
"Адпрацаваць свае грахі не магчыма" - а. Анджэй Юхневіч ОМІ тлумачыць, у чым тады сэнс пакуты і сатысфакцыі.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Сёння хочам паразважаць над тэмай, якая нам засталася апошняй. Гэта пакута, або, як яе інакш называюць, сатысфакцыя — выпраўленне ўчыненых грахоў.
Ці існуе нейкая розніца паміж пакутай і сатысфакцыяй? Часта мы ўжываем гэтыя словы ўзаемазамяняльна, нават больш часта карыстаемся словам “пакута”: выканаў пакуту, не выканаў пакуту пасля споведзі… Існуе, аднак, таксама слова “сатысфакцыя”. Якая паміж імі розніца? Ці можна іх ужываць узаемазамяняльна? Пакута — гэта рэчаіснасць больш унутраная; яна мае шырэйшае вымярэнне. Гэта стан адварочвання ад свайго “я” і кіраванне сябе да іншага, да “ты”, гэта значыць да Бога і да бліжняга. Гэта такі ўнутраны стан, таму ён больш скіроўвае нашую ўвагу на тое, што адбываецца ў нас. А сатысфакцыя — гэта знешняя пакута, вынік унутранай пакуты. Тое, што ўва мне адбылося, што я сабе ўсвядоміў, я хачу перанесці на вонкавую частку. Гэта выраз у маёй малітве, пабожных учынках, нейкае вяртанне парушанага балансу — рэчаіснасці, якую я парушыў сваім грахом. Сатысфакцыя — гэта знешні доказ маёй пакуты. Гэтыя два словы мы выкарыстоўваем сінанімічна, але пакута выказвае тое, што ўнутры, а сатысфакцыя — тое, што адбываецца звонку як вынік унутранага жыцця.
Ці магу я адпакутаваць за свае грахі? Шчыра сказаць, гэта немагчыма. Немагчыма як бы выпрацаваць сабе прабачэнне. Можа здавацца, што я буду старацца, намагацца, нейкі цяжар вазьму — і тады адпакутую свае грахі. Але адзіная рэальная сатысфакцыя за мае грахі — гэта Езус Хрыстус. Часта нам цяжка прыняць тую рэальнасць, што прабачэнне — гэта дар. І нават ёсць такое перакананне ў нашым матэматычным розуме, што я буду намагацца заслужыць сабе адкупленне, прабачэнне грахоў: нібы мая пакута будзе настолькі якаснай, што ўсе мае грахі будуць знішчаны. Гэта немагчыма. Адзіная пакута — гэта Езус Хрыстус. І святы Павел у другім пасланні да Карынцянаў піша так: “Бог таго, хто не ведаў граху, учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю”.
Дараванне граху — гэта падарунак ад Бога, які быў выслужаны Езусам Хрыстом на крыжы. Гэтага Ён не мусіў рабіць, Ён не быў вымушаны пакутаваць за нас на крыжы — гэта абсалютна свабодны выбар Езуса Хрыста. Хацеў, бо палюбіў. Таму любоў тут на першым месцы. Варта гэта сабе ўсведамляць, што Хрыстус абсалютна свабодна выбірае такую форму ахвяры самога сябе дзеля нас. Палюбіў, таму захацеў.
Ахвяра Езуса Хрыста на крыжы ачысціла нас ад грахоў і дала адкупленне. Кожная мая пакута, кожная сатысфакцыя мае сэнс толькі тады, калі яна ўпісана ў Яго ахвяру крыжа. Чалавек разумее, што здзейсніў грэх, таму хоча, каб гэтая ахвяра Хрыста таксама адбылася ў ім, і каб ён, чалавек, стаўся ўдзельнікам ахвяры Хрыстовай. Таму ён пакутуе.
Можа часам здавацца, што пакутныя ўчынкі, дадзеныя святаром, вельмі маленькія. Ну, што, памаліцца і ўсё — за грахі адпакутаваў. Але яны набіраюць вялікую адкупленчую, збавенную вагу, калі ўпісваюцца ў ахвяру Езуса Хрыста. Тое, што маленькае, мае вялікую вартасць, таму што далучаецца да Яго ахвяры.
Гэта можна параўнаць вось з чым. Гэта вельмі абмежаванае параўнанне, але пастараюся растлумачыць. Хрыстус ахвяроўвае вялікую колькасць ружаў, напрыклад фуру ружаў, і я дакладаю таксама сваю ружу ў гэтую прыгожую ахвяру Езуса Хрыста. Ён усё здзейсніў за мяне, а я хачу, каб гэтыя розы сталі таксама маім удзелам, каб Хрыстус меў ува мне свой удзел. Мая ахвяра, далучаная да ахвяры Езуса Хрыста, мае збавеннае вымярэнне. Я разам з Хрыстом складаю гэтую прыгажосць, прыгожы букет. Хачу, каб тое, што адбылося на крыжы, стала таксама маім удзелам, таму пакутую, таму прымаю нейкую форму сатысфакцыі.
