Практычныя парады святара перад споведдзю дае а. Анджэй Юхневіч ОМІ, пробашч Парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Працягваем нашую тэму святой споведзі. Сёння хацеў бы задаць такое пытанне: як перажыць святую споведзь? Якім чынам, якім спосабам? Прыгледзімся да практычных бакоў святой споведзі.
Першая справа, якая хачу, каб прагучала: не бойся святароў! Памятай, што святая споведзь — гэта заўсёды радаснае спатканне з Езусам Хрыстом, для Якога святар з’яўляецца слугою або, можна сказаць нават больш, прысутнасцю Езуса Хрыста на зямлі, вухам Езуса, якое слухае.
Некалі містычка з Лацінскай Амерыкі Каталіна Рывас мела такую візію: падчас святой Імшы збоку касцёла спавядаў святар, і яна, гледзячы на гэтую сцэну, як распавядае, бачыла Езуса Хрыста, Які стаяў побач са святаром, а пенітэнт (чалавек, які спавядаецца) стаяў на каленях. У той момант, калі святар меў адпусціць грахі, Пан Езус сеў на тое месца, дзе сядзеў святар, а святар перастаў існаваць. І, менавіта прамаўляючы словы “Я адпускаю табе грахі ў імя Айца і Сына, і Духа Святога”, святар не існаваў — там быў Пан Езус. Таму, нават калі б я хацеў пачуць голас Пана Езуса, то ў момант святой споведзі Ягоны голас там гучыць. Не бойся святароў, таму што гэта спатканне з Езусам Хрыстом, Які любіць.
Паспрабуй звяртацца непасрэдна да Пана Езуса. Я вельмі люблю чуць такія споведзі, якія з’яўляюцца вызнаннем не столькі “Ойчанька, штосьці там”, колькі “Пане Езу, я тое і тое зрабіў”. Тады сапраўды гэтая споведзь становіцца малітвай. Звяртайся непасрэдна да Езуса.
На самым пачатку падзякуй Пану Езусу за ўсё добрае, што ў апошні час здарылася ў тваім жыцці. І зноў-такі, як папярэднім разам я казаў, не трэба хваліцца, што добрага я зрабіў, а падзякаваць за тое, што я бачу, што зрабіў Пан Бог у маім жыцці. І на фоне таго, што я бачу добрае дзеянне Пана Бога ў маім жыцці, я вызнаю свае грахі: дзе мне не ўдалося Яго пачуць, чаго я не здзейсніў, якое Яго слова не было выканана мною, дзе не была здзейснена Ягоная воля. Гэта значыць спачатку падзякаваць Пану Богу.
Варта таксама, каб вы ведалі, што святар перад тым, як пенітэнт падыдзе, коратка моліцца за яго. І таксама варта, каб ты маліўся, малілася за святара, які будзе слухаць тваю споведзь. Каб гэта была сапраўды прылада Духа Святога, Які працуе ў тваім сэрцы, каб праз яго таксама дзейнічаў Дух Святы на цябе. Памаліся за святара.
Наступная тэма: святар таксама чалавек. Ён можа памыляцца або быць змучаны. Бывала так, што, служачы яшчэ ў Польшчы, падчас велікодных споведзяў перад Пасхай мы спавядалі шмат гадзін, так што нават у туалет не было магчымасці выйсці. Могуць быць розныя сітуацыі, бо святар таксама чалавек. Ён можа памыляцца, і гэта таксама трэба разумець.
Моц адпушчэння грахоў мае святар, а не ягонае адзенне. Гэта значыць, калі святар не апрануты ў сутану (або манах — у манаскае адзенне), то споведзь неабавязкова будзе несапраўднай. Або ён можа мець на сабе стулу — гэта неабавязкова. Гэта можа быць, гэта дапаможны, вельмі выразны знак, але для самой сутнасці споведзі не абавязковы. Моц адпушчэння грахоў мае сам святар.
Маеш права папрасіць аб споведзі па-за канфесіяналам. Звычайным месцам сакрамэнту споведзі з’яўляецца канфесіянал, спавядальня. Але, напрыклад, была такая сітуацыя, калі ў маёй парафіі адзін мужчына вярнуўся з турмы, і для яго гэтыя краты ў канфесіянале неслі дрэнную асацыяцыю. І ён папрасіў, каб першая споведзь пасля пяці год, што ён быў у турме, адбылася па-за касцёлам, проста на шпацыры. І яна сапраўды адбылася. Сёння ён рэгулярна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла і спавядаецца, як звычайна, у канфесіянале, але пра першую споведзь ён папрасіў, каб яна была па-за ім. Гэта значыць маеш права папрасіць аб споведзі па-за канфесіяналам.
