Што сказаць і як дапамагчы чалавеку, які кажа, што не мае грахоў? "Я ж грахоў не маю, навошта ісці на споведзь?" - катэхеза а. Анджэя Юхневіча ОМІ.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Трапіла да мяне пытанне, якое пасрэдна звязана з папярэдняй тэмай аб рахунку сумлення: Што сказаць і як дапамагчы чалавеку, які кажа, што не мае грахоў? “Я ж грахоў не маю, навошта ісці да споведзі?”
Перадусім мне прыгадаліся словы з першага паслання св. апостала Яна: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём нашыя грахі, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас Ягонага слова” (1 Ян 1:8-10).
Таму перадусім трэба з пакорай прызнаць, што няма людзей без грахоў. Нават найвялікшыя святыя спавядаліся, імкнуліся да святасці, і гэта іх рабіла святымі. Няма людзей без граху. Калі чалавек кажа, што не мае грахоў, кажа: “Навошта ісці да споведзі”, — то можна сказаць, што ён пярэчыць самому Пану Езусу, усёй місіі Хрыста.
Нагадаю, што першыя словы, якія Пан Езус прамаўляе ў адным з Евангелляў, гучаць так: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Што гэта азначае? Бог ёсць бязмежная Любоў, ты ад Яе адвярнуўся, і Ён прыйшоў да цябе, каб ты меў Айца. Прызнай свой грэх, адвярніся ад яго і прыйдзі да Айца. Гэта місія Езуса Хрыста, і калі чалавек кажа, што не мае граху, то ён кажа, што не патрабуе Хрыста. А гэта ўжо памылка сама ў сабе — мне патрэбны Хрыстус, мне патрэбны Збаўца, я не самадастатковы!
Няма людзей без граху. Варта такому чалавеку параіць прыгледзецца да таго вобразу Бога, які ён носіць у сваёй галаве: ці гэта не супербанкір, які дае мне крэдыт, а я яго выплачваю. Калі ж не выплачваю, то Ён высылае да мяне ганца, які прыносіць мне ліст з пакараннем. Такія банкаўскія адносіны: ты мне штосьці, я табе штосьці. У чалавека з’яўляецца пачуццё віны, але адначасова і пачуццё дамоўленасці. Калі я не дасягаю гэтага, калі не выплачваю, калі не аддаю дань, то тады я станаўлюся дрэнны. І гэта не добры вобраз. Найлепш мець вобраз Бога як Таго, да каго я магу прыйсці нават з пустымі рукамі і сказаць: Пане, яны зноў пустыя.
Наступнае пытанне — гэта пытанне нашых рахункаў сумлення. Найчасцей мы прывыклі да таго, што на споведзі проста пералічваем грахі, і рахунак сумлення азначае разабрацца ў гэтых маіх грахах, якія я зрабіў: колькасць, якасць, цяжкі ці лёгкі. Некалі я пачуў такі вобраз: ёсць сыры з дзіркамі. Калі я засяроджваюся толькі на дзірках, то магу не заўважыць самога сыра. Я не павінен засяроджвацца толькі на граху. Я павінен развіваць у сабе ўсё добрае, і мне гэта трэба ўбачыць. На фоне ўсяго дабра, якое ў маім жыцці ёсць, я маю ўбачыць тыя моманты, калі я не паслухаў Бога. І вось тут пачынаецца духоўнае ўзрастанне і здабываецца матэрыял для святой споведзі — моманты, калі я не паслухаў Бога, калі хадзіў сваімі шляхамі і праз гэта параніў сябе і іншых, пакрыўдзіў, можна сказаць, самога Бога.
Мой рахунак сумлення — гэта пытанне таксама таго, што я станаўлюся не ў сораме, а ў святле, каб распазнаць, каб узрастаць. Як расліна для росту патрабуе святла — тады яна выпраставаная. А калі не хапае святла, то тады расліны скрыўленыя, карлікавыя. Таму нам патрэбна духоўнае святло, каб узрастаць. Рахунак сумлення, святая споведзь даюць гэтае ўзрастанне.
Некаторыя спавядаюцца неахвотна, не адчуваюць нават патрэбы споведзі, і на гэта ёсць нейкія прычыны. Можа быць прычынай крыўда на святара або страх перад святаром. Я яшчэ да гэтага вярнуся. Або, напрыклад, замала навучання на тэму самой святой споведзі, недахоп катэхізацыі пра святую споведзь.
Чытаючы на гэтую тэму, я сустрэўся з пытаннем аднаго святара, які пытаўся ў іншага святара: “Як часта ты казаў казанне пра святую споведзь?” І сапраўды, гэтыя катэхезы для мяне самога сталі нагодай, каб яшчэ раз паразважаць і засвоіць тыя праўды, пра якія я распавядаю. Замала тлумачэння, замала катэхезы для людзей аб тым, што такое святая споведзь, навошта яна існуе. Таму геніяльна, што Пан Бог натхніў кагосьці з рэдактараў “Радыё Марыя” ўзняць гэтую тэму.
Іншая прычына, чаму людзі не ідуць да споведзі, бо лічаць, што ім не трэба спавядацца, гэта просты сорам. Мы баімся праўды аб сабе. Сёння чалавек шукае такіх ментараў, хто нейкім чынам пакажа, як жыць, нейкае люстэрка. “Свет, люстэрка, мне скажы”. І гэтым люстэркам мы найчасцей выбіраем поп-культуру — тое, што вакол нас. Мы бачым прыклад: найпрыгажэйшыя, найбагацейшыя, найздаравейшыя; таксама каштоўнасці сяброўства, талерантнасці — гэта пранікае з гэтай поп-культуры. Але адначасова вартасці ў іншых сферах адкідваюцца, не прымаюцца.
Люстэрка праўды пра нас — гэта святая споведзь. На ёй бачна ўсё, аб чым нават часам складана гаварыць камусьці. Але я менавіта вось такі; сапраўды, гэта я зрабіў. Таму гэта важны момант.
Адзін мужчына, хворы, паралізаваны, якога наша сястра падрыхтоўвае да святой споведзі, сказаў такія словы: “Я не маю грахоў”. Сястра спыталася ў яго: “А чаму толькі што, калі ты гэта сказаў, твая жонка заплакала?” У нас ёсць грахі, чалавек грэшны, і ён патрабуе перамены жыцця. Гэта трэба ў пакоры, у праўдзе прызнаць пра самога сябе.
Папа Пій ХІІ некалі заўважыў, што пачуццё граху занікае. Адчуванне віны не азначае пачуцця граху. Гэта дзве зусім розныя рэчаіснасці, і часта чалавек можа блытаць: не адчуваю віны, значыць не маю граху. У нас гэта дзейнічае ў два бакі: не спавядаюся, бо занікае пачуццё граху, а пачуццё граху занікае, таму што не спавядаюся. І потым чалавек пачынае думаць такімі катэгорыямі, што грэх — гэта нешта вялікае і страшнае. І ўзнікае папулярная трыяда, тры апраўданні: я не забіў нікога, не чужаложыў і не краў, значыць я не маю граху.
Справа далікатнасці сумлення — гэта справа ўзрастання. Хто бліжэй да Бога, той больш бачыць сябе ў праўдзе і бачыць свае недахопы. Хто далей ад Бога, той менш бачыць сябе самога.