіду, можа адказаць на ўсе пытанні, якія датычаць чалавека і структуры грамадства або структуры дзяржавы. І тут можна разглядаць яго працу, якая называецца “Дасканалая дзяржава” і ў якой ён высказваецца, што палітыка – гэта той момант, дзякуючы якому, мы будзем будаваць альбо мы будуем дасканалую і ідэальную дзяржаву. І тут зноў паўстаюць гэтыя пытанні, якія хвалююць і нас. І гэтыя пытанні задаюць зараз сучасным “Платонам” - усё добра, але хто мае права будаваць такую дзяржаву? І ўвогуле кіраваць такой дзяржавай? І ён адказвае, што будаваць такую дзяржаву і кіраваць такой дзяржавай можа філосаф-палітык. Калі ў яго запыталі: чаму ён? Платон адказаў, што ён гэтую дзяржаву прыдумаў і ён ведае стратэгію будавання такой дзяржавы. І таму ён будзе з усіх сіл і сродкаў будаваць гэтую дзяржаву.
Дазволю сабе некалькі каментарыяў, адносна гэтых двух канцэпцый. Канцэпцыі Платона і Канцэпцыі сафістаў. Канцэпцыя Платона, калі так можна сказаць, “папахівае” таталітарызмам – гэта значыць “узяць за каўнер” і змусіць да паслухмянасці. Грамадзянін такой дзяржавы з’яўляецца толькі функцыяй і нічым больш. Але і сафісты, выкарыстоўваючы прапаганду і розныя маніпуляцыі, карысталіся з фальшу і падману. Напрыклад, як, у свой час, выказаўся Гэбельс: калі выкарыстоўваць рэгулярна падман і нпраўду, то з часам гэта ператворыцца ў праўду. Гэта нішто іншае, як сіла прапаганды. Тут варта ўспомніць, што нават звычайная рэклама з’яўляецца насіллем над грамадствам. Бо ў чалавека, паглядзеўшы на рэкламу, нараджаецца нейкі страх перад грамадствам: калі ён не карыстаецца такімі ці іншымі рэчамі, альбо стыль жыцця адрозніваецца ад таго, які рэкламуюць. Што іншыя скажуць, што сябры падумаюць, і г.д. Гэтыя дзве канцэпцыі смела можам назваць формамі сацыяльнага гвалту альбо духоўнага і псіхічнага тэрору.
Браты і сёстры, ідзем далей! І перад намі яшчэ адна, трэцяя, канцэпцыя. Аўтарам трэцяй канцэпцыі з’яўляецца Арыстоцель. Ведаем, што Арыстоцель быў вучнем Платона, які, калі так можам пажартаваць, аказаўся шкодным вучнем і недастойным настаўнікам. Чаму? Таму што цалкавіта адвярнуўся ад свету нейкіх ідэй, нейкай тэорыі іпачаў займацца рэальным светам. Калі можна так сказаць, - рэальнай рэчаіснасцю, рэальнасцю канкрэтнага чалавека. Арыстоцель быў першым, які ў гісторыі не займаўся мітамі чалавецтва. Па-ягонаму, палітыка не з’яўляецца прыярытэтам мастацтва, але з’яўлецца галіной маральнасці. Змяшчае яе ў сферы дабра. Людзі збіраюцца для таго, каб рэалізаваць нейкае дабро і гэтым дабром дзяліцца. Праз гэтае дабро падтрымліваць таксама адзін аднаго. Назваў сваю канцэпцыю Разважлівым клопатам над супольным дабром. Падобна, як эканоміка, педагогіка – гэта ўсё сфера маральнага характару паводзін чалавека. Звярніце ўвагу на тое, што разважлівасць, - калі Арыстоцель кажа, што разважлівасць клопатам. Чаму ён ужывае гэтае слова? Разважлівасць з’яўляецца адной з чатырох кардынальных цнотаў, пра якія мы ведаем з Катэхізісу і якія жыццёва неабходныя, каб грамадства магло супрацоўнічаць і развівацца. Узгадаем гэтыя кардынальныя цноты, калі мы, можа, крыху падзабылі іх з Катэхізісу. Гэта: разважлівасць, справядлівасць, мужнасць, устрыманасць. Калі гэтыя цноты адсутнічаюць, смела можам сцвердзіць, што грамадскае жыццё не існуе. А чаму Арыстоцель выкарыстаў цноту разважлівасць?... Давайце, паразважаем. Таму, што гэтая цнота ведае мінулае. Гэтая цнота разважае, усвядамляе і ведае цяперашняе. І таму можа планаваць мудра будаваць чалавечую гісторыю. Чалавечую будучыню. Пры гэтым усім менавіта разважлівасць выкарыстоўвае адпаведныя сродкі для будавання будучыні. Давайце ўзгадаем, як нас часамі вучылі бацькі, можа, бабулі і дзядулі, якія заўсёды казалі: Будзь разважлівым! Старайся паводзіць сябе разважліва! Арыстоцель, ідучы далей, яшчэ ў назве сваёй палітычнай канцэпцыі выкарыстоўвае тэрмін “супольнае дабро”. Пазстае пытанне: а што з’яўляецца гэтым дабром? Паглядзіце. Чалавек не будзе працаваць дабравольна, калі не будзе мець удзелу ў гэтых дабротах. Або, з іншага боку, карыстаючыся гэтымі дабротамі, людзі супольна працуюць. Але ўсё ж такі Арыстоцель да канца не адказаў на гэтае пытанне. На пытанне - Што такое дабро? Чаму ён не змог адказаць на гэтае пытанне? З простай прычыны – таму, што ён не змог адказаць на пытанне: Кім ёсць Бог? Бо, калі не адкажам на гэтае пытанне, то невядома, кім з’яўляецца чалавек. Гэта – фундаментальнае пытанне, якое чалавек ставіць і жыве з ім: кім для яго з’яўляецца Бог? Прычынай усіх прычын і мэтай чалавечага існавання або жыцця. Калі м ыне зможам адказаць, то перад намі, сапраўды, могуць быць розныя канцэпцыі, розныя меркаванні, але мы не дойдзем да сутнасці. Вось, менавіта, Арыстоцель не распрацаваў да канца гэтай канцэпцыі, якая завецца Разважлівы клопат над супольным дабром, называючы, што гэта ёсць палітыка.
Таму, паважаныя браты і сёстры, прапаную на гэтым затрымацца. Але не заканчваем нашых разважанняў. У наступнай катэхезе, калі мы сустрэнемся, паспрабуем паразважаць, што такое дэмакратыя, што такое сацыялізм, што такое лібералізм, што такое капіталізм. І, можа, яшчэ іншыя пытанні ў нас узнікнуць. Але, вяртаючыся да сённяшня катэхезы, калі гэта ёсць катэхеза, прапаную каб мы яшчэ раз дзесьці ў сваіх думках вярнуліся да гэтых трох канцэпцый і адказалі на пытанне (з пункту гледжання хрысціяніна, з пункту гледжання нашай хрысціянскай маральнасці): Якая канцэпцыя бліжэйшая хрысціянскай маральнасці? Адказ на гэтае пытанне будзе ў наступнай катэхезе.
Пахвалёны Езус Хрыстус!