Распавядаем пра традыцыю ўшанавання Сэрца Езуса.

Гэтае свята, прысвечанае ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста. Заўсёды адзначаецца ў пятніцу, на восьмы дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела Хрыста і на дванаццаты дзень пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Не гледзячы на тое, што гэты дзень з'яўляецца ўрачыстасцю, вернікі не маюць абавязку прысутнічаць на святой Імшы.


Гэтая ўрачыстасць у літургічным календары з’явілася параўнальна нядаўна, яна была ўстаноўлена папам Піем IX у 1856 годзе. Але традыцыя асаблівага ўшанавання Сэрца Збаўцы існавала ўжо шмат вякоў. Да распаўсюджвання культу ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса прычынілася французская манахіня Маргарыта Марыя Алякок, якая жыла ў XVII стагоддзі. Падчас аб'яўленняў Хрыстос выказаў жаданне, каб Яго Сэрца ўшаноўвалася ва ўсім свеце.
 

Адбылося гэта 16 чэрвеня 1675 года падчас аднаго з аб'яўленняў, якое пазней было названа "вялікім". Тады Пан Езус наказаў, каб было ўстаноўлена спецыяльнае свята для ўшанавання Яго Сэрца, і вызначыў пятніцу пасля актавы Божага Цела, каб праслаўляць Яго Сэрца як ахвяру  ўміласціўлення за няўдзячнасць людзей, што адмаўляюць Яго любоў. Асабліва Езус дакараў у няўдзячнасці тых, каго Ён у сваёй дабрыні паклікаў на служэнне сабе і святому Касцёлу, якія вядуць лад жыцця, няварты такога ўзнёслага звання. Збаўца таксама абяцаў асаблівыя ласкі тым, хто будзе ўшаноўваць Яго Найсвяцейшае Сэрца.

З таго часу з’явіліся розныя формы ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Многія з іх пашырыліся на ўвесь свет, некаторыя засталіся толькі ў манаскіх супольнасцях або цалкам зніклі. У сучасным касцёльным календары акрамя спецыяльнай ўрачыстасці, Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса прысвечана кожная пятніца месяца, а таксама ўвесь месяц чэрвень.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса пасля прыняцця святой Камуніі чытаецца малітва, у якой выказваецца просьба, каб Сэрца Езуса, у якім свет адкрывае сапраўдную прыроду Бога, навучыла нас бачыць Хрыста ва ўсіх людзях.

Далучыцца да супольнай малітвы можна праз радыё. 8 чэрвеня а 19 гадзіне адбудзецца трансляцыя святой Імшы з парафіі Маці Божай Ружанцовай (Лошыца) у г. Мінску.

А таксама кожны дзень у 20.50 у эфіры Набажэнства на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса, дзе мы молімся Літаніей да Найсвяцейшага Сэрца Езуса,  якую склала сястра візітантка Джаана Магдалена Джолі (з кляштара Дзіжон у Францыі). Спачатку яе чыталі ў Марселі і таму называлі марсельскай. У1899 годзе Апостальская Сталіца дазволіла чытаць гэтую літанію ва ўсім Касцёле, трактуючы яе як не прыватную, а публічную малітву. Літанія складаецца з 33-х заклікаў у памяць пра 33 гады жыцця Хрыста.

Паводле матэрыялаў ave-maria.by і  catholic.by

 

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00