Кс. Андрэй Кеўліч, базуючыся на дакументах Касцёла, распавядае пра плённы ўдзел у Святой Імшы.

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis Actuosa participatio
Сапраўдны ўдзел
 Другі Ватыканскі Сабор справядліва падкрэсліў важнасць актыўнага, поўнага і плённага ўдзелу ўсяго Божага народу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі155. Зразумела, аднаўленне, здзейсненае ў мінулыя гады, паспрыяла значнаму прагрэсу, якога жадалі Айцы Сабору. Аднак мы не павінны хавацца ад таго факту, што часамі выяўляецца некаторае неразуменне, менавіта адносна сэнсу гэтага ўдзелу. Таму належыць растлумачыць, што гэтыя словы не адносяцца да простага знешняга дзеяння падчас цэлебрацыі. На самой справе актыўны ўдзел, якога жадаў Сабор, павінен быць зразуметы глыбей, каб дасягнуць большага разумення таямніцы, якая цэлебруецца, і яе сувязі са штодзённым жыццём. Надалей важнай з’яўляецца рэкамендацыя саборнай канстытуцыі «Sacrosanctum Concilium», якая заклікае вернікаў прысутнічаць на эўхарыстычнай літургіі «не ў якасці чужых ці нямых гледачоў», але ўдзельнічаць «у святым дзеянні свядома, цалкам і актыўна»156. Працягваючы разважанні, Сабор кажа, што вернікі, «сфармаваныя Божым словам, жывяцца пры стале Целам Пана; складаюць падзяку Богу; прыносяць беззаганную ахвяру не толькі праз рукі святара, але разам з ім, і вучацца ахвяроўваць сябе самых і з дня ў дзень праз заступніцтва Хрыста ўдасканальваюцца ў адзінстве з Богам і паміж сабою»157.
Разглядаючы тэму actuosa participatio, Папа Бенедыкт XVI прыпамінае аб асабістых умовах, якія кожны павінен выконваць, каб яго ўдзел быў плённым:
 Адна з іх – гэта, зразумела, дух пастаяннага навяртання, які павінен характарызаваць жыццё ўсіх вернікаў. Мы не можам чакаць актыўнага ўдзелу ў эўхарыстычнай літургіі, калі ўваходзім у яе павярхоўна, не даследаваўшы папярэдне нашае жыццё. Спрыяюць гэтай унутранай гатоўнасці, напрыклад, сканцэнтраванасць і цішыня, прынамсі на некалькі хвілінаў перад пачаткам літургіі, пост і, калі неабходна, сакрамэнтальная споведзь. Сэрца, паяднанае з Богам, з’яўляецца падрыхтаваным да сапраўднага ўдзелу. Асабліва неабходна нагадваць вернікам, што actuosa participatio у святых таямніцах не можа адбыцца, калі не будзе імкнення прымаць актыўны ўдзел у касцёльным жыцці ў яго паўнаце, што заключае ў сабе таксама місійны абавязак несці любоў Хрыста ў грамадства.
Без сумненняў, поўны ўдзел у Эўхарыстыі адбываецца тады, калі мы асабіста прыступаем да алтара, каб прыняць св. Камунію169. Аднак неабходна звярнуць увагу на тое, каб гэтае справядлівае сцвярджэнне не вяло да пэўнага аўтаматызму сярод вернікаў, быццам праз сам толькі факт знаходжання ў касцёле падчас літургіі існуе права ці магчыма абавязак прыступаць да эўхарыстычнага Стала. Нават, калі немагчыма прыступіць да сакрамэнтальнай Камуніі, удзел у св. Імшы застаецца неабходным, важным, значным і плённым. У такіх умовах добра развіваць прагненне поўнай еднасці з Хрыстом, напрыклад, праз практыку духоўнай камуніі, згаданай Янам Паўлам ІІ170 і рэкамендаванай святымі настаўнікамі духоўнага жыцця171.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем разважанне над плённым удзелам у літургіі, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00