Аўдыенцыя ў Папы – гэта сустрэча вялiкай колькасцi вернiкаў, якiя прыязджаюць у Ватыкан, з Пантыфікам. Папа, канешне, не ў стане сустрэцца з кожным асабiста, таму сустракаецца з усiмi адначасова.

   Бiскуп Рыма, абапiраючыся часцей за ўсё на нейкi бiблiйны тэкст, або разглядаючы канкрэтную тэму, прапаведуе каталiцкую дактрыну, якая рэгулюе розныя сферы жыцця людзей, а пасля молiцца ў розных iнтэнцыях. У канцы аўдыенцыi заўседы ўдзяляецца апостальскае благаслаўленне (яно таксама з’яўляецца знакам благаслаўлення ўсiх рэлiгiйных прадметаў).
   Традыцыя правядзення кожны тыдзень агульных аўдыенцый у Папы для ўсiх вернiкаў пачалася ад папы Пiя ХI у 1930 годзе адразу пасля таго, як Апостальская Сталiца вярнула сваю незалежнасць (Трактат Латэранскi – 15.02.1929). На працягу 60-ці гадоў (з 1870 папа быў "нявольнікам Ватыкану") пiлiгрымы вельмi рэдка мелi магчымасць сустрэцца з бiскупам Вечнага Горада. Толькi падчас прыватных аўдыенцый i лiтургiчных малiтваў людзі мелi магчымасць убачыць Папу ў ватыканскай базылiцы. Папа Пiй ХI быў вельмi энергiчным, вельмi любiў вялiкiя святы i ўсеагульную мабiлiзацыю вернiкаў (у гэты час святкавалася шмат юбiлеяў, праводзіліся эўхарыстычныя кангрэсы). Плёнам гэтай "мабілізацыі" стала патрэба сустракацца з вернiкамi кожны тыдзень (асаблiва дапамагло пашырэнне радыё).
   Месца аўдыенцый залежыць ад пары года: зiмой - у зале аўдыенцый Паўла VI у Ватыкане, вясной, летам i восенню - на плошчы перад базiлiкай св.Пятра ў Ватыкане або на панадворку летняй рэзiдэнцыi Папы ў Кастэль Гандольфа.
   Дзень аўдыенцый: серада, звычайна а 10-й гадзіне.

   У кожную нядзелю а 12-й гадзіне адбываецца своеасаблiвая мiнi-аўдыенцыя – дэкламацыя малітвы „Анёл Панскi” (калi Папа знаходзiцца ў Рыме) у звычайным акне кабiнета Папы ў Апостальскiм палацы.

  Дзякуючы нашым валанцёрам мы маем магчымасць у эфіры «Радыё Марыя» кожную сераду маліцца са Святым Айцом у 12.00 малітваю "Анёл Панскі". Паслухаць агульную аўдыенцыю можна ў суботу і нядзелю ў 12.15.

пераклад з польскай мовы Яўгенія Раткевіч, паводле www.rzym.it

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00