Айцец Анджэй Юхневіч ОМІ, пробашч Парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, распачынае на "Радыё Марыя" цыкл катэхезаў, прысвечаных сакрамэнту споведзі, і запрашае нашых слухачоў дасылаць пытанні па гэтай тэме.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Сённяшнім спатканнем хачу распачаць цыкл разважанняў на тэму святой споведзі. Канешне, я асабіста не з’яўляюся ні выкладчыкам, ні дагматыкам. Я просты святар і душпастыр. З дапамогай дагматычных, тэарэтычных спраў хачу расказаць больш пра практычныя бакі святой споведзі і значэнне яе перажывання. Вельмі хочацца, каб слухачы таксама задавалі пытанні. Чаму? Часта бывае так, што, калі слухач слухае ўважліва, з разуменнем, у яго нараджаюцца пытанні, і важна задаваць пытанні: тады той, хто прамаўляе, таксама ведае, аб чым казаць і што цікавіць слухачоў. Таму заахвочваю, каб пытанні нараджаліся і каб вы нейкім чынам скіроўвалі іх сюды, у рэдакцыю.
Першая справа, да якой я ўвесь час вяртаюся ў сувязі з сакрамэнтам споведзі або ўвогуле з сакрамэнтамі, гэта рэчаіснасць таго, што сакрамэнт — для людзей веруючых. Таму што, падыходзячы да гэтай рэальнасці ўсіх сакрамэнтаў, толькі чалавек веруючы можа прыняць гэтую рэчаіснасць. Першая рэчаіснасць: сакрамэнт — для людзей веруючых. Канешне, кожная рэлігія мае нейкую форму ачышчэння з грахоў, з дрэнных спраў. Тым не менш сакрамэнт мае зусім іншы ранг і вагу, і чалавек веруючы, які карыстаецца ім, атрымлівае ачышчэнне.
Сёння, перш чым распачаць разважанні канкрэтна пра святую споведзь, я хацеў бы засяродзіцца на такой рэчаіснасці. Падыходзячы да сакрамэнту споведзі, вельмі важна ўсвядоміць вобраз Бога, які я нашу ў сабе, у сваім сэрцы, у сваёй свядомасці. Сёння хачу разам з вамі наблізіцца да гэтага вобразу Бога, які ёсць і прыходзіць у нашых сакрамэнтах.
Насамрэч Пан Бог, які з’яўляецца блізкім для нас, існуе ў недасяжным святле. Так кажа Святое Пісанне. Хачу спачатку працытаваць фрагмент псальма 139, дзе псальміст моліцца прыгожымі словамі да Бога:
Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў,
Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі.
Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною,
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Яшчэ няма слова на маім языку,
а Ты, Пане, ужо ведаеш усё.
З усіх бакоў мяне ахінаеш
і кладзеш на мяне сваю руку.
Незвычайнае для мяне разуменне Тваё,
недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.
Куды пайду ад духа Твайго
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
Калі ўзыду на неба, Ты там;
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Калі вазьму крылы зараніцы
і перасялюся на ўскраіну мора, —
нават там рука Твая мяне павядзе,
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
Гэта вобраз такога Бога, які знаходзіцца вельмі блізка да нас, які нібы абдымае нас сваёй прысутнасцю, напаўняе нас. Далей псальміст кажа пра тое, што Бог ведае пачатак, ведае момант, калі ўсе яшчэ былі схаваны пад сэрцам маці, — ужо тады Бог ведае мяне.
Калі мы чытаем кнігу Зыходу, то бачым, як Майсей сустракае Пана Бога на пустыні. Менавіта там, у цудоўным, незвычайным знаку палаючага куста, праяўляецца прысутнасць Бога. Майсей пачуў усярэдзіне куста голас Пана і сказаў Яму: “Вось, я прыйду да сыноў Ізраэля і скажу ім: Бог айцоў вашых паслаў мяне да вас. А калі яны спытаюцца ў мяне: Якое ў Яго імя? Што адказаць мне ім? Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас”.
Само імя Пана Бога ЯКІ ЁСЦЬ кажа нам пра тое, што Пан Бог — гэта Прысутнасць, якая любіць. Гэта Ён — сакрамэнт. Бог — гэта рэчаіснасць бязмерная, незразумелая для людскіх розумаў. Нават святы Павел напісаў да Цімафея ў першым пасланні такія словы: “[Бог] адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа”.
Ён існуе ў абсалютным святле як асабовы дар, і мог бы так існаваць вечна. Аднак, калі хтосьці сапраўды любіць, ён гатовы і хоча дзяліцца. І Пан Бог ёсць такі ЯКІ ЁСЦЬ, Ён — Прысутнасць любові. Ён хоча дзяліцца, Ён не застаецца недасяжны. Ён — той, хто сыходзіць да нас. Бог выходзіць з абсалютнай недасяжнасці і паказвае сваю асаблівую прысутнасць у надзвычайным знаку.
У Майсея мы бачым, што гэта куст, які палымнее — незразумелы знак, але за ім прыходзяць словы тлумачэння. Што гэта значыць? Бог прыходзіць у гэтым надзвычайным знаку, каб аб’явіць чалавеку пакліканне. Гэта і ёсць змест сакрамэнтаў. Пан Бог хоча аб’явіць нам нашае пакліканне.
Канешне, вяршыня гэтага набліжэння Пана Бога — гэта сам Пан Езус Хрыстус. Святы Ян у сваім Евангеллі запісаў: “Бо так палюбіў Бог свет (гэтая любячая Прысутнасць не застаецца далёкай), што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”. І далей святы Павел у пасланні да Галатаў: “Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону”. Гэты момант набліжэння як бы сазравае, спее. І сапраўды, гэта ўнікальнае здарэнне: Бог набліжаецца да чалавека так моцна, што больш немагчыма, гэта значыць прымае чалавечае цела. Езус Хрыстус такім чынам рэалізуе Божы план, каб усе мелі ўдзел у Айцу.
Езус сам скажа з Евангеллі ад Мацвея такія словы: “Вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”. Гэтыя словы Ён кажа непасрэдна перад Унебаўшэсцем. “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”. Хрыстус, Які адышоў, не перастае прыходзіць новым чынам. Ён прысутны і дзейнічае ў чалавеку, стварае супольнасці, сваё Цела — Касцёл.
Сакрамэнт — гэта блізкасць Бога, які любіць; блізкасць Айца ў Езусе Хрысце. Я думаю, што варта падыходзіць да святой споведзі, гледзячы на сакрамэнт такім чынам. Блізкасць Бога, які любіць. Заўважце, што ў Евангеллі ад св. Яна адразу спачатку, калі апосталы шукаюць Пана Езуса, яны ідуць за Ім і задаюць пытанне: “Настаўнік, дзе жывеш?” — “Ідзіце і ўбачце”. Яны пайшлі і ўбачылі. Сёння я сустракаю Езуса Хрыста, Які прыходзіць у слове, у сваіх сакрамэнтах менавіта ў супольнасці Касцёла. Тое, чаму вучыў Езус і што зрабіў, здзяйсняюць сакрамэнты. У сакрамэнце да нас трапляе Яго слова і быццам дакранаюцца да нас Ягоныя рукі. Бог, Які любіць. Ягоная прысутнасць у сакрамэнце — прысутнасць, поўная любові і прыняцця чалавека.
На сёння гэта ўсё. Дзякуй вялікі за вашу ўвагу, за супольна праведзены час. Пахвалёны Езус Хрыстус!