фота: Данік Ліцкевіч

8 лютага ў Баранавічах у дзявяты раз пройдзе хрысціянскі музычны фэстываль «Дастукацца да нябёсаў». Паразмаўлялі з адказным за яго арганізацыю кс. Паўлам Рудзьманам.

Чым будзе адметны дзявяты фестываль “Дастукацца да нябёсаў”?

Надзвычайных рэчаў хіба не будзе. Адзінае, што з гэтага года фестываль унесены ў дзяржаўную праграму, афіцыйна прызнаны рашэннем нашага гарвыканкаму ад 24 снежня 2019 года.

Гэта штосьці мяняе?

Гэта шмат рэчаў мяняе. Гэта змяняе сам узровень фестываля, бо хіба што гэта ўпершыню, калі каталіцкі фестываль афіцыйна прызнаны ўладай. 

Зменіць гэта і тое, што на будучыню, маю надзею, будзем мець магчымасць вывесці яго на паветра. Як мы і планавалі першапачаткова, калі толькі ствараўся гэты фестываль, што ён будзе не ў зачыненай залі, а на паветры, і будзе гэта евангелізацыя перад усім людзей няверуючых.

Ці азначае гэта, што ён перанясецца з халоднага часу на цёплы?

Пакуль што не, будзе ў лютым. Але плануем стварыць штосьці кшталту гэтага фестываля  ў межах Дня горада. Але пакуль ідуць дамоўленасці, і дакладна гэта пакуль не вядома. 

Ці дадалося вам праз змену статуса больш арганізацыйных клопатаў?

Паперак насамрэч не так шмат, бо ёсць агульная пастанова, калі не памыляюся, ад 2007 года аб правядзенні такіх мерапрыемстваў. 

Да таго ж  горад нам вельмі дапамагае ў гэтым на сённяшні дзень

Чым дапамагае?

Напрыклад, праз гадзіну маю сустрэчу з аддзелам культуры ў справе арэнды гуку. можам узяць той, што ёсць у горада, мясцовы, і ён добрай якасці. 

А ў рэпертуар фестывалю ўмешваюцца гарадскія ўлады ці гэта цалкам на вас?

Не. Паўтаруся, у нас вельмі добрыя адносіны з горадам. Такога клопату я ніколі, колькі мы ствараем гэты фестываль, не бачыў. 

Дык раскажыце тады, хто будзе на фестывалі?

Мы не адкрываем таямніцы. Хаця ёсць розныя міфы ўжо нават. Адзін з гуртоў будзе нечаканым і адначасова вельмі высокага ўзроўню. 

Гурт будзе беларускі ці не?

Ён будзе вядомы ў Беларусі, скажу так. Хто сочыць за нашым інстаграмам ужо ведае, пра каго ідзе размова. 

Як мянялася колькасць наведвальнікаў фестываля на працягу дзевяці гадоў і якая яна зараз?

У мінулым годзе мы раздалі палтары тысячы бранзалетаў. Ведаем, што іх не хапіла. Шмат людзей прыязджае, бо гэта, можна сказаць, адзіная такая зімовая імпрэза, на якой так шмат людзей. А на першым фестывалі было каля 200 чалавек, і ніхто не верыў, што будзе больш. На сённяшні момант маем больш за сто ўдзельнікаў.

А наша каманда налічвае 38 чалавек. 

Хто гэтыя людзі?

Ёсць пяць асноўных чалавек, якія выступаюць як арганізатары. Ёсць  два гукарэжысёры, тры чалавекі, адказныя за святло, восем чалавек, якія робяць трансляцыю, каб людзі мелі магчымасць онлайн прагляду. Ёсць куратар праграмы, ёсць куратар часу нават. Ёсць куратар валанцёраў, бо каля 20 валанцёраў маем. Ёсць чалавек, які адказвае за СМІ, СММ, ён мае каманду 8 ці 9 чалавек, якія пішуць тэксты, робяць фатаздымкі, Ёсць чатыры чалавекі, якія займаюцца толькі здымкамі, яны таксама набіраюць сабе каманду.

Дарэчы, да 20 студзеня яшчэ прымаем заяўкі ад тых, хто хоча быць валанцёрам на ДДНе. Бо вельмі шмат працы, яна ўжо ідзе, а з 3 лютага будзе такой інтэнсіўнай, што мы будзем спаць па некалькі гадзінаў толькі. 

А што за “куратар часу”? 

Чалавек, які распісвае таймінг ад пачатку да заканчэння фестываля, напрыклад, уваход і выхад гурта.  А яшчэ ў нас ёсць чалавек, які адказвае за тэксты. 

 На якія яшчэ месцы тады запрашаеце валанцёраў?

Мы бяром усіх, хто жадае паслужыць, хто жадае падзяліцца сваімі талентамі. 

Фестываль “Дастукацца да нябёсаў” яшчэ не страціў свой статус моладзевага?

Не. Зразумела, што на гэты фестываль прыходзяць і людзі старэйшага ўзросту, але ў большасці ён накіраваны на моладзь. 

У гэтым годзе мы пайшлі яшчэ далей. На гэты фестываль запрасілі святароў, якія выступяць з такімі міні-казаннямі, каб гэта не быў толькі канцэрт, каб людзі пачулі і Божае слова. 

А колькі доўжыцца канцэрт?

3,5 гадзіны: з шостай да паловы дзясятай. 

