11 ліпеня ўспамін святога Бэнэдыкта.

Святы Бэнэдыкт  - айцец манаства на хрысціянскім Захадзе, заснавальнік манаскага ордэну бэнэдыктынаў, стваральнік знакамітага статута "Ordo Sancti Benedicti",  які стаў асноваю для большасці манаскіх супольнасцяў Захаду.Заснаваны ім ордэн на працягу стагоддзяў быў духоўным, культурным і навуковым сэрцам Еўропы. У 590 г. манах бэнэдыктынец упершыню стаў Папам Рымскім. Гэта быў святы Грыгорый Вялікі – славуты касцёльны рэфарматар. Дарэчы, вельмі часта на пасадзе Папы Рымскага знаходзіліся менавіта бэнэдыктыны. Вось якім магутным і ўплывовым быў гэты ордэн.
На выявах святога Бэнэдыкта можна пазнаць па чорным манаскім уборы, а таксама па кнізе бэнэдыктынскага статута ў руцэ і посаху абата. Часам можна сустрэць выяву святога з розгамі альбо кубкам са змяёю.

Святы Бэнэдыкт нарадзіўся каля 480 года, у сям'і шляхетнага рымляніна з Нурсіі. Юнаком ён быў адпраўлены ў Рым на вучобу, але ва ўзросце 20-ці гадоў, не скончыўшы навучанне, ён збег ад сталічнага жыцця і разам з аднадумцамі пасяліўся ў маленькім мястэчку ў гарах. Жывучы далёка ад спакусаў свету, аднойчы ён зразумеў, што бачыць сваё жыццё ў пустэльніцтве, і пасяліўся ў адасобленай пячоры на беразе ракі. Ежу ў пячору яму прыносіў адзін з манахаў. Так ён пражыў тры гады. За гэты час ён загартаваўся і фізічна, і духоўна, а людзі сталі здзяйсняць паломніцтва да пячоры, каб паглядзець на пустэльніка. Затым манахі аднаго з навакольных манаскіх паселішчаў угаварылі Бэнэдыкта ўзначаліць іх супольнасць, але занадта строгае бачанне Бэнэдыктам манаскага жыцця не спадабалася манахам, ды так, што яны ледзь не атруцілі свайго строгага настаяцеля. У выніку Бэнэдыкт пакінуў гэты пост і вярнуўся да свайго пустэльніцтва.



З цягам часу Бэнэдыкт стварыў план таго, як павінна быць уладкована манаскае жыццё. Ён падзяліў сваіх вучняў, якіх да таго часу было ўжо шмат, на 12 груп, кожная з якіх падпарадкоўвалася свайму настаяцелю, а за сабой ён пакінуў права нагляду за дзейнасцю гэтых манаскіх супольнасцяў. Аднак і ў гэтым выпадку інтрыгі ўнутры супольнасцяў вымусілі Бэнэдыкта пакінуць сваю справу і перасяліцца на поўдзень, на гару каля Касіна. Там і быў заснаваны знакаміты манастыр Монтэ-Касіна, які пасля быў прызнаны першым у Еўропе афіцыйным манастыром.
Вядома, і дагэтуль існавалі кляштары, але яны былі падобныя на часовыя манаскія паселішчы, дзе жыццё не падпарадкоўвалася строгім правілам. Манастыр жа, створаны Бэнэдыктам, быў установай з выразнай структурай, рэгламентам і статутам. Хутка слава манастыра разляцелася па ўсіх ваколіцах, а колькасць братоў у супольнасці рэзка вырасла, гэтак жа, як і колькасць нованавернутых хрысціянаў у гэтай мясцовасці.
Менавіта манастыр ў Монтэ-Касіна стаў мейсцам, дзе нарадзіўся ордэн бэнэдыктынаў, і менавіта для яго тут быў створаны «Статут святога Бэнэдыкта».
Гэта быў вельмі практычны дакумент, у якім асаблівая ўвага надавалася паўсядзённым патрэбам і абавязкам манаскай супольнасці, іх падрабязнай рэгламентацыі. Сутнасць духоўнасці ордэна бэнэдыктынаў можна разглядзець у дэвізе супольнасці: РАХ («Супакой»), а таксама ў традыцыйным прызыве ora et labora («маліся і працуй»). Жыццё манахаў згодна са статутам павінна складацца з набажэнстваў, фізічнай працы, чытання Святога Пісання і твораў Айцоў Касцёла. Усе малітвы таксама вельмі падрабязна вызначаны статутам.
Шырока вядомыя 72 правілы са Статута бэнэдыктынаў, якія ўключаюць у сябе і Божыя запаведзі і касцёльныя правілы, вядомыя нам. А вось прыклад некаторых правілаў, пра якія будзе таксама цікава даведацца:

