
Якія ёсць умовы для шчырай споведзі? Парады, як шчыра спавядацца, ад а. Анджэя Юхневіча ОМІ.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Сёння хачу разам з вамі закрануць наступную тэму, пра якую я ўжо крыху расказваў на адным з папярэдніх спатканняў, а менавіта тэму шчырага вызнання грахоў, шчырай споведзі.
Сам прыметнік “шчыры” прыводзіць нас да таго, што мы становімся ў праўдзе перад Богам і ў праўдзе перад сабою. Без такой шчырасці ў значэнні праўдзівасці няма магчымасці праявіць сапраўдную скруху і сапраўды пастанавіць выправіцца. Для сапраўднасці сакрамэнту, для сапраўднасці споведзі патрэбна шчырасць. Дзеля гэтага чалавек абавязаны ў святой споведзі вызнаць усе цяжкія грахі, г. зн іх колькасць і якасць, назваўшы іх па імені, без двухсэнсоўнасці, без шырокіх паняццяў, а вельмі дакладна.
Можа быць так, што хтосьці прыходзіць і кажа, што зграшыў супраць цела, і вось гэтае шырокае паняцця выклікае пытанне: як? Таму што, калі няма ўдакладнення, што азначае “зграшыў супраць цела”, то святар павінен уключыць сваю фантазію і паводле сваёй разбэшчанасці прыдумаць, як можна зграшыць супраць цела. Чалавек пераеў, і яго завезлі ў шпіталь, бо замнога з’еў? Ці рэзаў самога сябе або зграшыў супраць свайго цела ў значэнні мастурбацыі? Зграшыў супраць цела — паняцце шырокае.
Або, напрыклад, хтосьці скажа: здараецца мне гнявіць сваю жонку, а на практыцы гэта выглядае так, што ён яе б’е. Трэба назваць свае грахі па імені так, як ёсць. Канешне, з гэтым звязана намаганне, таму што складана ўсё назваць па імені, але прызнаць праўду пра сябе — гэта асноўнае намаганне чалавека, які прымае шлях хрысціянскага развіцця.
Некаторыя грахі могуць быць настолькі сорамныя, што вызнанне іх звязана з вялікім прыніжэннем для чалавека. Часам чалавек гаворыць на споведзі тое, што не сказаў бы нават перад люстэркам. Гэта складана, але ў споведзі нам вельмі патрэбная зразумеласць у камунікацыі. Што гэта азначае? Я сам сябе разумею, сам з сабою камунікую добра, гэта значыць ведаю праўду пра сябе, разумею праўду пра сябе. Але таксама гэтая зразумеласць у камунікацыі шмат што аблягчае для святара. Слухаючы святую споведзь, святар, з аднаго боку, ацэньвае як суддзя, але, з другога боку і перш за ўсё як айцец, пакажа шлях, пакажа чалавеку выйсце з дадзенай жыццёвай сітуацыі.
Можа нарадзіцца думка: што святар падумае пра мяне, калі я так скажу? Варта абуджаць у сабе свядомасць, што святар таксама спавядаецца, святар таксама ўсведамляе ўласную грэшнасць, і святар ведае, што ў сакрамэнце споведзі ён прызначаны для таго, каб дапамагаць. Варта таксама ўсведамляць сабе, што святар моліцца за таго, хто вызнае свае грахі. Шмат святароў моліцца за сваіх пенітэнтаў. Таму святар — не супраць мяне, а на маім баку. Ягоная прысутнасць, ягоныя парады, у рэшце рэшт адпушчэнне грахоў сведчаць пра тое, што ён на маім баку, што Хрыстус на маім баку, што Касцёл не супраць мяне. Гэта ўсё сведчыць пра тое, што ў сакрамэнце адбываецца гісторыя майго збаўлення. Шчыра стоячы перад Богам, перад сабою, я перажываю сваё збаўленне.