Найлепшы спаведнік — гэта той святар, які найбольш ведае аб табе. Бывае так, што ў парафію прыязджаюць новыя святары, і тады ёсць такі кантынгент парафіян, якія лічаць: о, новае вуха, альбо грахі на экспарт, што вось “новенькі, свежанькі, дык яму скажу”, нібы з кветачкі на кветачку пераскоквае. Але найлепшы спаведнік — гэта той, хто найбольш ведае пра цябе, бо ён найлепш можа табе дапамагчы. Маючы сталага спаведніка, гэта значыць таго святара, да якога часта ходзіш, часам варта схадзіць да новага святара. Чаму? Можа быць так, што на некаторыя справы новы спаведнік кіне новае святло, быццам бы іншае разуменне прыйдзе. Гэта добры момант: маючы пастаяннага спаведніка, схадзіць раз-пораз да новага святара. Гэта таксама карысна для духоўнага росту.
Не адкладвай споведзь на апошнюю хвіліну перад святамі. Калі так зробіш, то трэба лічыцца з тым, што гэта будзе вельмі хуткая споведзь. Часам мы лічым, што яшчэ трошкі трэба пратрымацца, каб добра перажыць свята. Трэба мець свядомасць, што тады споведзь можа быць хуткай, бо ёсць шэраг людзей, якія таксама хочуць паспавядацца, і такая споведзь не прынясе асаблівага задавальнення. Гэта варта таксама прадугледжваць і, напрыклад, дамовіцца або прыйсці трохі раней перад святамі, не ў апошні момант.
Падчас самой споведзі найцяжэйшае лепш скажы адразу. Бывае, што ў нашай галаве ёсць буйнагабарытны грэх, і мы не ведаем, як яго сказаць, і адкладваем яго на потым, на потым, спачатку скажам лягчэйшыя грахі, а потым ужо цяжкі. І ўвесь час ён недзе ў патыліцы маёй. Варта адразу гэта сказаць, тады гэта не будзе перашкаджаць далей вызнаваць грахі. І адначасова трэба ўсведамляць сабе, што спаведнік, які слухае споведзь, таксама рыхтуе пакуту або навуку, і гэта таксама звязана з адпушчэннем грахоў. Патрэбна, каб святар таксама пачуў гэтыя найскладанейшыя справы, якія мы прыносім напачатку, каб прадумаць навуку і, адпаведна, пакуту для гэтага моманту.
Калі хочаш, каб спаведнік звярнуў на нейкую праблему асаблівую ўвагу, скажы аб гэтым. Гэта будзе таксама дапамагаць святару ведаць пра жаданне пенітэнта даведацца пра гэта і пачуць.
Ніводнае пытанне спаведніка не мае на мэце задавальнення ягонай цікаўнасці. Калі я называю свае грахі па імені, то святар не будзе запытвацца падрабязнасці. Называй свае грахі па імені. Можа быць так, што хтосьці прыйдзе і скажа: зграшыў супраць цела. І цяпер святар уключае сваю фантазію, што гэта значыць: аб’еўся, рэзаў сваё цела або ў нейкай іншай форме сабе шкодзіў. Каб не было нейкіх дадатковых стрэсаў, трэба назваць грахі па імені, як ёсць. Канешне, гэта сорамна, як мы напачатку казалі, бо я сам сябе абвінавачваю.
У маім жыцці таксама былі моманты, калі я спавядаўся, і па спіне ў мяне цёк пот. Стрэс аж такі, што з чалавека пот сцякае, так сорамна! Але гэта добры момант — момант, які вызваляе. Называць свае грахі па імені.
Калі недачуў пытанне, не прызнавайся невядома ў чым. Папрасі, каб святар паўтарыў пытанне. Можа быць таксама так, што я не пачуў пакуту, бо, напрыклад, хор пачаў спяваць або арганіст пачаў гучна граць на арганах. І святар кажа: як пакуту памаліся — і не чую. Трэба не саромецца спытацца, што за пытанне было або якая пакута, каб усё было выразна, ясна і зразумела.
