Два гады. Ці шмат гэта? Здаецца, не. Гэта калі не ўглядацца ва ўсё тое, чаго нам разам з вамі ўдалося дасягнуць за гэты час.

Не хацелася б цяпер рабіць пералік усіх тых праграмаў, якія на працягу апошняга года з'явіліся ў нашым эфіры. І ўсе тыя акцыі, якія праводзіла «Радыё Марыя» на працягу года, добра знаёмыя тым, хто за намі сочыць у сеціве. А вось на што хацелася б звярнуць увагу - на вас, нашыя паважаныя радыёслухачы! На тое, што, далучаючыся да нас, вы ствараеце «Радыё Марыя». І менавіта па гэтай прычыне нашая супольная радыёсям’я ўзрастае і сталее.

Дзякуючы вашым ахвяраванням, вашым малітвам, вашай дапамозе, у гэтым годзе адбыўся запуск новай студыі, з’явіліся новыя супрацоўнікі, пашыралася нашая прысутнасць ў Касцёле праз трансляцыю святых Імшаў з новых месцаў. Вашая падтрымка, вашая ахвярнасць, вашая малітва - гэта тое, на чым Маці Божая будуе сваё Радыё. Таму, святкуючы другую гадавіну існавання «Радыё Марыя», я хацеў бы падзякаваць у першую чаргу Маці Божай за той вялікі дар, якім яна штодня адорвае мяне і ўсіх супрацоўнікаў «Радыё Марыя», – гэта дар радыёслухачоў. Хачу падзякаваць усім валанцёрам за іх ахвярнае служэнне, за той кавалачак уласнага сэрца, які ўкладаюць яны ў нашую вялікую сусветную сям’ю, за час і працу, якія прысвячаюць гэтаму праекту, для таго, каб іншыя пачулі голас «Радыё Марыя» не толькі ў сваім доме, але і ў сваім сэрцы.
   
Я дзякую таксама і віншую супрацоўнікаў «Радыё Марыя». Дзякую вам за тое, што «Радыё Марыя» з’яўляецца для вас нечым большым, чым проста праца. Аддаючы сябе, свае таленты і здольнасці, свой час і сваё жыццё, вы з’яўляецеся тымі, хто, нібы няня, песціць, корміць і выхоўвае дзіцятка, якім, па-сутнасці, яшчэ з’яўляецца нашае радыё.
Два гады - гэта зусім няшмат, але ўжо на цэлы год мы сталі больш дарослымі! Дзякую Пану Богу за гэты год. За ўсе тыя праблемы, турботы і клопаты, дзякуючы якім мы ўмацоўваемся і сталеем, за ўсе моманты задавальнення і радасці, якімі Маці Божая суцяшала і падтрымлівала нас. За ўсё дзякуем Ёй!

Праграмны дырэктар «Радыё Марыя» кс. Аляксандр Улас

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00