
9 жніўня ўспамінаем Эдыту Штайн - святую Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа, панну і мучаніцу, апякунку Еўропы.
Яна нарадзілася ў нямецкім горадзе Брэслаў (цяпер - польскі Вроцлаў) і была самым малодшым, адзінаццатым, дзіцём у габрэйскай сям'і. Бацька Эдыты памёр, калі дзяўчынцы было два гады, яе выхаваннем займалася маці – вельмі пабожная жанчына. Але ўжо ў падлеткавым узросце Эдыта стала прытрымлівацца агнастычных поглядаў.
Нягледзячы на беднасць і ўвогуле на ўсе складанасці таго часу, Эдыта змагла паступіць ва ўніверсітэт, дзе аказалася адзінаю дзяўчынаю, якая вывучала філасофію. Атрыманыя ёю веды былі вельмі разнастайнымі: яна выдатна валодала нямецкай мовай, вывучала псіхалогію і гісторыю.
Крок за крокам Эдыта пачынае быць знанакамітай фігурай у еўрапейскай навуцы, але па-ранейшаму ігнаравала веру ў Бога. Яшчэ з дзяцінства яна перастала наведваць сінагогу і не лічыла сябе веруючай. У адрозненне ад свайго настаўніка, Эдмунда Гусэрля, над пытаннямі веры яна ўвогуле не задумвалася. Яе настаўнік гаварыў: «Паглядзіце на мой Новы Запавет. Ён заўсёды ляжыць у мяне на стале, але я ніколі яго не адкрываю. Таму што я ведаю, што калі пачну яго вывучаць, то перастану вывучаць філасофію». Пазней, калі яго вучаніца стане манашкай кармэліткай, ён першым дашле ёй віншавальную тэлеграму.
Пасля двухгадовага знаходжання на фронце, дзе Эдыта служыла сястрой міласэрнасці, яна вярнулася да філасофіі, але менавіта ў той перыяд яе пачалі цікавіць пытанні веры. Аднойчы Эдыта была моцна ўражаная незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. Яшчэ праз 3 гады яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне. Яна ўвесь час мела пачуццё віны перад маці, аднак не магла растлумачыць ёй усё, што адчувала. Потым яна пісала так: «Вера ў Месію сярод юдэяў сёння амаль знікла, і адначасова знікла вера ў жыццё вечнае. Менавіта таму я і не змагла зрабіць так, каб мая маці зразумела, чаму я прыняла хрост і уступіла ў ордэн». У той час Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа. Будучы манашкаю, яна не спыняе свае заняткі філасофіяй, а таксама выкладае ў дамініканскай школе, вывучае гісторыю філасофскай каталіцкай думкi. Асабліва яе захапляе тэма малітвы ў адзіноце. У сваёй працы «Навука Крыжа» яна піша, што самыя шчаслівыя гадзіны ў жыцці Езуса былі тады, калі ноччу Ён заставаўся сам-на-сам з Богам Айцом і размаўляў з Ім. Гэтыя гадзіны дазвалялі Езусу аддыхацца пасля дня, праведзенага сярод людзей і гулу жыцця… «Нам проста неабходныя такія гадзіны, на працягу якіх мы б у маўчанні ўслухоўваліся ў слова Божае, даючы яму ўздейнічаць на нас».
Адзінота, пустэльніцтва, з пункту гледжання Эдыты, сёння набываюць асобы сэнс. «Трэба не навертваць іншых, а навяртацца самому і служыць іншым, любячы людзей і дапамагаючы ім, не спадзяючыся, што яны прымуць усё, чым жывеш ты».
У 1938 годзе з прычыны распачатых ганенняў на габрэяў у Германіі сястру Тэрэзу перавялі ў Галандыю, у манастыр горада Эхтэ.
20 ліпеня 1942 г. ва ўсіх цэрквах Галандыі зачыталі зварот канферэнцыі біскупаў Галандыі, які асуджаў расізм фашыстаў. У адказ на гэта 26 ліпеня 1942 г. рэйхскамісару Нідэрландаў далі загад арыштаваць усіх ахрышчаных габрэяў, якіх да гэтага часу нацысты не чапалі.
У жніўні 1942 г. сястра Тэрэза была адпраўлена ў Асвенцым разам з іншымі галандскімі хрысціянамі яўрэйскага паходжання. Яна загінула ў газавай камеры.
У 1998 г. Папа Рымскі Ян Павел II кананізаваў Эдыту Штайн. «Імкненне да ісціны было маёй адзінай малітвай (...). Хто шукае ісціну – шукае Бога, нават калі не ўсведамляе гэтага», - так пісала яна пра сябе і пра свой шлях да Бога.
Маленькая і зусім простая ісціна святой Тэрэзы Бенэдыкты ад Крыжа, пакінутая ёй для кожнага з нас – навучыцца жыць у руках Пана Бога.
Яўгенія Найдовіч