І цяпер пытанне: калі Пан Езус усё зрабіў за мяне, то навошта мне пакутаваць? Гэтая пакута прыводзіць да адкрытасці на Пана Бога і іншага чалавека. Таму павінна існаваць нейкая ступень сатысфакцыі. Не матэматычная, напрыклад, што я дзесяць дзён не маліўся, прыходжу, вызнаю на споведзі, і, значыць, пакута будзе стаць на калені і памаліцца адну гадзіну, таму што якраз складзеш сабе ўсе гэтыя малітвы за адзін раз. Матэматыка тут не дзейнічае. Пакута павінна мець аднясенне да граху. Спаведнік павінен выкарыстоўваць фантазію і крэатыўнасць і накладаць пакуту адносна граху. Пакута мае ў нейкай форме абцяжарыць мяне: яна магчымая для выканання, але не знеахвочвае мяне. Яна мае выклікаць з майго боку нейкае намаганне і таксама мець лячэбны характар — дзейнічаць на грэх праз супрацьдзеянне. Не маліўся — значыць пакута будзе мець характар малітвы. Калі вызнаю, што крычу на іншых, то пакута будзе мець вымярэнне прабывання ў цішыні.
Крэатыўнасць з боку святара патрэбная, і ён павінен уважліва слухаць. Нават варта працытаваць пасланне Яна Паўла ІІ, якое ён скіроўваў да спаведнікоў і Апостальскай Пенітэнцыярыі. Ён тады казаў такія словы: “Спаведнік павінен паклапаціцца не толькі пра прапорцыю ў сэнсе колькасці паміж грахом і сатысфакцыяй, якую трэба выканаць, але мець на ўвазе пабожнасць пенітэнта, яго духоўную культуру, здольнасць разумення і засяроджвання ўвагі”. Ян Павел ІІ тут заклікаў спаведнікоў канкрэтна слухаць чалавека.
Можна меркаваць, што чалавек, які не спавядаўся адзін год ці дзесяць гадоў, мае іншую духоўную культуру, чым чалавек, які спавядаецца штомесяц або кожныя два тыдні. Спаведніку трэба мець гэта на ўвазе. Ян Павел ІІ працягвае: “Лепш будзе пакута ўмераная, але рупліва выкананая, чым вельмі абцяжарвальная і па гэтай прычыне зусім не адпраўленая або зробленая з неахвотай”. З майго боку, калі я маю выконваць пакуту, павінна быць намаганне, але таксама пакута павінна быць рэальнай. Як спаведнік я не магу даць чалавеку, які працуе, удзел у Імшы, якая адбываецца ў тры гадзіны дня, бо ён працуе. Я скажу, каб ён удзельнічаў у гэтай святой Імшы на працягу пяці дзён, а ён фізічна не можа прыйсці на гэтую Імшу. Гэта ўжо нерэальная пакута.
Або, напрыклад, мы наведваем хворых на вёсцы, і там жыве дзядок, якому 93 гады. Ён глухі, ён ледзь бачыць. Калі ён спавядаецца, мне трэба яму гучна крычаць у левае вуха, бо правае зусім не чуе, а левае трошкі чуе. І як спаведнік я не магу яму задаць, напрыклад, чытаць Евангелле св. Яна і медытаваць над пятнаццатым раздзелам, таму што ён нават фізічна не пабачыць гэтага тэкста. Трэба пакуту дапасоўваць таксама да пенітэнта, да чалавека, які спавядаецца, мець на ўвазе яго духоўную культуру, як кажа Ян Павел ІІ, слухаць чалавека. Намаганне ў пакуце мае прысутнічаць, але не можа адбіраць у чалавека ахвоту.
Можа быць так, што чалавек, напрыклад, пасля святой споведзі не адпакутаваў, не памаліўся, а потым хоча ісці да споведзі і кажа: а што за пакута была? Што я павінен быў адгаварыць? На працягу пяці дзён памаліцца — гэта што, пяць разоў? Стаю ў чарзе да святой споведзі, і ўва мне ўсе гэтыя думкі, я стаю малюся пяць разоў, потым прапускаю чаргу, бо яшчэ не адмаліўся… Здаецца, што як дзеці ў школе: не зрабіў дамашняе заданне, таму трэба цяпер хуценька на падаконніку перапісаць у нейкага чалавека. Гэта сапраўдна выкананая пакута, але яна напэўна не прынесла добрага духоўнага плёну ў жыцці чалавека. Пакута павінна быць выканана як мага хутчэй пасля святой споведзі.
Канешне, калі я не выканаў пакуты, не выканаў сатысфакцыі, то мне трэба сказаць пра гэта на найбліжэйшай споведзі. Сказаць, што памятаю пакуту, ведаю, якая яна, можна назваць гэтую пакуту. Калі не памятаю пакуту з апошняй святой споведзі і яе не выканаў, то таксама сказаць пра гэта.
Сатысфакцыя — гэта выпраўленне шкоды, учыненай грахом. Нейкім чынам я прымаю адказнасць за тое, што здзейсніў. Пакута прыводзіць мяне да адказнасці. Парушаны баланс я павінен вярнуць.
