13 студзеня ў касцёле Св. айца Піо ў Маладзечна (парафія Св. Казіміра) адбудзецца прэзентацыя «Радыё Марыя» - сусветнага каталіцкага радыё, якое цяпер працуе і ў Беларусі, на беларускай мове.

Каманда валанцёраў пазнаёміць парафіянаў з дзейнасцю радыё, адкажа на пытанні тых, хто хацеў бы стаць валанцёрам, удзельнічаць у стварэнні радыё-кантэнта і ў дзейнасці радыёстанцыі, а таксама дапаможа жадаючым усталяваць радыё на мабільны тэлефон і навучыць карыстацца ім.

Трансляцыю св. Імшы з касцёла св. а. Піо слухайце 13 студзеня а 12-й гадзіне.

Даведка:

«Радыё Марыя» - міжнародная сям'я хрысціянскіх асветніцкіх радыёстанцый. Заснавана ў 1982 годзе ў Італіі. Сёння «Радыё Марыя» выходзіць у 77 краінах свету, дзе эфір вядзецца на роднай мове кожнага народа. З амаль 2000 рэтранслятараў «Радыё Марыя» ахоплівае каля 500 мільёнаў слухачоў, а вяшчанне вядзецца на больш чым 65 мовах.

Першапачаткова «Радыё Марыя» было заснавана як парафіяльная радыёстанцыя, мэтай якой была абвестка навінаў парафіянам і дапамога ім у штодзённай малітве праз служэнне Літургіі і арганізацыю супольных малітоўных праграмаў. Менавіта з таго часу радыё пачало пашыраць сваю дзейнасць, і ўжо з 1990 года трансляцыя «Радыё Марыя» пачалася і ў іншых краінах.

З 1 лістапада 2016 года «Радыё Марыя» працуе і ў Беларусі. Слухаць радыё можна ў інтэрнэце (на сайце radiomaria.by, а таксама праз мабільны дадатак). Вяшчанне вядзецца штодзённа, 24 гадзіны ў суткі.

Штодня ў праграме ёсць трансляцыя святой Імшы, малітвы, у якіх могуць удзельнічаць слухачы, патэлефанаваўшы ў студыю, а таксама катэхезы, цікавыя перадачы, хрысціянская музыка.

Праект «Радыё Марыя» – не камерцыйны. Ён існуе выключна за кошт дабраахвотных ахвяраванняў радыёслухачоў і ахвярадаўцаў.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00