Моцныя і слабыя бакі дэмакратычнай палітыкі. Ці ўсё ж такі каталік можа займацца палітыкай? Расказвае а. Станіслаў Вашкевіч SAC у праграме Сацыяльнае вучэнне Касцёла.

Пахвалёны Езус Хрыстус!
Зноў з вамі айцец Станіслаў Вашкевіч. Зноў сацыяльнае вучэнне касцёла. Вітаю  вельмі сардэчна ў нашых катэхезах і ўспамінаючы мінулую катэхезу адносна палітыкі і ўвогуле ці хрысціянін можа займацца палітыкай, прапаную адказаць вось на гэтае пытанне, якое было напрыканцы катэхезы пастаўлена. Менавіта, якая з палітычных канцэпцый усё ж такі бліжэйшая да хрысціянскай маральнасці. Канцэпцыя сафістаў, канцэпцыя Платона, ці канцэпцыя Арыстоцеля.
Думаю, што кожны са слухачоў, хто крыху затрымаўся, беспамылкова адказаў, што канцэпцыя Арыстоцеля бліжэйшая. Канешне, гэта не адно і тое , але ўсё ж такі тыя справы, якімі займаўся Арыстоцель, потым будуць тым момантам, да кога будуць звяртацца і той жа Аўгустын, і той жа Фама Аквінскі. З такіх мінусаў, калі мы кажам пра Арыстоцеля, тое, што ён многае не дапрацаваў. І адным з такіх недахопаз з’яўляецца тое, што не змог адказаць на пытанне: Хто такі Бог? А мы дасканала ведаем, што, калі Бог не на сваім месцы, то ўсё інаше таксама хаатычна раскіданае, вобразна кажучы, у свеце. Калі не ведаем, хто такі Бог, то ніколі не зможам адказаць, хто такі чалавек. І тады нашае права, якое мы ствараем, закон, абумоўлены аб’ектыўнасцю. Хоць, трэба прызнаць адвагу ў тым, што адвярнуўся ад свайго настаўніка Платона, а дакладней кажучы ад свету нейкіх ідэй і тэорый, а пачаў займацца рэальнасцю, бачаннем свету. І гэта плюс. Але запрашаю пайсці далей і прапаную вашай увазе тэму, якую ў мінулай катэхезе запранаваў. Менавіта, дэмакратыя.
Што такое дэмакратыя? Паспрабуем у некалькіх словах звярнуць увагу на гэтую праблематыку, на гэтую сістэму палітычную. І пачнем ад тэрміналогіі менавіта- што такое дэмакратыя. Паходзіць ад грэчаскага слова “дэмас” – народ і “кратас” – улада. Карацей кажучы, народная ўлада. Дафініцыя дэмакратыі гучыць наступным чынам: Гэта такая форма кіравання дзяржавай або палітычная сістэма, пры каторай улада ажыццяўляецца праз прамое народаўладдзе. Або праз прадстаўнікоў, якія абіраюцца народам. Існуе яшчэ адно значэнне дамакатыі. Гэта метад кіравання, пры якім рашэнні прымаюцца па волі большасці, але з удзелам меркаванняў і правоў меншасці. Вельмі важна аб гэтым памятаць. Менавіта, што рашэнні прымае большая колькасць грамадства, большая колькасць людзей, якія жывуць у нейкай дзяржаве. Але, прымаючы гэтыя рашэнні, заўсёды трэба ўлічваць меркаванні і правы меншасці. Тых, якія вобразна кажучы, прайгралі на выбарах, альбо не змаглі ўдзельнічаць у такім шырокім моманце выбараў.
Паводле гэтых нормаў, такі спосаб існавання дзяржаўнай улады найбольш справядлівы. Не ідэальны, канешне, але найбольш справядлівы.
Прапаную прапусціць гістраычны момант, разважаючы, як такі спосаб кіравання развіваўся ў свеце. Таксама, як такі спосаб кіравання развіваўся на нашым кантыненце, у Еўропе. Толькі ўзгадаю, што ён меў месца ўпершыню ў Афінах. Асобныя элементы дэмакратыі назіраліся ў езрапейскіх сярэдневечных гарадах. Напрыклад, многія гарады паўночнай Францыі. Ноўгарад і Пскоў – на Русі. У Полацкім княстве. І, цікавая рэч, найболей элементаў дэмакратыі назіралася ў Беларусі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў часы Вялікага княства Літоўскага.