Ёсць такое слова “рэстытуцыя”. Парушаны баланс павінен быць адноўлены. Напрыклад, хтосьці скраў або затрымаў чужую рэч, і яе трэба вярнуць. У Рыме існавала такое выслоўе: “res clamat ad dominum”, што азначае “рэч кліча да свайго гаспадара”. Парушаны мною баланс застаецца назаўсёды парушаны, нават калі я вызнаў свой грэх. І маім навяртаннем са святой споведзі з’яўляецца вяртанне гэтай рэчы або яе кошту. Калі я, напрыклад, скраў у краме снікерс і з’еў, то што мне рабіць? Купіць снікерс і занесці назад у краму? Немагчыма. У такой сітуацыі варта грашовую вартасць такога прадмету ахвяраваць нейкай дабрачыннай арганізацыі, даць беднаму або суседу, напрыклад, хлеб купіць. Калі гэта снікерс, то можна для сваіх аднагодак купіць снікерс. Такім чынам, нейкая форма намагання з майго боку здзейснена. Пасля святой споведзі я абавязаны вярнуць парушаны мною баланс.
Хтосьці, напрыклад, мог навесці на іншага чалавека паклёп, і гэта таксама парушаны баланс. Мой маральны абавязак — вярнуць гэты парушаны баланс. Не заўсёды можа быць так, што я на працы магу прызнацца, бо мне трэба там яшчэ працаваць. Нейкую форму вяртання балансу трэба шукаць. Як гэта зрабіць, гэта ўжо індывідуальна для кожнай сітуацыі, але трэба шукаць спосаб і магчымасць вярнуць парушаны мною баланс.
Хтосьці ездзіў зайцам у гарадскім транспарце, і як вярнуць парушаны баланс? Лагічна было б, калі б я купіў дзесяць білетаў і проста іх знішчыў. Або купіў дзесяць білетаў і раздаў іх людзям. Трэба гэты баланс неяк вярнуць да папярэдняга стану.
Хтосьці зарабіў грошы, таму што апублікаваў плагіят, і тады пакутай будзе прызнанне і вяртанне гэтых грошай таму, хто мне іх заплаціў. Мой абавязак, мой вынік споведзі — гэта пакута ўнутраная, бо я ўсведамляю сабе грэх і хачу нейкім чынам выправіць парушаны мною баланс. Гэта быццам раны, якія я нанёс. Хоць я за іх шкадую, яны маюць быць залечаны. Святая споведзь з’яўляецца лекам ад грахоў, але ёсць таксама наступствы ў іншых людзях або іншай рэчаіснасці, якія я абавязаны нейкім чынам лекаваць.
Намаганне навяртання не заканчваецца разам з адпушчэннем грахоў: вызнаў на святой споведзі — значыць вырашана ўсё. Навяртанне — гэта адказнасць за вынікі грахоў. І тут гэта вельмі актуальная справа для нас усіх, мне здаецца, каб мы гэта разумелі не толькі ў святой споведзі, але і ў грамадскім жыцці. Навяртанне — гэта адказнасць за вынікі маіх грахоў.
І яшчэ хачу звярнуць увагу на дзве справы. Пакута не павінна засяроджваць на сабе. Напрыклад, хтосьці будзе прымаць пакуту пасціцца, каб пахудзець. Цяпер у Польшчы сталі папулярнымі такія рэкалекцыі з пахудзеннем: едзеш на такія рэкалекцыі, перажываеш нейкае Божае слова разам з прарокам Даніэлем, пакутуеш, посцішся на хлебе і вадзе, але таксама худзееш. Гэта нядобрая пакута, бо яна мяне засяроджвае на маім целе, на маёй форме, на маім жываце, каб ён быў меншы. Я маю засяродзіцца на “ты” — на Пану Богу і на бліжнім. Пакута мае адкрываць мяне, а не засяроджваць на сабе.
І апошняя справа — гэта пацалунак стулы пасля святой споведзі. Стула — гэта частка вопраткі святара, якая выглядае, як шалік з крыжам. Часта бывае так, што, калі споведзь адбываецца ў канфесіянале або нават па-за канфесіяналам, гэтая стула вісіць. З аднаго боку, гэта знак таго, што святар знаходзіцца ўнутры, а з іншага боку, што спаведнік мае святарскую ўладу ад Езуса Хрыста і Яго моцай, моцай Яго ахвяры адпускае мае грахі. Чалавек, які пасля святой споведзі цалуе стулу, паказвае тым самым пашану да святарства і таксама ўдзячнасць Богу за магчымасць святой споведзі.
Дзякуй вялікі! Гэта ўсе нашыя разважанні на тэму ўмоваў святой споведзі. Зразумела, я ведаю, што не вычарпаў усіх тэм, і мы яшчэ будзем працягваць. Але яшчэ раз заахвочваю дасылаць пытанні, якія нараджаюцца ў сувязі з гэтай катэхезай, бо тады вядома, што катэхеза зацікаўлівае і правакуе пытанні або думкі, якія могуць быць наступнымі тэмамі для катэхезаў. Заахвочваю над гэтым задумацца і задаваць пытанні, якія нараджаюцца. Дзякуй вялікі! Пахвалёны Езус Хрыстус!