Святы Рох - апекун хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама вандроўнікаў і хатніх жывёлаў.
На выявах яго можна пазнаць па чумной язве на левай назе і посаху пілігрыма. А таксама яго часта малююць з сабакам, які трымае ў пашчы кавалак хлеба. А чаму? Зараз мы з вамі даведаемся.
Паводле падання, святы Рох нарадзіўся ў Манпэлье, на поўдні Францыі, каля 1295 года, у шляхетнай сям'і губернатара горада. Пры нараджэнні ён быў адзначаны асаблівым знакам на грудзях у форме чырвонага крыжа. Калі юнаку было каля 20-ці гадоў, яго бацькі памерлі. Тады ён раздаў усю сваю маёмасць бедным і вырушыў у паломніцтва ў Рым. У той час у Італіі бушавала эпідэмія чумы, якая знішчала сотні тысяч жыццяў. Святы Рох пачаў вандраваць па краіне, даглядаючы за хворымі чумой і аздараўляючы іх малітвай. Геаграфія яго падарожжаў была вельмі шырокая - цуды аздараўлення адбываліся ў самых розных гарадах Італіі. А ў горадзе П'ячэнца Рох сам заразіўся чумой. Гарадскія ўлады ў тыя часы прымалі ўсе меры, каб не дапускаць распаўсюду смяротнай хваробы, таму тых, хто заразіўся, ізалявалі. Так сталася і з Рохам - ён быў выгнаны з горада, і адправіўся паміраць у закінутую лясную хаціну. Згодна з паданнем, паміраючаму ад хваробы і голаду Роху прыносіў хлеб сабака. Хлеб даваў фізічныя сілы, а анёл, які з'яўляўся яму, падбадзёрваў і мацаваў духоўна. Неўзабаве святы змог вылечыцца ад чумы.
Ён вырашыў вярнуцца ў родны горад, але вандраванні і хвароба так моцна змянілі яго знешнасць, што людзі не пазналі яго, прынялі за варожага шпіёна і пасадзілі ў вязніцу. Там ён правёў 5 гадоў, поўных пакутаў, і памёр у зняволенні 16 жніўня 1327 года. Пасля смерці Роха жыхары горада апазналі яго па знаку крыжа на грудзях і зразумелі, што яны нарабілі!
Шанаваць Роха як святога сталі адразу ж пасля яго смерці, хоць афіцыйна ён быў кананізаваны толькі тры стагоддзі пазней папам Урбанам VIII у 1629 годзе.
Святому Роху людзі ў тыя часы маліліся для пазбаўлення ад чумы і халеры, якія неслі страшныя бедствы ў гарадах Еўропы. Спыніць эпідэмію з дапамогай лекаў было амаль немагчыма, людзі пакладалі надзею толькі на Божую міласць і заступніцтва святых. Аднойчы ў 1485 годзе венецыянцы таемна вывезлі рэліквіі св. Роха з Манпелье ў Венецыю. Гэты галоўны гандлёвы горад Італіі моцна пакутаваў ад смяротных эпідэмій, таму святы Рох быў абвешчаны заступнікам горада разам са святым Маркам. З тых часоў рэліквіі святога захоўваюцца ў касцёле Сан-Рокка (Святога Роха) у Венецыі.
У дзень ушанавання святога ў многіх гарадах свету, у тым ліку і ў яго родным Манпэлье, праводзяцца вялікія працэсіі.
Святы Рох лічыцца таксама апекуном Мінска, бо дзякуючы яго заступніцтву тут таксама спынілася эпідэмія халеры. Тытул святога Роха мае касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы і яшчэ некалькі касцёлаў і капліц у нашай краіне.
Сёння, 16 жніўня ў 18.30 адбудзеца трансляцыя святой Імшы з залатагорскай парафіі, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.