
Псіхалагічная маніпуляцыя - гэта тып уздзеяння, які ўяўляе сабой імкненне змяніць успрыманне ці паводзіны іншых людзей пры дапамозе схаванай, падманнай і гвалтоўнай тактыкі ў інтарэсах маніпулятара.
Мы размаўлялі з мужам пацыенткі ля ўваходу ў стацыянар хоспіса. Мужчына моцна перажываў за сваю жонку, якую перавялі ў хоспіс з бальніцы ў вельмі цяжкім стане. Сваякі жанчыны былі ўпэўнены, што ў бальніцы яе няправільна лячылі, бо занадта позна ўстанавілі дыягназ. Яны былі
вельмі пакрыўджаны на дактароў.
Мужчына распавядаў гісторыю хваробы сваёй жонкі. Я тлумачыла, чым і як змогуць дапамагчы ў хоспісе і ёй, і яму. У нейкі момант мужчына раптам пераключыўся на мяне. З нібыта прыязнай усмешкай на твары ён казаў мне ... даволі страшныя словы. Выглядала гэта так, нібыта ён хацеў
перакласці ўсе праблемы сваёй сям'і на старонняга чалавека, каб той ад іх пакутваў, а ягоная сям'я ад іх вызвалілася.
- Навошта Вы гэта робіце? - спытала я ў яго.
- Я Вам нічога дрэннага не жадаю, - толькі і змог адказаць ён, спрабуючы яшчэ й дакрануцца да маёй рукі.
Я не ведаю, ці свядома ён усё гэта рабіў, ці быў апанаваны злымі сіламі.
У нас з ім было яшчэ некалькі размоваў і былі чарговыя ягоныя спробы паўплываць на мяне, выклікаць страх, падпарадкаваць якімсьці нядобрым сілам. Тады я прама спытала ў яго, ці не займаецца ён магіяй, чараўніцтвам, ці не звязаны ён са злымі сіламі.
- Не, не, - адказаў ён.
Праз некаторы час ён вырашыў паўплываць і на доктара.
Што варта рабіць хрысціянам, каб не патрапіць у "сетку лаўца"?
"Пер'ем Сваім Гасподзь закрывае мяне, і пад крыллем Ягоным схаваюся; праўда Яго - шчыт і заслона" - адразу ж успомніла я ў той небяспечнай сітуацыі 90-ы Псалом.
Я ўявіла шум магутных крылаў, які даносіўся зверху. Анёлы, прыняўшы абліччы крылатых гусараў (элітнай кавалерыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, якая спецыялізавалася на праломліванні баявых парадкаў варожай конніцы або пяхоты канцэнтраваным дзідавым
кавалерыйскім ударам), спусціліся на зямлю. Атрад крылатых вершнікаў на конях паўстаў паміж мной і мужчынам. Цяпер арліныя крылы гусараў у леапардавых шкурах абаранялі і засланялі мяне ад ягоных маніпуляцыяў. Д'ябал хутка рэціраваўся.
Будзем жа разважлівымі і моцнымі ў веры ў Бога.
Я спытала ў спецыялістаў і карыстальнікаў псіхалагічнага сайта, ці сустракаліся яны калі-небудзь са спробамі такога ўплыву і маніпуляцыяў, і што яны рабілі, каб абараніцца ад іх?
- Ох, нават мурашы пайшлі па скуры! - адказала псіхолаг з Масквы. - Была адна такая спроба, прайшло 10 гадоў, да гэтага часу памятаю. Цяпер разумею, што гэта такое было!
(Артыкул змешчаны на псіхалагічным сайце: https://www.b17.ru/article/55988/)
***
Ці ведаем мы, што насамрэч лепей для іншага чалавека?
- Такое цудоўнае надвор’е сёння, а бабуля адмаўляецца ісці на вуліцу, - кажа засмучаная дзяўчына-валанцёр. - Бабуля не ўзяла з сабоў у бальніцу паліто. Кажа, калі сваякі прывязуць яго - тады і пойдзе.
Дзяўчына прапаноўвала ёй апрануць “грамадзкае” паліто, якое прынеслі валанцёры для “агульнага карыстання”, але бабуля не захацела, кажучы, што не будзе апранаць чужыя рэчы.
- Трэба давесці бабулі, што гэта ейнае паліто! - прапануе старонні чалавек, пачуўшы нашую размову.
А бабуля на той час яшчэ цалкам "у сваім розуме" была.
- А Вы б самі жадалі, каб з Вамі калі-небудзь так паступілі? – пытаюся я ў “старонняга чалавека”.
- Ну дык жа псіхолаг па-ві-нен! … - ідзе ў наступ ён.
Угу. Псіхолаг павінен маніпуляваць, схіляць, прымушаць, навязваць …
А бабуля павінна быць на вуліцы, таму што камусьці так хочацца.
І вось жа гэты “старонні чалавек” зусім і не злыднем якім-небудзь быў, а цалкам добрапрыстойным чалавекам.
Дзяўчына-валанцёр вырашыла прынесці і паказаць бабулі “грамадзкае” паліто. І вельмі далікатна паўгаворваць яе наконт вуліцы. Так, для многіх людзей сталага веку такія ўгаворы неабходныя.
***
"Нармальныя адносіны паміж людзьмі - гэта любоў" - пісаў амерыканскі псіхолаг і псіхатэрапеўт, прыхільнік гуманістычнай псіхалогіі Эверэтт Лео Шостром.
Будзем жа праяўляць яе да кожнага сустрэтага намі чалавека.
Марына Баброўская