Некалі я пачуў такую прапанову, можа, паўжартам ці ўсур’ёз, пра споведзь у Інтэрнэце. Калі гэта ўжо споведзь будзе праз Інтэрнэт? Ці Папа Рымскі думае пра споведзь праз Інтэрнэт? На маю думку, споведзь ніколі не пяройдзе ў віртуальны сусвет. Езус пасылае апосталаў, каб яны неслі паяднанне, і гэта адбывалася праз стагоддзі, тысячагоддзі асабіста, як спатканне асобы з асобай. Перш за ўсё, чалавек, які каецца, які прыходзіць да споведзі, сустракае асобу Езуса Хрыста. Таму споведзь з’яўляецца асабовымі адносінамі, споведзь носіць характар дапамогі адзін аднаму, пра што св. Павел скажа: “Адзін аднаго цяжары насіце”. Я прыходжу да споведзі і сустракаю Касцёл, які дапамагае зняць з мяне гэты цяжар. Таму гэта заўсёды будзе асабовае спатканне. Інтэрнэт, у сваю чаргу, з’яўляецца крыніцай інфармацыі, ведаў, але не можа стаць заменнікам адносінаў. Віртуальныя адносіны ніколі не стануць сапраўднымі. Нават можа быць так, што дзяўчына з хлопцам перапісваюцца праз Інтэрнэт, праз нейкія сацыяльныя сеткі і праз нейкі час знаёмства пачынаюць сазвоньвацца, і нават адважваюцца на відэаразмовы, але ў рэальнасці, калі яны сустракаюцца, то ёсць нейкая форма блакады і нясмеласці. Ім лягчэй перапісвацца, чым размаўляць у сапраўдным жыцці. Віртуальныя адносіны ніколі не будуць рэальнымі, асабовымі адносінамі. Таму святая споведзь заўсёды застанецца асабовым спатканнем, і да гэтага таксама трэба імкнуцца і ствараць умовы і з боку святара, і з боку пенітэнта — чалавека, які спавядаецца. Таксама каб канфесіянал — архітэктурнае месца, дзе спавядаецца чалавек, — было зручным, выгодным, каб чалавек мог адкрывацца. Гэта асабовае спатканне, шчырае спатканне.
І яшчэ хачу сказаць некалькі словаў на тэму сораму. Сорам заўсёды з’яўляецца нейкім нашым “анёлам-ахоўнікам”, які ахоўвае наш унутраны, інтымны, асабісты свет — рэчаіснасць вельмі далікатную. Я ўсведамляю сабе, што праз грэх была парушана нейкая каштоўнасць, і таму саромеюся гэтага. Чалавек, які не саромеецца сваіх грахоў, гэта псіхапат. Чалавек, які не саромеецца свайго дрэннага ўчынку, з’яўляецца псіхапатам. Кожны, хто адчувае сорам за дрэнны ўчынак, гэта нармальны чалавек. Сорам — гэта вельмі людское пачуццё. Пра гэта мы ўжо некалі казалі, але варта нагадаць. З сорамам, часам нават спатнеўшы, вызнаю свае грахі.
Дакументы Касцёла заахвочваюць святара практыкаваць вялікую далікатнасць у святой споведзі, прычым да ўсіх: не толькі да нейкіх сфер жыцця чалавека, не толькі да некаторых груп, а да ўсіх. Аднолькава да дзяцей, аднолькава да дарослых, таму што бывае так, што дзеці ў святой споведзі таксама з цяжкасцю, з сорамам вызнаюць свае нават невялікія грахі, але для іх гэта важна, і яны могуць саромецца. Таму ад святара патрабуецца далікатнасць — далікатнасць самога Бога. Можа здарыцца так, што нейкая заўвага святара з мэтай удакладнення нейкай рэчаіснасці на споведзі, калі чалавек, які спавядаецца, мае развітае пачуццё ўласнай незалежнасці, кожная форма пытання святара можа быць успрынята як нейкая нахабнасць. Таму варта называць усё па імені: хоць гэта сорамна, але вельмі неабходна.
Шчырасць у святой споведзі адносіцца да праўды. Яна пранікае ўсю рэальнасць сакрамэнту: і рахунак сумлення, і мой жаль за грахі, і пастанову выправіцца, і таксама вызнанне маіх грахоў. Яно мае быць заўсёды шчырае, сапраўднае, звязанае з праўдай.
Частая святая споведзь і пастаянны спаведнік вельмі дапамагаюць у гэтым, дапамагаюць узрастаць у адчуванні перамены свайго жыцця. Я заўважаю, што развіваюся, што нейкая форма майго жыцця паглыбляецца, што я наближаюся да Езуса Хрыста. І тады я ўжо бачу, што гэта не столькі нейкі цяжар, колькі споведзь пачынае прыносіць мне свабоду. Я гэта заўважаю, адчуваю, перажываю.
Таксама ў шчырасці вельмі важнай з’яўляецца вера. Усе сакрамэнты — для людзей веруючых. Споведзь таксама для чалавека веруючага. Без веры цяжка нарадзіць шчырасць. Без веры будзе ўва мне страх, які аказваецца непераадольным. Не магу яго пераадолець, баюся — і ўсё. Саромеюся — і ўсё. А вера дапамагае мне стаць у шчырасці перад Богам, перад самім сабою і перад святаром. Шчыра вызнаю, называю свае грахі па імені. Сорамна, але дзякуй Богу за сорам, таму што мы адчуваем, што маем каштоўнасці, да якіх імкнёмся. Пахвалёны Езус Хрыстус!