- не прывязвацца да таго, што прыемна тваім пачуццям,
- не мірыцца з няпраўдаў, але з цярпеннем пераносіць тую няпраўду, што будзе зроблена нам,
- адказваць на праклёны не праклёнамі, а благаслаўленнем,
- не быць аматарам паспаць,
- прыпісваць Богу ўсё тое дабро, што знойдзеш у сабе,
- моцаю Хрыста знішчаць усе нядобрыя думкі, як толькі яны ўзнікаюць у сэрцы, і адкрываць іх старцу, дасведчанаму ў духоўных справах,
- не любіць шматслоўя,
- не старацца праславіцца як святы, перш чым станеш ім,
- не любіць спрэчак,
- да заходу сонца мірыцца з тымі, з кім падзяліла нас нязгода,
- ніколі не сумнявацца ў Божай міласэрнасці.

Свайго статуту бэнэдыктыны прытрымліваюцца ўжо на працягу пятнаццаці стагоддзяў ажно да сённяшняга дня. Таксама гэтым статутам кіруюцца цыстэрыяне, картузы і іншыя манаскія ордэны.



У Касцёле таксама можна часам заўважыць вельмі папулярны медалік з выяваю святога Бэнэдыкта. Лічыцца, што ён абараняе ад злога духа і магіі. На адным баку медальёна намаляваны св. Бэнэдыкт з крыжам (у правай руцэ) і статутам свайго кляштара (у левай). На заднім плане - кубак з атручаным віном. Як вы ўжо даведаліся, аднойчы святога спрабавалі забіць, падаўшы яму атручанае пітво, але ён ўчыніў знак крыжа і кубак трэснуў. На медальёне напісаны словы "Crux Sancti Patris Benedicti" («Крыж святога айца Бэнэдыкта»), а вакол фігуры св. Бэнэдыкта напісана на латыні «Яго прысутнасцю ўмацуемся пры смерці нашай».
Калі перавярнуць медалік, то ўбачым выяву крыжа, у якім перакрыжоўваюцца абрэвіятуры на лацінскай мове. Калі расшыфаваць іх, атрымаюцца наступныя фразы: CSSML ("Crux Sancta Sit Mihi Lux" - «Крыж святы няхай мне свеціць»), NDSMD ("Non Draco Sit Mixi Dux" - «Няхай жа д'ябал ніколі не будзе маім уладаром»). Па перыметры медальёна - таксама абрэвіятуры з лацінскіх літар. Сэнс іх такі: V R S N S M V - S M Q L I V B ("Vade Retro Satana, Non Suade Mihi Vana. Sunt Mala Quae Libas Ipse Venena Bibas") - «Адыдзі ад мяне, сатана, не спакушай мяне. Тое, што ты прапануеш мне - гэта зло. Келіх з атрутай выпі сам». Вянчае медальён слова PAX, што перакладаецца як «мір», «супакой» .
Памёр св. Бэнэдыкт ў 547 годзе, ва ўзросце прыкладна 67 гадоў у заснаваным ім кляштары Монтэ-Касіна. У 1964 годзе папа Павел VI абвясціў св. Бэнэдыкта заступнікам Еўропы.

Падрыхтавала Яўгенія Найдовіч

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00