
Як усё ж лепш называць гэты сакрамэнт - пра ўсе варыянты назвы распавядае а. Анджэй Юхневіч OMI.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Сёння хачу паразважаць наконт назвы сакрамэнту споведзі. Чаму наогул узнікла пытанне пра назву? Адну і тую ж рэчаіснасць можна назваць рознымі імёнамі. У гэтым мы не памыляемся, а падрабязней растлумачваем гэтую рэчаіснасць. І таму гэты сакрамэнт мы можам называць розным чынам.
Першая, самая папулярная назва — сакрамэнт споведзі. Чаму мы так яго называем? Таму што аповед, вызнанне — гэта лацінскае слова “confessio”, ад якога, як мы ведаем паходзіць слова “канфесіянал” — месца, дзе мы спавядаемся. Само вызнанне, споведзь, з’яўляецца сутнасцю сакрамэнту. Гэта галоўная, істотная частка сакрамэнту: я абвінавачваю сябе перад святаром, перад Богам у сваіх грахах, і ў гэтым заключаецца сутнасць святой споведзі. Але не толькі. Сакрамэнт споведзі, вызнанне, гэта таксама прызнанне ў тым, што ў споведзі я праслаўляю Пана Бога, Ягоную святасць і Ягоную міласэрнасць да мяне, да кожнага верніка. Гэта два бакі назвы “сакрамэнт споведзі”. Я вызнаю сваю грэшнасць, што з’яўляецца сутнасцю сакрамэнту споведзі, і таксама вызнаю святасць Бога і Яго міласэрнасць.
Таксама можна пачуць, як сакрамэнт споведзі называюць сакрамэнтам навяртання. Сакрамэнт навяртання так называюць таму, што ён рэалізуе заклік Езуса да навяртання. Першыя словы, якія мы пачуем з вуснаў Пана Езуса ў Евангеллі св. Марка: “Споўніўся час, наблізілася Валадарства Божае. Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Валадарства Божае — гэта сам Пан Езус, і Ён заклікае: Я да цябе наблізіўся, таму навяртайся. З сакрамэнту споведзі, які мы называем сакрамэнтам навяртання, для нас вынікае тое, што Бог так набліжаецца да нас са сваёй любоўю і прабачэннем, што мы хочам навяртацца. Гэта нашае рашэнне.
І таму ў Евангеллі св. Лукі мы сустракаем гісторыю пра марнатраўнага сына, які, апамятаўшыся, кажа сабе: “Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою”. Сакрамэнт споведзі становіцца для нас месцам або прасторай, шляхам вяртання да Айца, ад якога я аддаляюся праз грэх. Сакрамэнт навяртання — у святой споведзі маё вяртанне здзяйсняецца вельмі канкрэтна.
Таксама можна пачуць пра сакрамэнт пакуты, або сакрамэнт пакаяння. Гэтая назва паказвае нам разуменне, што ў сакрамэнце споведзі адбываецца асабісты шлях навяртання, але таксама і супольны, агульнакасцёльны: я шкадую, жадаю кампенсаваць за свае грахі і таму прымаю рашэнне вярнуць баланс, парушаны маім грахом; перад Богам, перад людзьмі вырашаю штосьці зрабіць у гэтым накірунку. Скраў — значыць вярну дадзеную рэч; пакрыўдзіў кагосьці — пайду перапрашаць. Гэта сакрамэнт пакаяння: я прымаю нейкую пастанову, якая вынікае з гэтага сакрамэнту, каб памяняць стан рэчы, які быў парушаны маім грахом. Гэта і ёсць мая пакута.
Іншая назва, якую можна пачуць, гэта сакрамэнт прабачэння, таму што праз адпушчэнне грахоў, якое прамаўляе святар, Бог надзяляе таго, хто спавядаецца, прабачэннем і супакоем. Так чуем з вуснаў святара, калі спавядаемся: “Бог няхай дасць табе прабачэнне і спакой праз паслугу Касцёла. I я адпускаю табе грахі”. У душу вяртаюцца прабачэнне і супакой. Таму важна зразумець: калі я “вызнаю” Богу свае грахі, сеўшы на лавачцы, напрыклад, на прыпынку, без нейкіх пасрэднікаў, няма гарантыі і ўпэўненасці, што мае грахі адпушчаны. Вось тут, у сакрамэнце споведзі, Бог гарантуе гэта праз прысутнасць свайго святара. Сам спазнаўшы прабачэнне, чалавек гатовы прабачаць іншым, лягчэй прабачае іншым. У сакрамэнце прабачэння ёсць гарантыя таго, што Пан Бог мне прабачае.
Апошняя назва гэтага сакрамэнту, якую мы сустракаем, гэта сакрамэнт паяднання, таму што ён надзяляе грэшніка любоўю Бога і прыносіць паяднанне. У другім пасланні да Карынцянаў св. Павел заклікае: “Паяднайцеся з Богам”. Гэта галоўная місія Касцёла — яднаць чалавека з Богам. Хрыстус мае асноўную місію яднаць Бога з чалавекам у сабе. Хто жыве міласэрнай любоўю Бога, той гатовы адказаць на Ягоны заклік. Памятаем, як у Евангеллі св. Мацвея Пан Езус кажа пра канфлікт: калі нехта мае крыўду на цябе, то “пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар”. Сакрамэнт паяднання ўносіць еднасць у супольнасць.
Некалі я бачыў такі малюнак, дзе быў намаляваны Пан Езус у цэнтры нейкай супольнасці, а ўсе людзі вакол стаялі на нейкай адлегласці. І калі я набліжаюся да Бога, калі кожная частка супольнасці набліжаецца да Езуса, Які знаходзіцца ў цэнтры, то таксама мы набліжаемся адзін да аднаго. Калі нехта аддаляецца ад Пана Езуса, то гэтае кола таксама пашыраецца і мы аддаляемся адзін ад аднаго.
Сакрамэнт паяднання ўносіць еднасць у нашае нутро і дапамагае яднацца ва ўсіх трох вымярэннях: з Богам, бліжнім і самім сабою.
Такія вось некалькі назваў сакрамэнту споведзі: сакрамэнт навяртання, сакрамэнт пакуты, або пакаяння, сакрамэнт прабачэння і сакрамэнт паяднання. Усе гэтыя назвы выказваюць адну і тую ж прыгожую рэчаіснасць, якою з’яўляецца сакрамэнт споведзі, сакрамэнт спаткання з прысутнай Любоўю, самім Панам Богам.
Дзякуй вялікі! Пахвалёны Езус Хрыстус!