Вераснёвы часопіс "Ave Maria" з першых старонак запрашае чытачоў на "вяселле". У жніўні мясцовыя парафіяне і госці Смалявічаў пабачылі на свае вочы правобраз маладой нявесты Хрыста: быў асвечаны касцёл св. Валянціна, чыё імя так трапна нагадвае людзям пра каханне і сужэнства.

Браты капуцыны апякуюцца адзінай парафіяй святога Валянціна ў Беларусі. Яны ад самага пачатку змагаліся, каб на гэтым месцы паўстала святыня. Пра значную падзею чытаем артыкул Яна Лысага.
Напярэдадні святкавання 265-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай, якое прыпадае на 2026 год, яшчэ больш адкрываецца глыбіня гэтага тытулу і яго значэнне для Беларусі. У сучасным усведамленні ён можа ўспрымацца як паэтычны вобраз, але ў сваёй аснове ён мае папскае пацвярджэнне, багатую гісторыю цудаў, міжканфесійную пашану і жывую традыцыю, якая не перарывалася нават пасля страты арыгінальнага абраза. Чытаем артыкул "265-годдзе каранацыі абраза  Маці Божай Бялыніцкай. З пастырскага сведчання біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB".
Чаму сапраўдная дабрыня заўсёды дыскрэтная і не афішуецца? Чытаем адказ у артыкуле "Рабіць дабро без усялякай рэкламы" айца Юрыя Кулая OCD.
Сутыкненне з людзьмі з па-за хрысціянскага асяроддзя нараджае думкі пра тое, а што будзе з імі, няўжо кожны, хто не паспеў на працягу зямнога жыцця пазнаць Хрыста пасля смерці будзе навечна асуджаны? Адказы чытаем у артыкуле "Ці можа быць збаўлены неахрышчаны?" ксяндза Андрэя Рылкі.
Побач з Абрагамам, якога Святое Пісанне з глыбокай павагай называе "айцом усіх веруючых", у самым эпіцэнтры гісторыі збаўлення стаіць жанчына, без якой Божае абяцанне ніколі б не набыло плоці – Сара. Чытайце артыкул "Сара і школа даверу" ксяндза Сяргея Сурыновіча ў рубрыцы "Жанчына ў Бібліі".
У нашым радыйным выпуску паслухаем верш "Дзень Нараджэння Марыі" ў аўтарскім выкананні хрысціянскай паэткі Дануты Бічэль.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00