Фае ў Доме культуры велізарнае, там будуць фатазоны, пазней фатаздымкі будуць даступныя ў добрай якасці ў сацсетках. Будзе таксама ў гэтым годзе акрамя кавы фуд-зона, дзе можна набыць ежу. Будуць столікі, за якімі можна проста пасядзець і паразмаўляць.

Ежа за грошы, так?

Так. Але напрыканцы фестываля мы заўсёды даем нешта салодкае, і гэта ўжо самі спансуем. У прошлым годзе такое рабілі першы раз, і гэта добра пайшло. 

Чытала, што можна замовіць сабе цішотку, такую чорную з белым надпісам…

Яна можа быць альбо чорная, альбо белая. А на самім фестывалі будуць толькі чорныя. І будзе толькі адна цытата. 

Якая?

”Ты создан Богом, а Бог создаёт только шедевры”.

А чаму надпісы толькі па-руску?

Мы маглі б зрабіць па-ангельску, бо фестываль міжнародны, але не ўсе зразумеюць, таму па-руску. Але ў наступным годзе мы ўлічым гэтую заўвагу, бо зараз ужо перарабляць шаблоны будзе не разумна. 

А колькі ўжо цішотак зрабілі?

На ўчорашні вечар было 99. На замове бачны толькі надпіс спераду, а ззаду ж яшчэ ёсць. Які - сакрэт. 

Адкуль бралі цытаты? Яны не біблейскія...

Некаторыя цытаты, напрыклад, з Шэкспіра. Калі “Радыё Марыя” хоча сабе цытату з Бібліі, можам персанальна для вас зрабіць.

Так, і на беларускай мове, калі ласка.  Ксёндз Павел, а чаму ў гэтым годзе для журналістаў на фестываль патрабуецца акрэдытацыя?

З прошлага года мы зарэгістравалі фестываль і маем аўтарскае права на яго. Сутыкаліся з тым, што некаторыя часопісы казалі, што бралі ў нас інтэрв’ю, хоць гэтага не было, а адказнасць мы потым неслі.

Таму з гэтага года будзе служба парадку, якая будзе забараняць здымкі на прафесійную відэа- і фотаапаратуру, калі няма бэйджа. На звычайны тэлефон, калі ласка. 

Які-небудзь тэлеканал будзе трансляваць фестываль, ці толькі на ю-тубе можна будзе паглядзець? 

Мы выслалі запрашэнні тэлеканалам і чакаем адказ. 

З якіх краінаў будуць госці?

На колькі я ведаю, прыедуць госці з Рыгі, з Масквы. З Германіі два чалавекі будуць. Бо людзі нам пісалі, пыталіся, таму ведаем. Яны едуць проста на фестываль, як турысты. З Германіі ў прошлым годзе дзяўчына, якая не была ў касцёле 11 год, пасля онлайн прагляду фестываля ў нядзелю пайшла на Святую Імшу. І яна зараз з мужам прылятаюць на гэты фестываль.  

Як бы вы акрэслілі асаблівасці фестываля “Дастукацца да нябёсаў”? 

Я цешуся з таго, што калісьці гэта была справа аднаго чалавека, а цяпер каманды. Не магу зараз сказаць, што я з’яўляюся арганізатарам фестываля. Шмат людзей уключаецца: і святароў, і свецкіх людзей. Цешуся тым, што гэты фестываль збірае людзей, якія жадаюць прыехаць. А так ён нічым не адрозніваецца ад іншых. 

Калі  і дзе адбудзецца фэст, ці трэба папярэдне рэгістравацца?

Папярэдняя рэгістрацыя толькі для СМІ, каб прыехаць на фестываль, паведамляць загадзя не трэба, дзверы ўсім адчыненыя. Уваход на фестываль вольны. 8 лютага ён адбудзецца ў Баранавічах у Доме культуры тэкстыльшчыкаў  на вуліцы Кірава, 62 

Калі хто не мае магчымасці даехаць, на маім ютуб канале будзе прамая трансляцыя гэтага фестываля.

У прошлым годзе нашыя бабулі сказалі: “Ксёндз, дзякуй асаблівы за караоке і магчымасць спяваць”. У гэтым годзе мы пашырылі гэтую магчымасць: будзе сем экранаў. 

Бабулі сказалі? 

Так, дзякуючы гэтым бабулям фестываль мае магчымасць быць, яны з’яўляюцца галоўнымі спонсарамі! Як бы дзіўна гэта не гучала. Мы шмат разоў звярталіся да розных спонсарскіх арганізацыяў, пісалі ў інстаграме, ці хтосьці жадае быць нашым спонсарам і дапамагчы. Але гэта не дала ніякіх плёнаў. Але гэта нас не спыніла. 

Для нас некаторыя рэчы сапраўды з’яўляюцца цудам. 

Вы, прыязджаючы на фестываль, бачыце агульную карцінку, праўда? Ніхто не бачыў, як падалі фермы са святлом, ніхто не бачыў, як за паўгадзіны да фестываля вылятала электрычная сець і палову апаратуры трэба было хуценька замяняць. 

Мяне цешыць толькі, што многіе людзі моляцца за фестываль. Калі мы напісалі, што просім аб малітве, пісалі людзі, ад якіх я не чакаў нават смс, нават адзін біскуп напісаў, што моліцца за нас. 

Так што просім аб малітве, каб нам хапіла сілаў і аб дарах для ўсёй каманды, бо людзі насамрэч робяць вялікія справы. 

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00