Калі вядзем гутарку аб сучасных дэмакратычных краінах, якія абумоўленыя такой формай дзяржаўнай улады, трэба вызначыць уласцівыя прыкметы. А яны наступныя:
наўнасць Канстытуцыі, якая замацоўвае асабістыя і палітычныя правы і свадобы грамадзян;
падзел уладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую;
правядзенне выбараў і фактычнае функцыянаванне прадстаўнічых органаў;
свадоба дзейнасці ў межах палітычных партый і іншых аб’яднанняў грамадзян.
Чатыры такія ўласцівыя прыкметы, кія кажуць, што вось гэтае грамадства, або гэтая дзяржава – яна дэмакратычная. І на першы погляд, наяўнасцю такіх прыкмет, якія б характэрызавалі краіну ці дзяржаву, як дэмакратычную, можа пахваліцца ўся Еўропа. Але мы, якія жывем у 2020 годзе, часта можам чуць крытыку тых ці іншых палітыкаў, якія адважаюць дэмакратычнасць. Паўстае пытанне: У чым справа? Чаму такая крытыка мае месца быць? І цікавая справа, што такая крытыка бывае вельмі часта абгрунтаванай. Паспрабуем адказаць.
Па першае, дэмакратыя, у свой час, калі так можна брыдка сказаць, “знюхалася” з сафістычнай канцэпцыяй палітыкі. Кажучы большш зразумела, у барацьбе за ўладу выкарыстоўвае грамадскую прапаганду і розныя маніпуляцыі. Аб гэтым мы разважалі на папярэдняй катэхезе. І ёсць многа пунктаў, дзе замест праўды ствараецца ілюзія праўды. Што ў выніку прыводзіць да крытыкі і рознага роду незадавальненняў. Гэта, па першае.
Па другое. Другі пункт вынікае з агульнай неадукаванасці грамадзян і адказнасці за сваю дзяржаву. Гэтая неадукаванасць не азначае, што людзі не ўмеюць чытаць або пісаць. А толькі звяртае ўвагу на тое, што грамадзяне не ведаюць той Канстытуцыі, тых нормаў і правіл, якія абавязваюць у канкрэтнай дзяржаве. А гэта таксама з’яўляецца вынікам абыякавасці. Многія з вас, хто зараз слухае, могуць запытаць: Ну што гэта можа змяніць? Што з таго, што я ведаю тую Канстытуцыю, або не ведаю яе, альбо ніколі ў руках не трымаў яе? Што з таго? Паважаныя, вельмі многа! Калі Канстытуцыя моцна абмяжоўвае кіраўнічы апарат, і ён не можа прыняць рашэнне… А такое рашэнне неабходна прыняць, бо выклік часу. То што кіраўнічы апарат павінен будзе зрабіць? Ён будзе змушаны запытаць грамадзян, як яны ставяцца да таго ці іншага пытання. Падчас, так званага, Рэферэндума выказваюць сваю волю. Гэта ёсць ні што іншае, як народная ўлада.
