
Айцец Станіслаў Вашкевіч SAC распачынае цыкл катэхезаў, прысвечаных сацыяльнаму вучэнню Касцёла.
Пахвалёны Езус Хрыстус!
Паважаныя радыёслухачы Радыё Марыя, паспрабуем зараз паразмаўляць і адказаць на такое вельмі простае, з аднаго боку, але з другога боку складанае пытанне, якое гучыць: Дзе ў Бібліі напісана, што Царква…Касцёл – па-за палітыкай? Адказаць на гэтае пытанне вельмі проста, бо нідзе ў Бібліі мы такога сказу ці такога меркавання не знойдзем. Не знойдзем таму, што яго няма. З другога боку, гэта вельмі цікавае пытанне. І адказ вельмі складаны на гэтае пытанне. Чаму? Таму што ўсё ж такі грамадства – гэта нейкая супольнасць. І Касцёл – таксама нейкая супольнасць. І вось як у сучасным свеце гэтыя супольнасці маюцца, як яны жывуць паміж сабою, як рэгулююць свае адносіны і як, увогуле, павінны адносіцца, напрыклад, палітычная частка грамадства адносіцца да рэлігійнай? І як рэлігійная частка грамадства павінна падпарадкоўвацца, скажам, нейкай палітыцы або нейкім нормам прававой базы, якая існуе ў грамадстве? Вось, менавіта, многія, звяртаючы ўвагу на гэтыя пытанні, кажуць, што ў Бібліі напісана: аддайце Цэзару тое, што належыць да Цэзара; а Богу тое, што Божае. Канешне, гэта ёсць напісанае. Але там справа больш датычыць падатку…налогу, які, скажам так, нейкім чынам рэгулюе, калі так можна сказаць, бюджэт нейкай краіны ці нейкай дзяржавы. Але ўсё ж такі вось гэтыя рэчаіснасці – яны ёсць. Гэтыя супольнасці – яны існуюць.
І прапаную, каб мы сёння хвілінку затрымаліся і больш глыбей пазналі гэтую рэчаіснасць і гэтую праўду. Менавіта, каб было больш зразумела, аб чым мы гаворым, варта зараз на самым пачатку акрэсліць такое вызначэнне дзяржавы, дафініцыю дзяржавы. Што гэта такое? Калі мы заглянем у слоўнікі, якія, скажам так, слоўнікі палітычныя, з тэрмінамі палітычнымі, то мы там прачытаем, што дзяржава – гэта адмысловая арганізацыя грамадства, аб’яднанага агульнымі сацыяльнымі і культурнымі інтарэсамі, займае акрэсленую тэрыторыю, мае ўласную сістэму кіравання, валодае ўнутраным і вонкавым суверэнітэтам.
Арганізацыя грамадства. Суб’ектам дзяржавы з’яўляецца чалавек. Індывідуальны чалавек альбо нейкая супольнасць, якая існуе ў гэтай дзяржаве. А калі ўзглянуць на гэтае вызначэнне Касцёла, дафініцыю Касцёла, то там мы прачытаем такія словы: Касцёл – гэта рэлігійная супольнасць хрысціян, злучаных супольнай верай у Езуса Хрыста, і як Бога, і Адкупіцеля, Які з’яўляецца Творцам і Главой Касцёла. Вось менавіта ў гэтай супольнасці таксама суб’ектам з’яўляецца чалавек. Таксама чалавек. І тут чалавек, і тут чалавек. У гэтым выпадку паўстае пытанне: як можна аддзяліць дзяржаву, скажам так, палітычную справу, і аддзяліць ад чалавека, які належыць да Касцёла. Аддзяліць Касцёл ад палітыкі, калі так можна сказаць. Як гэта можна аддзяліць? Паспрабуем, ідучы далей, разглядзець справу: якія мэты мае дзяржава, а якія мэты мае Касцёл?
Вось, калі мы вядзем гутарку пра мэты дзяржавы, то прачытаць можам такія словы – менавіта, што мэта дзяржавы – гэта агульнае дабро прававой, гаспадарчай, інтэлектуальнай і маральнай натуры, якія абумоўліваюць усебаковае развіццё асобаў і супольнасцяў, уваходзячых у склад грамадства або дзяржавы. Гэта агульнае дабро ў шырокім разуменні агульнае дабро, як з боку права, гаспадаркі, інтэлектуальнай базы і маральнай натуры. Маральнасці – у шырокім значэнні гэтага слова. І гэта мэта дзяржавы. Дзяржава, у якой мы жывем, да гэтага імкнецца. Да агульнага дабра. А Касцёл, калі мы разглядаем мэты Касцёла, гэта – збаўленне чалавека, жыццё вечнае ў Божым Валадарстве. І вось тут мы бачым, як гэтыя, можна сказаць, дарогі існавання Касцёла і дзяржавы крыху разыходзяцца. Калі мы гаворым пра дзяржаву, то маем на ўвазе ўсё тое, што вось менавіта матэрыяльнае. Да чаго мы можам нейкім чынам дакрануцца, пабачыць і гэтак далей. А Касцёл звяртае ўвагу на жыццё вечнае ў Божым Валадарстве. Тое, да чаго вельмі цяжка дакрануцца. Канешне, калі мы размаўляем у напрамку, напрыклад, сакрамэнтаў, то, сапраўды, мы можам дакрануцца і да асвечанай вады, і да Гостыі можам дакрануцца. Але гэта крыху іншае вымярэнне. І вось, калі прачытаўшы мэты дзяржавы і мэты супольнасці Касцёла, мы бачым, што дзяржава бярэ на сябе адказнасць дапамагчы развівацца як чалавеку, так і супольнасцям, да якіх належыць гэты чалавек. Менавіта, калі мы возьмем Касцёл, возьмем нашу рэчаіснасць, беларускую рэчаіснасць, то Касцёл зарэгістраваны ў нашай краіне, як рэлігійная супольнасць. Касцёл каталіцкі ў Беларусі. Ён зарэгістраваны. І дзяржава бярэ на сябе абавязак усебакова дапамагчы развівацца вось гэтым асобам. Так, як чыталі, што дзяржава абумоўлівае ўсебаковае развіццё асобаў і супольнасцяў, уваходзячых у склад грамадства або дзяржавы. Вось дзяржава бярэ на сябе абавязак розных супольнасцяў. Як палітычных, так і рэлігійных супольнасцяў. І вось адна з такіх супольнасцяў рэлігійных, якія існуюць у нашай дзяржаве, гэта Касцёл каталіцкі. І ў гэтым выпадку, акрамя таго, што ёсць арганізацыя, якая зарэгістравана афіцыйна. Гэта значыць, што ёсць нейкія правілы і Статут, паводле якіх гэта арганізацыя можа існаваць у грамадстве, калі выконвае тыя ці іншыя абавязкі, якія прапісаныя. Яны існуюць. І з другога боку, абавязак дзяржавы – дапамагчы гэтай супольнасці, як і іншым супольнасцям, развівацца.
Вось гэта той першы момант, на які я звяртаю нашу ўвагу, але на гэтым не заканчваем і ідзем далей.