Калі маеш слабую памяць або такі стрэс бярэ, што, ведаючы свае грахі, прыходзіш і нічога не памятаеш, заахвочваю карыстацца шпаргалкай. Гэта, канешне, можа быць звязана з тым, што я магу менш давяраць Пану Богу, а больш давяраць сабе, сваёй памяці, бо ў сакрамэнце споведзі Пан Бог ачышчае з усяго — памятаю ці не памятаю. Тым не менш для свайго супакою варта гэтую шпаргалку падрыхтаваць і скарыстацца гэтай паперкай, а потым яе нейкім чынам знішчыць.
Таксама шануй час святара. Споведзь веруючага чалавека, які рэгулярна спавядаецца, у частцы вызнання грахоў трывае тры хвіліны і не болей. Астатняе — навука святара. Варта пра гэта памятаць, і калі ёсць жаданне празмаўляць шырэй, больш, то дамовіцца са святаром на асобнае спатканне, на асобную святую споведзь. Гэта прыгожае сведчанне і прыгожы момант, тым не менш трэба памятаць таксама пра іншых або пра тое, што праз хвіліну святар пойдзе да алтара адпраўляць святую Імшу.
Пасля споведзі не заўсёды наступае настаўленне святара. Можа быць так, што святар нічога не сказаў: я вызнаў грахі, а ён мне проста іх адпусціў і ўсё. Настаўленне не абавязковае.
Некалі я пачуў такое пытанне: што зрабіць, калі святар на мяне накрычаў на святой споведзі. Парада такая: ідзі да іншага святара. Гэта момант вельмі асабісты, інтымны, і ніхто не мае права крычаць, тым больш святар, які з’яўляецца вобразам Пана Езуса. Я зрабіў бы так: калі нехта на мяне накрычаў або мне не спадабалася нешта, я іду да наступнага святара і яшчэ раз размаўляю з іншай асобай, якая дапаможа мне гэта перажыць.
Справа прымусу. Не ідзі да споведзі пад прымусам наваколля, баючыся, што людзі скажуць: мама прымусіла або бабуля прымусіла прыйсці, стаць на калені, абставіны прымусілі, таму я іду… Гэта мае быць свабодны выбар. Калі адчуваеш, што хочаш прыступіць да споведзі, прыходзь да споведзі.
З іншага боку, пакуль дзеці яшчэ не сталі падлеткамі, іх трэба трошкі прымушаць да святой споведзі. Дапамагаць — можна так сказаць. Не столькі нават прымушаць, колькі дапамагчы. Напрыклад, бацька ідзе да споведзі і заахвочвае: сын мой, хадзем сходзім да споведзі, ужо месяц мінае або два месяцы не былі мы ў споведзі, хадзем. Сказаць яму: падрыхтуйся, хадзем.
Калі дзіця ўжо становіцца падлеткам, то прымушаць нельга, толькі заахвочваць. Сам чалавек, які з’яўляецца свабодным, мае дарасці да гэтага: я іду вызнаць любячай Прысутнасці Бога свае грахі.
Яшчэ некалькі спраў. Калі пасля споведзі ты не скачаш ад шчасця, гэта не азначае, што споведзь дрэнная. Не заўсёды Пан Бог павінен мне штосьці сказаць: часам проста мне дасць супакой. І гэта таксама важна.
Святар, які не знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, можа спавядаць. Такая споведзь таксама сапраўдная. Я магу ведаць святара, які, напрыклад, вядзе грэшнае жыццё або вельмі грэшны па маім меркаванні, але святая споведзь, у якой я ўдзельнічаю ў яго прысутнасці, з’яўляецца сапраўднай. Як мы казалі напачатку, спавядае сам Пан Езус Хрыстус.
І апошняя справа. Давярай спаведніку, будзь яму паслухмяны і маліся за яго. Нам пра гэта кажа прыклад св. сястры Фаўстыны. Калі Пан Езус аб’яўляўся ёй, яна ў сваім “Дзённіку” гэта запісвала. І быў нейкі момант, што святар сказаў насуперак таму, аб чым яе папрасіў Пан Езус, і яна са слязьмі, з жалем сэрца сказала на малітве: Пане Езу, я паслухаю менавіта таго, што кажа святар, і зраблю гэта, а не тое, што Ты мне сказаў. І пры наступным аб’яўленні Пан Езус сказаў ёй, што гэтая паслухмянасць спаведніку прынесла Яму вялікую радасць і прыемнасць. Таму давярай святару, свайму спаведніку, маліся за яго і будзь яму паслухмяны.
Дзякуй вялікі! Пахвалёны Езус Хрыстус!