Вяртаючыся да дафініцый, што такое дэмакратыя… Канешне, можа, многія з тых, хто зараз мяне слухаюць, усміхнуліся, успамінаючы гэтую народную ўладу. Чаму? Бо многія сустракаліся ўжо. Напрыклад, з бальшавікамі, якія выказвалі лозунгі: Уся ўлада народу! Але ці многія могуць узгадаць хоць адзін рэферэндум, ці выбары дэпутатаў Народных Саветаў… Нажаль, паважаныя браты і сёстры, паважаныя радыёслухачы… Варта ведаць, што дэмакратызацыя – гэта працэс. І нельга назваць сябе дэмакратычнай краінай і ёй быць, але можна, калі ёсць такое жаданне, ёю стаць. Сёння можна пачуць крытыку ў напрамку Францыі, Германіі ці іншых еўрапейскіх краін: Што там у вас за дэмакратыя? Але таксама звярніце ўвагу на той факт, што гэтыя еўрапейскія краіны, у большасці еўрапейскіх краінаў, сутыкнуліся са справай мігрантаў. Апошнім часам вельмі актуальнай у сувязі з рознымі войнамі, пераследамі, ці ўвогуле нейкімі момантамі экалагічнымі. Давайце адкажам на пытанне: А хто такі мігрант? Гэта людзі, якія прыйшлі з іншых культур, з іншага асяроддзя. Яны прыйшлі са сваім уяўленнем і правіламі, як жыць. І з чым яны сустрэліся? А тут, аказваецца, дэмакратыя! Большасць у грамажстве вырашае, брыдка кажучы, як жыць. А менша частка павінна падпарадкавацца. Да гэтага ўвогуле далучаецца такое правіла, як: Я не толькі маю правы, але і абавязкі. І ў сучасная Еўропе не існуе такое права сілы: хто сільнейшы, той і мае нейкае права, той і праў. Як мы ведаем, у некаторых краінах нават сёння існуе такое, што прыязджаюць на скрыжаванне два аўтамабілі, і аўтамабіль, які даражэйшы або большы, мае права праезду першым. А горшы аўтамабіль едзе другім, альбо выязджае са скрыжавання. Вось такія людзі, уяявіце сабе, з’явіліся з Францыі, Германіі, Італіі ці іншых краінах Еўропы. І ўвогуле ў іх ментальны калапс: А што далей? І нараджаецца канфлікт. Чаму пра гэта кажу? Таму што, паважаныя, дэмакратызацыя – гэта працэс. Гэта той шлях, якія распачынаецца ў сям’і і праяўляецца ў грамадстве.
Яшчэ ёсць адна справа, якая перашкаджае дэмакратызацыі. Гэта – разуменне слова “свабода”. Аказваецца, ёсць дзве свабоды: адна – без адказнасці, другая – з адказнасцю. І вось, калі затрымаемся над свабодай без адказнасці, то што гэта азначае? Што хачу, тое і раблю. Яна вельмі небяспечная. Асабліва, калі чалавек атрымлівае ўладу. І другая свабода з адказнасцю, пра якую распавядае святы Ян Павел ІІ. І вельмі моцна ставіць акцэнт, што свабоды не можа быць без адказнасці. Гэта значыць, што, калі я прымаю нейкае рашэнне, то я бяру адказнасць за гэтыя рашэнні. Калі я вырашыў ісці гэтай дарогай, то я бяру адказнасць за той шлях, якой дарогай я іду. Вось такая свабода вядзе да развіцця грамадства ў розных галінах. Незалежна ад таго, якую функцыю чалаве спаўняе. Узгадаем Яна Паўла ІІ. Чаму ён менавіта вельмі моцна паставіў акцэнт? Таму што ён, скажам так, перажыў гэта. Ён ведае, што такое камунізм. І як камунізм нішчыць гэтую адказнасць. Мне сказалі зрабіць гэта – я зраблю. Калі гэтага не сказалі, я рабіць не буду. А вось, калі мы ўяўляем сваю годнасць, як асобы, як чалавека, то мы, пры гэтым усім, як фундаментальную каштоўнасць, адкрываем у сабе свабоду. Але і адказнасць за гэтую свабоду. Таму гэта вельмі важна, і на гэта вельмі моцна трэба паставіць акцэнт, калі мы гаворым і калі мы хочам ісці ў напрамку дэмакратызацыі.
Паважаныя, многа яшчэ можна пра справу дэмакратызацыі казаць, але, нажаль, сёння на гэтым скончым. І ўвага! Ці застаўся ў вас яшчэ сумніў адносна таго, ці католік можа займацца палітыкай? Памятаеце, мінулая катэхеза і яе назва: Што такое палітыка і ці хрысціянін, ці католік можа займацца палітыкай? Вось пасля сённяшняй катэхезы, а мы сёння, можна сказаць, менавіта займаліся палітыкай, ці застаўся ў вас сумніў? У мяне – не. Скажу больш. Не толькі хрысціянін можа, але і павінен. Таму, паважаныя браты і сёстры, у добры шлях! З Божай мудрасцю, з Божым благаслаўленнем развітваюся з вамі да наступнай катэхезы, якая будзе на тэму: Што такое сацыялізм. Мяне завуць айцец Станіслаў. І гэта было сацыяльнае вучэнне касцёла. Пахвалёны Езус Хрыстус! 

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00