Апошні тыдзень лета ў мінскай парафіі імя св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (м-н Кунцаўшчына) праходзяць чарговыя «Канікулы з Богам».

У аўторак, 28 жніўня, удзельнікі лагера завіталі на студыю «Радыё Марыя» і даведаліся пра працу радыё ў Беларусі, памаліся разам з намі, а таксама зрабілі невялічкі рэпартаж пра свой побыт у рэдакцыі.



Адна з арганізатарак лагера, сястра Кляра CSFN, распавяла пра сёлетнія незвычайныя канікулы: «У гэтым годзе нашыя канікулы называюцца "Цудоўныя канікулы", таму што на працягу ўсяго тыдня мы будзем разважаць над цудамі Пана Езуса. А яшчэ больш яны незвычайныя таму, што кожны з нас атрымаў бэйджык, на якім напісана "прэса". Мы ўсе ператварыліся ў журналістаў. Адным з нашых заданняў з'яўляецца не толькі назіранне за цудамі Езуса і глыбейшае іх пазнаванне, але таксама і перадача гэтай "сенсацыі" далей. У кожнай групы (а іх 4) ёсць свая "газета", дзе мы штодня пішам, што зрабіў Хрыстус, а таксама занатоўваем свае ўражанні».


Усяго ў «Цудоўных канікулах» удзельнічае больш за 60 дзяцей, а разам з аніматарамі - амаль 80.

Вось што кажа пра канікулы з Богам аніматарка Паліна Маісеева: «Галоўнае ў гэтым служэнні тое, што, па-першае, увесь гэты час я магу служыць дзецям і гэты час таксама прысвечаны Богу, а па-другое, нават калі я прыходжу дадому ўвечары вельмі змучанай, я шчаслівая, бо ўвесь час мы былі разам і дзяліліся любоўю Бога з бліжнімі».



«Я ўдзельнічаю ў канікулах ужо другі раз. У мінулым годзе мы былі супергероямі. У нас была свая "Акадэмія". Мы даведвалілся пра хрысціянскіх "супергерояў". А ў гэтым годзе мы журналісты. І нам усё вельмі падабаецца, тут вельмі клёва», - дадае Багдан Сырыца, адзін з удзельнікаў летніка.



Пасля невялічкай экскурсіі і малітвы на радыё, супрацоўнікі прапанавалі камандам як сапраўдным журналістам напісаць невялічкі артыкул пра іх побыт у студыі «Радыё Марыя». І вось што з гэтага выйшла:

«Божыя Анёлкі» заляцелі на «Радыё Марыя»

У нашых «Анёлаў» была добрая магчымасць пабываць у сапраўднай студыі і нават памаліцца ў прамым эфіры.
Астатнія «Анёлы» падтрымлівалі сваіх сяброў на прыродзе, слухаючы праз тэлефон эфір і молячыся з імі Вяночак да Божай Міласэрнасці.
«Анёлкі» атрымалі яскравыя ўражанні і паабяцалі заляцець сюды зноў.



«Дзецi зайшлi у пакой, i дзверы зачынiлiся...»

Аднойчы двое ксяндзоў, дзве сястры i iх дапаможныя вырашылi прыдумаць такое месца, куды б захацела прыходзiць як мага больш дзяцей. Усё iшло па плане. З'яўлялася ўсё больш i больш ахвотных, усе былi настолькi зацiкаўленыя гэтай новай прапановай, што часам i бацькам хацелася застацца там. Але месца станавiлася ўсё менш i менш, i... ксяндзам i сёстрам нiчога не заставалася, як проста пачаць вывозiць у гэтае месца ўсiх ахвотных.
Аднойчы яны прывезлi iх у невялiчкае памяшканне, якое праз пару хвiлiн, калi загарэлася чырвоная лямпа, зачынілася... I вось тут пачалося самае цiкавае: малiтва i падзяка, усмешкi i радасць, шчырасць i адкрытасць - усё гэта злiлося ў адно, калi мы толькi зайшлi у студыю «Радыё Марыя». Уся гэтая прыгода адбылася падчас летніка «Канiкулы з Богам», дзе мы яшчэ больш пазнаём Бога, асаблiва ўсе цуды, якiя Ён здзейсніў, мы праслаўляем Яго нашымi спевамi, танцамi, а таксама добрымi учынкамi. Мы вельмi удзячныя за тое, што нам далi магчымасць папрысутнiчаць на «Радыё Марыя» i паназiраць за працаю сапраўдных майстраў! А колькi яшчэ незвычайнага чакае нас наперадзе!!!


Каманда «Вясёлыя Хрыстусоўцы» ў сваёй газеце «Нябесны веснік» напісалі наступнае:

«Пасля доўгага падарожжа нас з цеплынёю прынялі супрацоўнікі "Радыё Марыя" Яўгенія, Алёна і Алесь. Разам з імі мы правялі эфір, падчас якога памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і літаніяй да Божай Міласэрнасці».

фотаздымкі кс. Аляксандр Улас і Алесь Аляксандраў

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00